Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін пад вартай яшчэ на два месяцы

Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін пад вартай да 27 жніўня, а праверку ў кампаніі — да 18 кастрычніка, піша жонка палітвязня Надзея Зелянкова ў фэйсбуку.

Фота з фэйсбука Надзеі Зелянковай

Фота з фэйсбука Надзеі Зелянковай

Надзея Зелянкова таксама праз фэйсбук перадала ўсім «душнае, гарачае прывітанне» ад Аляксандра:
«Тут мала што ведаеш і разумееш, але ведаю дакладна, што сяброў у мяне і добрых людзей вакол значна больш, чым я думаў і мог чакаць.
Усім вялікі дзякуй. Я вас вельмі люблю і цаню. Гэта прыносіць цяпло ў маё сэрца, хоць у СІЗА і так горача)))»
Бізнесмен, сузаснавальнік анлайн-выданняў kyky.org і «The Village-Беларусь», уладальнік агенцтва «Vondel / Hepta» і прасторы «Галерэя Ў» Аляксандр Васілевіч быў затрыманы 28 жніўня 2020 года. Чацвёртага верасня Васілевічу было прад'яўленае абвінавачанне. З-за ўзятай у адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства, на дадзены момант невядома, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса яно прад'яўлена. У якасці падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе праходзіць і жонка Васілевіча Надзея Зелянкова. Пакуль Аляксандр знаходзіўся пад вартай, 2 снежня 2020 года, у іх нарадзілася дачка Уршуля.
Адрас для лістоў Аляксандру Васілевічу: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2