Беларусь — сярод краін, дзе працуюць за ежу

Беларусь займае 35 месца з 40 краін Еўропы па долі выдаткаў сем'яў на прадукты харчавання. У спісе 1 месца займае краіна, дзе на прадукты траціцца менш за ўсё, а 40-е —дзе больш за ўсё, паведамляе thinktanks.by.



Фота: Ірына Арахоўская, «Белсат»

Фота: Ірына Арахоўская, «Белсат»

Эксперты агенцтва РИА “Рейтинг” падрыхтавалі рэйтынг еўрапейскіх дзяржаў па працэнтных выдатках сем'яў на прадукты харчавання. Найменшыя выдаткі на ежу — у жыхароў Люксембурга, найбольшыя — у жыхароў Казахстана. Беларусь на 35-м месцы рэйтынгу.

У Беларусі сем'і на прадукты харчавання выдаткоўваюць 35,8% свайго бюджэту. Для параўнання, у Люксембургу — 8,4%, у Нідэрландах і Вялікабрытаніі — 10,6%. Таксама менш за 12% выдаткаў накіроўваюць на ежу жыхары Ірландыі, Германіі, Фінляндыі, Аўстрыі і Нарвегіі. У цэлым, верхнюю частку рэйтынгу складаюць эканамічна развітыя заходнееўрапейскія краіны.

Самая істотная доля выдаткаў на прадукты харчавання ў спажывецкіх выдатках у грамадзян краін былога СССР і дзяржаў Усходняй Еўропы.

У аўтсайдара рэйтынгу — Казахстану — грамадзяне выдаткоўваюць на прадукты харчавання 49,4% сямейнага бюджэту.

Ва ўсіх краінах-суседзях Беларусі, акрамя Украіны, доля выдаткаў сем'яў на прадукты харчавання меншая, чым у нас. У пэўнай ступені гэты крытэр з'яўляецца паказчыкам эфектыўнасці эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца ў дзяржаве.

Летась Беларусь таксама займала 35-ы радок гэтага рэйтынгу.