Былы следчы Юшкевіч і яшчэ 11 чалавек прызнаныя палітвязнямі

Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 12 чалавек — Сяргея Пруса, Дзмітрыя Бондарава, Дзмітрыя Сончыка, Андрэя Разуваева, Ірыну Мельхер, Антона Мельхера, галіну Дэрбыш, Сяргея Рэзановіча, Любоў Разановіч, Паўла Рэзановіча, Яўгена Юшкевіча, Яўгена Буйніцкага.

Яўген Юшкевіч 

Яўген Юшкевіч 


Яўген Юшкевіч — былы супрацоўнік Следчага камітэта, затрыманы ў красавіку. Яго абвінавачваюць па артыкулах аб тэрарызме, масавых беспарадках і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яго ўжо прызнавалі палітвязням паводле арт. 342, але ён быў вызвалены пад падпіску да затрымання ў красавіку. «Абставіны прад'яўлення новага абвінавачвання ў тэрарызме, пасля прызнання Юшкевіча палітвязнем, даюць падставы лічыць, што яго ўтрыманне пад вартай можа быць адвольным, звязаным з яго грамадскай дзейнасцю», — цытуе заяву праваабаронцаў REFORM.by.

Яўген Буйніцкі знаходзіцца пад вартай за арганізацыю незаконнага перасячэння мяжы грамадзянамі, якія ратуюцца ад пераследу.

Астатнія 10 палітвязняў абвінавачваюцца ў тэрарызме і знаходзяцца пад вартай са снежня 2020 года. Праваабаронцы адзначаюць, што як вынікае з інфармацыі ад дзяржаўных рэсурсаў, іх роля насіла эпізадычны, другарадны характар.

«У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных былі вынікам шматлікіх і паўсюдных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян», — адзначаюць праваабаронцы.

Усяго ў Беларусі ўжо больш за 800 чалавек прызнаныя палітвязнямі.