«Банальна няма грошай». Упершыню за 18 гадоў БТ не будзе трансляваць футбольныя еўракубкі

З праграмы тэлеперадач на наступны тыдзень вынікае, што «Белтэлерадыёкампанія» не будзе трансляваць матчы групавога турніру футбольнай Лігі чэмпіёнаў — упершыню з 2003 года.

3gbj1oijptge7gnirl3gswdyokbfafy3ovxc9ybi.jpeg


Акрамя таго, у анонсе спецыялізаванага ў спорце канала «Беларусь-5» не пазначаныя трансляцыі іншых еўракубкавых спаборніцтваў — Лігі Еўропы і Лігі канферэнцый, перадае «Радыё Свабода».

«Белтэлерадыёкампанія» нязменна набывала правы на паказ матчаў Лігі чэмпіёнаў апошнія 18 гадоў, пачынаючы з сезону 2003/2004. Кіраўніцтва БТ пакуль не робіць каментароў на гэты конт, аднак адзін з супрацоўнікаў у размове са «Свабодай» сказаў, што прычына даволі банальная: няма грошай.

Акрамя таго, беларускія каманды беспаспяхова правялі адборачны цыкл, не трапілі ў лік прэтэндэнтаў на ўдзел у групавой стадыі. Паводле суразмоўцы, падобны расклад таксама паўплываў на рашэнне адмовіцца ад затратнай часткі бюджэту.

Сёлета ў жніўні скончыўся трохгадовы кантракт Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі з УЕФА на паказ клубных турніраў, які трэба было працягваць або спыніць. У 2018 годзе «Белтэлерадыёкампанія» набыла правы на трансляцыю групавых раўндаў і плэй-оф еўракубкаў тэрмінам на тры гады. Вынікі продажаў чарговага пакета павінны былі абвясціць 25 жніўня, у дзень лёсавання групавога этапа Лігі чэмпіёнаў.

Тады футбольная асацыяцыя заявіла, што адмовіліся ад падпісання дамоў пад эгідай УЕФА шэсць краін: Арменія, Ізраіль, Казахстан, Ліхтэнштэйн, Люксембург і Малдова. Для Беларусі было зроблена выключэнне: перамовы на працяг чарговага трохгадовага цыкла на некаторы час адтэрмінавалі.

Тым часам 43 краіны Еўропы ўжо анансавалі сваім гледачам атрыманне тэлеправоў на паказ футбольных турніраў.