Асуджаны па «карагоднай справе»: Я татарын, але не дам знішчыць беларускі народ і яго культуру

46-гадовы Раман Яхін нарадзіўся ў Баку, але апошнія 30 гадоў жыве ў Беларусі, дзе стаў «сваім». Раней палітыка яго не цікавіла. Але, калі мужчына пабачыў тое, што адбылося ў Беларусі ў першыя тры дні пасля прэзідэнцкіх выбраў, проста не мог заставацца дома і пайшоў абараняць беларускі народ, распавядае «Белсат».

Раман Яхін. Фота: МХ / «Белсат»

Раман Яхін. Фота: МХ / «Белсат»

Гэта вылілася ў крымінальную справу, чатыры месяцы ў СІЗА і два гады «хатняй хіміі». Судзілі спадара Рамана ў Брэсце па так званай «карагоднай справе». Рамана Яхіна прызналі палітычным вязнем. Затрымалі мужчыну 9 лютага, за тры дні да яго дня народзінаў.

— 9 лютага мне патэлефанаваў следчы і сказаў, каб я тэрмінова прыйшоў у Следчы камітэт, з адвакатам і пашпартам. Я зразумеў, што адбываецца нешта не тое, і самыя кепскія думкі пацвердзіліся: мне змянілі меру стрымання і я апынуўся ў СІЗА. Дакладна сказаць не магу, чаму было прынята такое рашэнне, але я зразумеў, што гэта загад пракуратуры, якая нібыта даведалася, што я браў удзел у акцыі ў Мінску, — гаворыць у размове з «Белсатам» Раман Яхін.

У СІЗА № 7 мужчыну кідалі з камеры ў камеру. Спадар Раман мае інваліднасць, ён хворы на эпілепсію.

Яго адвакат пяць разоў звяртаўся з хадайніцтвам пакінуць Яхіна на свабодзе, але вязень быў вымушаны правесці чатыры месяцы ў заключэнні:

— Стаў звяртацца да дактароў і патрабаваць дапамогі, але замест гэтага пачуў ад іх, што калі я не перастану да іх звяртацца, то апынуся там, дзе апынуцца ніхто не хоча. І пагрозы былі зрэалізаваныя на практыцы: на наступны дзень мяне пасадзілі ў склеп, да гэтага ён быў зачынены, нікога там не было, я там першы апынуўся.

Раней там сядзелі людзі пасля суда, але паўгода таму там выявілі сухоты, яго зачынілі. У склепе вельмі кепскія ўмовы: усё старое, вільготнасць, нізкая столь, бетонная падлога, няма гарачай вады.

У склепе мужчына захварэў на гаймарыт, але лячыць яго ад гэтай хваробы не сталі:

— Далі толькі шэсць таблетак і сказалі, што курс лячэння я прайшоў. Я прасіў таблетак, а яны мне гаварылі, што ў іх лекаў няма, маім жа бацькам гаварылі, што я ўсім забяспечаны. Яны проста не хочуць лячыць, я да гэтага часу адчуваю наступствы той хваробы.

На гэтым выпрабаванні для палітычнага вязня не скончыліся. Да яго ў камеру пасадзілі некалькі псіхічнахворых асоб, у выніку спадар Раман паўтара тыдня не мог спаць, бо баяўся за сваё жыццё:

— Як толькі заплюшчваў вочы, адзін з іх падыходзіў да мяне, глядзеў, нешта шаптаў. Гэта спынілася пасля таго, як я на праверцы сказаў, што, калі яны не хочуць, каб нешта здарылася, няхай прыбяруць яго ад мяне.

Раман Яхін. Фота: МХ / «Белсат»

Раман Яхін. Фота: МХ / «Белсат»

У СІЗА №7 стаўленне да «палітычных» спецыфічнае: адміністрацыя робіць усё, каб «зламаць» чалавека, каб ён больш не выходзіў на пратэст. Паводле спадара Рамана, без парушэнняў нерэальна пратрымацца і тыдзень, а калі будзе каманда, то ў дзень будзе па пяць парушэнняў:

— Нельга прысесці на ложак: адразу парушэнне, калі прыляжаш, можаш паехаць у карцар, калі няголены — у карцар, любое, на іх думку, парушэнне — адразу ў карцар. Некаторыя наглядчыкі вялі сябе як звяры: стаіш — яны патрабуюць, каб сеў, сеў — пачынаюць гарлапаніць, каб устаў. Абсурдныя патрабаванні. Там амаль усё забаронена. Напрыклад, я выпраў у камеры рэчы, а сушыць мне іх нідзе нельга. Пры гэтым кажуць, што маюць пральню — 15 рублёў з камеры. Але парашку не маюць. Але нават калі быў гэты парашок, прынеслі мокрыя рэчы, а сушыць іх нельга.

Раман Яхін кажа, што стаўленне работнікаў СІЗА рознае: хто працуе даўно, ставяцца больш-менш нармальна, а вось тыя, хто прыйшоў нядаўна, да людзей ставяцца вельмі дрэнна, нахабна і дзёрзка. Брэсцкае СІЗА праз біржу працы ўвесь час шукае супрацоўнікаў. Напрыклад, ахоўніку прапануюць 950 рублёў.

— У мяне з імі быў пастаянны канфлікт. Я прасіў, каб яны звярталіся да мяне як да чалавека, а не жывёліны. Але яны ўсё роўна не разумелі: альбо яны спрабуюць так прабіцца ўверх, альбо наогул неадэкватныя, — адзначае вязень.

На палітычных вязняў увесь час ціснуць, не аддаюць лістоў і перадач.

— Інфармацыі ў людзей ніякай не было, а персанал турмы гаварыў палітычным, што сваякі і ўсе на волі ад іх адмовіліся, ніхто дапамагаць не будзе. Гэта рабілася адмыслова. Але трэба разумець, што гэта звычайныя словы, а ім веры няма, тым больш калі ты ім не верыш. З многімі яны праводзілі гутаркі на палітычныя тэмы, але яны першы час глядзяць на чалавека: калі чалавек паддаецца на гэта, то яны вядуць з ім падобныя размовы. Са мною ніякіх размоў не было. Хіба што падсаджвалі правакатараў, — згадвае Раман Яхін.

Мужчыну адмыслова не садзілі з «палітычнымі»: напэўна, каб яны не маглі абмяркоўваць навіны і падтрымліваць адно аднаго. У СІЗА Раман Яхін праз тэлевізар першы раз у жыцці пабачыў Азаронка:

— З 90-х гадоў не глядзеў беларускага тэлебачання, а ў СІЗА стаяў тэлевізар, давялося бачыць усю гэтую прапаганду. Гэта было вельмі складана, бо не мог ні з кім падзяліцца. З «палітычнымі» мяне не садзілі, а з астатнімі складана было гаварыць. Першы раз у жыцці я пачуў Азаронка, і калі пачуў — проста закрычаў: «Давайце выключым гэта!» Бо слухаць нармальнаму чалавеку гэта нельга. Калі ідуць людзі з кветачкамі, а Азаронак кажа, што гэта тэрарысты.

Але пазней не было і гэтага.

Наступіў момант, калі адключылі тэлебачанне, перасталі прыходзіць лісты, не аддавалі чэкаў, каб чалавек не бачыў, ад каго паступаюць грошы. Поўная інфармацыйная ізаляцыя.

Таксама спадар Раман адзначае, што частка крымінальнікаў супрацоўнічае з адміністрацыяй, а ўсе размовы ў камеры запісваюцца. Аднойчы мужчыну правялі да доктара, а той працытаваў словы, сказаныя вязнем у камеры. 

Раман Яхін непадалёк ад таго самага «вадамётнага» скрыжавання. Фота: МХ / «Белсат»

Раман Яхін непадалёк ад таго самага «вадамётнага» скрыжавання. Фота: МХ / «Белсат»

8 чэрвеня Рамана Яхіна асудзілі на два гады «хатняй хіміі». Мужчына ўпэўнены, што нельга здавацца, беларускі народ пераможа і будзе вольным:

— Калі здацца, то яны ператвораць нас у рабоў. Я перакананы, што беларусы не здадуцца, я ўбачыў, якія гэта моцныя людзі. Я татарын па нацыянальнасці, нарадзіўся ў Баку, жыву ў Беларусі, я ніколі не хадзіў на выбары, бо не верыў у іх. Але я ўбачыў, як людзі з’ядналіся. У гэтага народа ёсць моц і патрэба ў свабодзе. У жніўні я не мог глядзець абыякава, што адбываецца ў краіне. Я татарын, але не дам знішчыць беларускі народ, яго культуру і зямлю, бо я тут жыву і лічу Беларусь сваім домам.

Цяпер Раман Яхін вучыць беларускую мову. Пакуль яна даецца яму цяжка, алё і тут ён упэўнены: усё ўдасца.