Бракуе грошай, здымаюць на камеру, раздзяваюць. Як «палітычным» ускладняюць жыццё на «хіміі»

Беларускія вязні, якія за апошні год атрымалі абмежаванне волі з палітычных прычынаў, ананімна расказалі Свабодзе, як ім абцяжарваюць жыццё на «хіміі». Кажуць, што ўсё паводле закона.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


1. Цяжка «пракарміцца», нават калі ёсць праца
Вязні на «хіміі» ўтрымліваюць сябе, гатуюць за свае грошы, у адрозненне ад закрытай калоніі. Перасылаць ім грошы або прадукты могуць толькі родныя. Але не ўсе знаходзяць сабе працу, калі адбываюць пакаранне. Да таго ж ёсць негалоснае правіла не браць на добрааплатныя, не чорнарабочыя пасады «хімікаў», як называюць асуджаных на абмежаванне волі, а асабліва – «палітычных».
За месяц працы асуджаны на «хімію» можа атрымаць усяго 150 рублёў; 600 рублёў лічыцца ўжо высокім заробкам.
«На агульным рэжыме (у калоніі. – РС) давалі бы «кармёжку», чалавек жыў бы больш спакойна, чытаў бы кнігі, паспаў. Тут у 6 ранку прачнуўся, сядзіш на зэдліку да 22:00», – абураецца вязень.
Тыя, хто не мае працы і каго не падтрымліваюць родныя, мусяць фактычна жабраваць, прасіць падзяліцца з імі іншых вязняў. Таксама ёсць варыянт «працаваць на міліцыю за крупы», «зліваць» адміністрацыі, што адбываецца ў асяроддзі асуджаных, хто як крытыкуе адміністрацыю, хто парушае рэжым. Гэта так званыя сексоты.
2. Чапляюцца да «палітычных» і «непажаданых»
Фізічныя ўмовы на «хіміі», якія датычаць рамонту кухні, прыбіральні, пакояў, абсталявання, досыць добрыя, мяркуюць вязні. Цяжэй з адносінамі, псіхалагічнай атмасферай.
Адміністрацыя ўстановы можа чапляцца да дзяжурства, прыбірання, днявальства. Такое перадузятае стаўленне заўважаюць найперш да людзей, якія праходзяць паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама да тых, хто нечым не дагадзіў адміністрацыі.
«За кожную мінімальную сітуацыю цябе могуць пакараць. Калі ты просты, няма пытанняў. Калі хтосьці спрабуе не сварыцца, хадзіць па сценцы, рабіць выгляд, што ён цень, то ў яго пытанняў нашмат менш. Калі палітычны, то табе зробяць заўвагу, што ты няголены, не так азірнуўся, да цябе будуць чапляцца, нават калі ты будзеш анёлам», – кажа адзін з суразмоўцаў.
«Начальнік на гутарках пры мне ўсміхаецца, але праз сваіх супрацоўнікаў чапляе мяне, наколькі магчыма, каб справакаваць на нервы, эмоцыі. Карае мяне чужымі рукамі, просіць, каб мяне даймалі. Прычым 50% супрацоўнікаў нармальныя, якія разумеюць сітуацыю ў краіне. Яны, можа, былі б і рады, каб усё пайшло па іншым сцэнары», – тлумачыць яшчэ адзін палітвязень.
Вязні абураюцца, што чамусьці ў адных сядзельцаў супрацоўнікі не заўважаць буйных парушэнняў, а іншых караюць нават за мінімальныя правіны.
«Несправядлівасць у тым, да якой ступені карумпаваная гэтая ўлада, як былы прэзідэнт дазволіў гэтаму ўсяму развіцца, як яны перавышаюць свае паўнамоцтвы, дзейнічаюць па ўказцы, па званку. Асабліва гэта адчуваецца да тых, хто тут непажаданы», – каментуе асуджаны.
«Палітычнага» могуць абавязаць рабіць самую брудную працу, якую раней ніхто не мусіў рабіць.
«Ганяюць, прымушаюць прыбраць кавалак гразі, які ляжаў дагэтуль, можа, 10 гадоў. У супрацоўнікаў адміністрацыі ёсць усе інструменты, каб паказаць, дзе тваё месца», – кажа вязень.
3. Штогадзіны трэба адзначацца, калі стаіш на прафілактычным уліку
Вязні расказваюць, што на «прафулік» за схільнасць да экстрэмізму або да нападу на супрацоўнікаў калоніі раней ставілі за нейкія канкрэтныя дзеянні, парушэнні. Цяпер жоўтую бірку атрымліваюць амаль аўтаматычна ўсе «палітычныя», таксама многія, хто ідзе па «наркатычным» артыкуле (артыкул 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Такі асуджаны мусіць кожную гадзіну з 10:00 да 20:00 адзначацца ў супрацоўніка «хіміі».
«Прафілактычны ўлік разбівае твой дзень на гадзіны. Некаму падабаецца, што ён трымаецца ў рытме. Але тут трэба паспець наведаць кухню, душ, туалет; выклікаюць на мерапрыемствы; можа быць асабістае жыццё. Гэта не зусім зручна», – тлумачаць вязні.
Калі спознішся адзначыцца на 5 хвілін, могуць расцаніць як парушэнне і пакараць штрафным ізалятарам.
Адзін з вязняў паскардзіўся, што захварэў, лекар яму прызначыў пасцельны рэжым, аднак яго ўсё роўна не вызвалілі ад абавязку адзначацца.
4. «Непалітычным» пагражаюць за сяброўства з «палітычнымі»
Вакол «палітычных» спрабуюць стварыць штучную ізаляцыю. За сяброўства з палітвязнямі могуць пагражаць пакараннямі або пераводам у калонію, калі ў чалавека ёсць патрэбная колькасць парушэнняў.
5. Здымаюць на відэакамеру
Адзін з відаў пакаранняў, як яго ўспрымаюць вязні, – гэта здыманне работнікамі калоніі на відэа ўсяго, што робіць чалавек.
«Ты падмятаеш, а над табой стаяць з камерай і здымаюць. Гэта не вельмі прыемна. Здымаюць, каб вывесці на правакацыю. Калі выведуць «на нервы», у іх будзе доказ: «Вось ён так сябе паводзіць!»», – расказвае адзін з палітвязняў.
6. Пагуляць «палітычныя» амаль не ходзяць
Выходзіць за межы папраўчай установы можна толькі ў суправаджэнні міліцыянтаў. Выключэнні бываюць, як кажуць вязні, толькі для сексотаў. Калі вязень не ходзіць на працу, то ён можа ўвогуле не атрымаць дазволу выйсці на вуліцу, каб нават схадзіць у краму або на пошту. Наглядчык можа адказваць, што заняты, на кожную просьбу «палітычнага» аб суправаджэнні.
«Умовы жорсткія для такога рэжыму. Выхаду адсюль нікуды няма абсалютна, каб пагуляць, у горад схадзіць. Ходзяць тыя, хто «прадаліся» за пэўныя звесткі адміністрацыі. Тут шмат «стукацтва», подласці. Тут вельмі цяжка знаходзіцца. Прыкладам, вось зараз нехта раскажа, што той хадзіў у пантофлях, а гэты гаварыў па тэлефоне, мо даваў інтэрвію», – тлумачыць адзін з суразмоўцаў.
7. Караюць паводле ўнутраных правілаў, якіх вязні не бачаць
Асуджаныя абураюцца, што ва ўстанове кіруюцца не толькі Крымінальным кодэксам або правіламі ўнутранага распарадку, але і ўнутранымі дакументамі для службовага карыстання, недасяжнымі для вязняў, таму яны не заўсёды разумеюць, за што іх караюць.
«Ты не можаш адстойваць свае правы. Калі кажаш: давайце вы таксама будзеце ўсё рабіць паводле правілаў, то гэта робіцца так, каб цябе максімальна прынізіць», – мяркуе палітвязень.
Ён прыгадвае сітуацыю, калі зрабіў заўвагу супрацоўніку, які павёў сябе некарэктна. У той жа дзень пасля вяртання з крамы яму ўчынілі надгляд, калі ён мусіў цалкам раздзецца і прысядаць.
«Але ж мы проста вяртаемся з крамы! Які надгляд? Яны кажуць, што кіруюцца правіламі для службовага карыстання, якія не могуць нам расказаць. Ты не ведаеш, што ты можаш парушыць. Ты спасылаешся на Крымінальны кодэкс, на правілы ўнутранага распарадку, але гэта не працуе, бо заўсёды знойдуцца інструкцыі да службовага карыстання і ты ніколі не маеш рацыю», – абураецца асуджаны на «хімію».
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыццё пакарання абмежаваннем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз з' явіўся ў СССР у пасляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакаранне «хіміяй» прайшоў шмат хто з беларускіх апазыцыянераў.
«Да мяне маглі прыязджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спецкамендатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі з' ездзіць да бацькоў», — згадваў Павел Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зняволення, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакаранне «абмежаваннем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцця пакарання з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.