«Было адчуванне, што граф Монтэ-Крыста сядзеў у Баранавічах» — як сямейны псіхолаг трапіла на «суткі»

Сямейны псіхолаг Святлана Дзядова адседзела 14 сутак за допіс у чаце, у якім бараніла McDonald’s на Лагойскім тракце. Святлана сядзела разам з маці Сяргея Міронава («Хлопотное дельце»), вельмі ўражаная баранавіцкай турмой і марыць пра час, калі з яе зробяць музей. Гісторыю Святланы распавяла Свабода.

dbb0d5a0_3abe_4a68_8de0_7a1626e90ecd_cx0_cy28_cw0_w1597_n_r1_st.jpg


«Забралі ноўтбукі, тэлефоны, сцягі і нават парасон»

Святлана кажа, што дагэтуль не разумее, з якой мэтай сілавікі, а 8-й раніцы 11 снежня ўварваліся ў кватэру з вобшукам. Яны настойліва званілі ў дзверы, потым пачалі грукаць і пагражаць, што ўскрыюць іх аўтагенам.
«Муж адчыніў, яго ў калідоры паклалі тварам уніз. Сказалі, што прыйшлі ў межах нейкай крымінальнай справы, не ўдакладніўшы, якой справы і якое дачыненне мы да ёй маем, у якім мы статусе.
Правялі вобшук, забралі пяць ноўтбукаў (у тым ліку і старых, якія не працуюць), два мае тэлефоны, два сцягі і два маленькія папяровыя сцяжкі на саломінках, а таксама бел-чырвона-белы парасон.
Павезлі мяне ў РУУС — пагаварыць. Са мной размаўляў следчы па крымінальных справах. Прагучала потым і на судзе, што я хавалася ў „Маку“ на Лагойскім тракце. Калі 1 лістапада падчас нядзельнага маршу пачаліся выбухі, я сапраўды туды забегла і чакала моманту, калі стане больш бяспечна, каб выйсці. Хоць я з McDonald’s пайшла не з удзельнікамі маршу, а да Цнянкі.
Я напісала ў сацыяльных сетках, што McDonald’s людзей не выганялі. Вось да гэтага і дачапіліся. Праўда, сведка казаў на судзе, што я проста стаяла хвіліны дзве ў групе пратэстоўцаў, але ніякіх лозунгаў не выкрыквала», — расказвае Святлана.
Суд Савецкага раёну прызначыў Святлане Дзядовай 14 сутак арышту паводле артыкула 23.34 — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сведку, які быў на судзе, яна потым шмат разоў бачыла на Акрэсціна — ён цікавіўся, які тэрмін далі Святлане, сустрэла яна яго і калі перавозілі яе з Акрэсціна ў Баранавічы.
«Мне і цяпер цікава, якую крымінальную справу спрабавалі мне „прышыць“, дзе цяпер наша тэхніка, на якой падставе яе забралі. Звычайна, калі даюць суткі па адміністрацыйнай справе, потым адразу ўсе гаджэты вяртаюць. І наогул шмат юрыдычных нестыковак — кватэра, у якой быў вобшук, не мая, а майго мужа, і пратакол павінен быў падпісваць муж, а не я. Муж напісаў і паслаў некуды скаргі», — кажа Святлана.
«Толькі калі выйшла на волю, зразумела, што сядзела разам з маці Сяргея «Хлопотное дельце»Больш за ўсё Святлану падчас адседкі ўразіла публіка, якая трапляе на суткі. Кантынгент вельмі розны: жанчыны ад 22 да 60. Былі і першаходкі, як Святлана Дзядова, і рэцыдывісты, як яшчэ адна Святлана.
«Толькі калі выйшла, зразумела, што сядзела з маці Сяргея Міронава, аўтара крылатага выразу „Хлопотное дельце“, яна нам пра яго не казала. У Святланы Чапурка гэта была ўжо другая адседка, спачатку 15 сутак, а потым яшчэ 12 — за бел-чырвона-белую фіранку на вакне. Але яна вельмі бадзёрая, вясёлая, дай Бог у 60 год кожнаму такой быць.
Што да астатняй публікі, то мне пастаянна траплялі то на адны суткі, то на даўжэйшы тэрмін калегі, якія маюць дачыненне да псіхалогіі. Хтосьці вучыўся на псіхолага, але не працаваў па спецыяльнасці, або, наадварот, вучыўся на некага іншага, а стаў псіхолагам. Так што было пра што пагаварыць — аўра ў камерах была амаль прафесійная. Сядзела і з дэфектолагам, некалькі сутак правяла з дзяўчатамі з мікрараёну „Каскад“, якіх пасадзілі за сцягі на вокнах. Адна айцішніца трапіла нават не за сцяг, а за „Пагоню“ ў вакне — ні на якія маршы яна не хадзіла», — з цеплынёй узгадвае таварышак па адседцы Святлана.

«З баранавіцкай турмы трэба зрабіць музей і гатэль — для тых, хто любіць трэшавы адпачынак»

Успрыманне турмы залежыць ад настрою чалавека, лічыць Святлана. Яе баранавіцкая турма вельмі ўразіла.
«Надзвычай аўтэнтычны старажытны будынак: калі заходзіш, у мяне было адчуванне, што граф Монтэ-Крыста таксама там сядзеў. Вузкі калідор, вельмі высокая столь — метры 4–5. Дзверы драўляныя звонку, уверсе паўкругам, а ўнутры яны ўжо абабітыя металам.
У мяне нават думка ўзнікала, што там трэба зрабіць музей, гатэль — для тых, хто любіць трэшавы адпачынак», — дзеліцца ўражаннямі ад будынку турмы Святлана.
Яна сядзела ў дзвюх камерах. У адной было 6 чалавек на 8 месцаў, але жанчын там пратрымалі толькі адны суткі. Другая камера была на 19 шконак.
«Шмат хто праз гэтую камеру № 95 прайшоў. Шконкі трохпавярховыя, вельмі крыва звараныя. На другім паверсе была вельмі вузкая шконка — 50 сантыметраў шырынёй. Дзяўчына, якая спала на той шконцы, жартавала: „Гэта мой „гробік““. І нават калі іншая, шырэйшая шконка вызвалілася, яна не перайшла, кажа, што там вельмі ўтульна, цёмна, як у норцы. Сцены аблупленыя, такое адчуванне, што вось-вось рухнуць. Яшчэ ўразіла, што ў гэтай камеры, старой, аўтэнтычнай — пластыкавае вакно», — узгадвае Святлана.

«У Баранавічах вельмі раздражняў брэх турэмных сабак, але кармілі добра»

Яна кажа, што калі параўнаць ІЧУ на Акрэсціна, то там драўляны насціл на нарах, і нават калі матрац дрэнны, спаць больш-менш нармальна. А на баранавіцкай шконцы насціл металічны, ногі ў яе ўсе сінія. Было вельмі цесна, нават калі прыносілі ежу, частка ела стоячы.
У камеры было вельмі душна, яе пастаянна праветрывалі, і вельмі раздражняў брэх турэмных сабак. Гарачай вады ў Баранавічах не было, але дзяўчаты прыдумалі свае лайфхакі: налівалі ваду ў бутэлькі, клалі на батарэі, вада награвалася, і яны маглі памыць галаву. Двойчы выводзілі на прагулку, адзін раз у душ звадзілі — у новы, больш прэзентабельны корпус, дзе сядзяць крымінальнікі.
Харчаванне ў Баранавічах было значна лепшае, чым на Акрэсціна, кажа Святлана.
«Я чалавек не пераборлівы. На сняданак і вячэру давалі класічную кашу. Дзякуй усім, хто перадаваў нам сухафрукты і цукаты, мы іх дадавалі ў кашу, і атрымлівалася смаката. Абеды ў Баранавічах былі нармальныя. Разнастайныя супы — боршч, гарохавы, капуста, тушаная бульба — смачна. А вось на Акрэсціна кормяць 3 разы, а піць даюць два разы, часцяком палову кубка. Кісель давалі ці на абед, ці на вячэру», — параўноўвае Святлана ўмовы ўтрымання ў сталічнай і перыферыйнай турме.

«Лісты ў турме вельмі падтрымліваюць»

Большая частка лістоў, якія пісалі Святлане, не дайшлі.
«Муж пісаў мне пра тое, як два мужыкі спраўляюцца з бытам, калі мяне няма. Можа, паленаваліся чытаць па-беларуску, але ягоныя лісты не дайшлі. Кажуць, калі шмат прыходзіць лістоў, цэнзарам проста лянота чытаць. Я як толькі трапіла ў Баранавічы, дзяўчаты далі мне канверт, і я напісала дадому. Ліст дагэтуль не дайшоў.
Я не вельмі сентыментальная. Для кагосьці ліст — вялікая радасць, а для мяне проста бонусік. Але ўсім, хто мне даслаў лісты, я напісала адказы. Лісты ў турме вельмі падтрымліваюць. Прыносяць адначасова з абедам, думаеш: ці есці, ці адказ пісаць», — узгадвае яна.
Святлана кажа, што сукамерніцам пашанцавала: ніхто не захварэў на каронавірус, хоць маці Сяргея Міронава трапіла з сімптомамі — «падчапіла» вірус у першую адседку, не адчувала пахаў.

«У мяне ўлада, і я магу рабіць усё што заўгодна», — псіхолаг пра турэмшчыкаў

Як псіхолагу Святлане цікава было назіраць за супрацоўнікамі турмаў, а іх давялося пабачыць за два тыдні нямала.
«Не факт, што гэта іх палітычныя погляды. Але адчуванне, што яны думаюць: „У мяне ўлада, і я магу рабіць усё што заўгодна“. У кагосьці гэта проста зашкальвала, у кагосьці менш, але гэта заўважна.
Толькі адзін чалавек, як мне падалося, не адчуваў асалоды ад таго, што ў яго ўлада. Розныя людзі былі, але ў Баранавічах турэмшчыкі больш чалавечныя: магчыма, раней яны не сутыкаліся з палітычнымі», — разважае псіхолаг Святлана Дзядова.
Ёй падалося, што ў Баранавічы «палітычных» ужо не будуць вазіць. Калі жанчыны з'яжджалі, у камеры заставалася адна жанчына, якой далі 23 сутак, і ёй яшчэ сядзець да 5 студзеня.