Археолаг: Крыж Еўфрасінні Полацкай знаходзіцца ў Расіі

75 гадоў таму таямніча знікла галоўная сакральная каштоўнасць Беларусі — Крыж Святой Еўфрасінні Полацкай. Святыня згубілася падчас эвакуацыі ў Расею ў 1941 годзе.

kryzh0406_r8c9e.jpg


75 гадоў таму таямніча знікла галоўная сакральная каштоўнасць Беларусі – Крыж Святой Еўфрасінні Полацкай. Святыня згубілася падчас эвакуацыі ў Расею ў 1941 годзе.
Выказваліся розныя версіі, куды мог трапіць Крыж: ад калекцыйных збораў Ракфелераў і Морганаў да крамлёўскіх сховішчаў каштоўнасцяў.
Гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў лічыць, што Крыж Еўфрасінні Полацкай цэлы і знаходзіцца ў Расеі ў Троіца-Сергіевай лаўры.

Па яго словах, гэта вынікае з расповеду мітрапаліта Філарэта пра пошукі Крыві Хрыстовай для Крыжа, які ствараўся паводле Крыжа Святой Еўфрасінні. Гэты расповед прагучаў у фільме Віктара Шавялевіча.
Мітрапаліт Філарэт: У Троіца-Сергіеву лаўру з дзяржаўнага музея паступіла дошчачка, у якую ўмантаваныя часцінкі розных мошчаў. У верхняй частцы гэтай дошчачкі, гляджу і вачам не веру, напісана: Кроў Госпада.
Сяргей Тарасаў: Што гэта за дашчачка, у якую ўкладзены мошчы як у Крыжы Еўфрасінні Полацкай і Кроў Хрыстова на тым самым месцы, куды ён яе потым перамясціў. Адказ, мне здаецца, навідавоку: гэтая адзіная мажлівая дошчачка — аснова сапраўднага Крыжа Еўфрасінні Полацкай 1161 года. Іншай падобнай дошчачкі ніколі не існавала.

Крыж Еўфрасінні Полацкай быў зроблены на замову полацкай князёўны майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе. На Крыжы ёсць надпіс, што святыня не павінна пакідаць межы Полацка, а хто гэта зробіць, на тым будзе праклён.
Паводле «Нашай Нівы»