Больш за 160 арганізацый з усяго свету патрабуюць спыніць рэпрэсіі супраць праваабаронцаў у Беларусі

«Мы заклікаем міжнародную супольнасць заняць непахісную пазіцыю абароны беларускай праваабарончай супольнасці і публічна запатрабаваць вызвалення ўсіх незаконна затрыманых», — гаворыцца ў звароце.

vyasna_1.jpg


Сумесная заява замежных арганізацый у падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці апублікаваная на сайце Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, перадае «Радыё Свабода».

«Мы асуджаем сістэматычныя адвольныя затрыманні, збіццё і катаванні, якія яны зазнаюць. Нягледзячы на поўнамаштабныя рэпрэсіі ўлад, беларускія праваабаронцы працягваюць барацьбу ў абарону правоў чалавека. Натхнёныя іх адвагай, мы таксама не спынімся ў нашай барацьбе за вызваленне тых з іх, хто затрыманы, пакуль яны не апынуцца на волі і не змогуць свабодна і бесперашкодна працягваць сваю праваабарончую працу», — гаворыцца ў заяве.

«Цягам апошніх дзён мы сталі сведкамі чарговай хвалі ператрусаў і затрыманняў беларускіх праваабаронцаў і актывістаў. Гэтыя рэпрэсіі, якія пачаліся з жорсткіх пераследаў мірных пратэстоўцаў пасля выбараў у жніўні 2020 года, — відавочная помста за працу грамадзянскай супольнасці дзеля выкрыцця і дакументавання парушэнняў правоў чалавека. Са жніўня 2020 года ўлады затрымалі больш за 35 000 беларусаў за ўдзел у мірных пратэстах, завялі каля 3 000 палітычна матываваных крымінальных спраў. За гэты перыяд праваабаронцы задакументавалі прынамсі 2 500 выпадкаў катаванняў. На 27 ліпеня 2021 году ў Беларусі налічваецца 586 палітычных зняволеных. Мы лічым, што гэтыя сістэматычныя і масавыя парушэнні правоў чалавека могуць прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці», — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Яны зазначаюць, што з 14 па 16 ліпеня 2021 года больш за 60 ператрусаў прайшло ў дамах і офісах беларускіх праваабарончых арганізацый і іх супрацоўнікаў, уключаючы праваабарончы цэнтр «Вясна» і дзве арганізацыі, што ўваходзяць у Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі, — «Х’юман Канстанта» і «Прававая ініцыятыва», а таксама ў Беларускім Хельсінкскім камітэце, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Цэнтры прававой трансфармацыі, «Экадоме» і ў многіх іншых.

Міжнародныя праваабаронцы падкрэсліваюць: «Вясна» — адна з асноўных беларускіх праваабарончых арганізацый, чалец сеткавых арганізацый ОМСТ і FIDH, цярпіць ад пераследу з боку ўраду Беларусі больш чым два дзесяцігоддзі.

«У жніўні 2011 году старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі па сфабрыкаванай справе і вызвалены ў чэрвені 2014 года пасля 1052 дзён адвольнага пазбаўлення волі ў жудасных умовах. У адплату за мужную працу „Вясны“ і яе непахісную пазіцыю што да правоў чалавека ўлады Беларусі спрабуюць і цяпер разбурыць арганізацыю, пасадзіўшы ў турму семярых сябраў арганізацыі, — гаворыцца ў заяве. — Важна, што ператрусы пачаліся на наступны дзень пасля прыняцця рэзалюцыі Радай правоў чалавека ААН, дзе Рада асудзіла сітуацыю ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, запатрабавала вызвалення ўсіх адвольна затрыманых, а таксама расследавання ўсіх заяў аб катаваннях і іншых парушэннях правоў чалавека».

Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый згадваюць таксама нядаўнія ператрусы ў дамах і офісах незалежных СМІ і ў дамах іх супрацоўнікаў. Яны заяўляюць:

«Мы асуджаем масавыя парушэнні правоў чалавека, якія чыняць улады Беларусі і якія могуць справакаваць яшчэ больш гвалту. Апошняя хваля рэпрэсій, разам з жорсткімі пераследамі цягам апошніх месяцаў, паказвае, што ўлады дамагаюцца, каб усе праваабаронцы або былі ў турме, або выехалі з краіны.

Выказваем салідарнасць з нашымі калегамі і сябрамі, якіх затрымалі, якія зазнаюць рэпрэсіі і пераслед за сваю адважную працу. Мы сочым за вашай барацьбой з вялікім хваляваннем і шкадаваннем і мы натхнёныя вашай рашучасцю і непахіснасцю.

Патрабуем ад улад Беларусі спыніць пераслед і запалохванні тых, хто крытыкуе рэжым, і вызваліць усіх несправядліва затрыманых праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў.

Заклікаем міжнародную супольнасць заняць непахісную пазіцыю ў абарону беларускай праваабарончай супольнасці і публічна запатрабаваць вызвалення ўсіх незаконна затрыманых, чыё адзінае злачынства — патрабаванне, каб грамадства было заснавана на справядлівасці, а не страху».