Аршанцы збіраюць подпісы супраць будаўніцтва 10-й царквы ў горадзе

У Оршы пачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва чарговай праваслаўнай царквы. Ініцыятары размясцілі свой зварот да Аршанскага райвыканкама на сайце petitions.by, паведамляе «Еўрарадыё».

Так будзе выглядаць новая царква ў Оршы / orsha.eu

Так будзе выглядаць новая царква ў Оршы / orsha.eu


Царкву плануецца пабудаваць у раёне Задняпроўе на вуліцы Язэпа Драздовіча. Як піша orsha.eu, гэта будзе ўжо пяты храм у гэтым раёне горада. А агулам на Оршу гэта будзе дзясятая праваслаўная царква.
Аўтары петыцыі лічаць, што ў горадзе дастаткова праваслаўных храмаў: "Наяўных праваслаўных храмаў у горадзе, на нашу думку, цалкам дастаткова для вернікаў. Нават падчас святочных службаў не ўсе аршанскія цэрквы добра запаўняюцца людзьмі. Такім чынам, новая царква, якую плануецца збудаваць у Оршы, мяркуем, абсалютна не патрэбная гораду".
Яны адзначаюць, што праваслаўная царква займаецца будаўніцтвам новага храма, але не аднаўляе былы базыльянскі манастыр у цэнтры горада. Гэты комплекс быў перададзены на баланс парваслаўнай царквы некалькі гадоў таму. На яго аднаўленне, па словах царкоўнага кіраўніцтва, няма фінансаў.
euroradio.fm