«Быў у чаце ОГСБ». Да віцябляніна прыйшоў КДБ з нагоды «тэрарызму» і выбуху на вузле сувязі ў Вілейцы

Да маладога чалавека прыйшоў КДБ з нагоды «тэрарызму» і магчымага ўдзелу ў «падрыве вузла сувязі ў Вялейцы», піша «Свабода».

Акцыя пратэсту ў Віцебску, 21 жніўня 2020 года. Ілюстрацыйнае фота.

Акцыя пратэсту ў Віцебску, 21 жніўня 2020 года. Ілюстрацыйнае фота.


31-гадовы Кірыла Бародзіч разам з грамадзянскай жонкай Станіславай Цярэнцьевай былі вымушаны ўцякаць за мяжу.

Што здарылася

Напярэдадні Дня Рэспублікі Лукашэнка заявіў, што ў краіне праведзена маштабная «антытэрарыстычная» спецаперацыя, затрымалі асоб, нібыта датычных да планаў забіць прапагандыста Азаронка і падрыхтоўкі выбуху на вузле сувязі ў Вілейцы. Пазней дзяржаўныя каналы тэлебачання распаўсюдзілі відэа з меркаваным замахам на жыццё Азаронка і людзьмі, затрыманымі за «падрыхтоўку выбуху ў Вілейцы». Былі названыя некаторыя прозвішчы, у тым ліку Аляксея Глотава, жыхара Буда-Кашалёўскага раёна. Пра яго пісала «Наша Ніва».
Акцэнт у прамове Лукашэнкі, а ўслед за ім — і ў дзяржаўных СМІ, — рабіўся на тэлеграм-чаце «ОГСБ» («Отряды гражданской самообороны»). Маўляў, адміністратар чата, грамадзянін Нямеччыны, раздаваў указанні беларусам рабіць розныя тэрарыстычныя дзеянні і дыверсіі.

Пры чым тут Кірыла Бародзіч з Віцебска

«Да мяне дахаты каля 18-й гадзіны 3 ліпеня прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Бабуля адчыніла ім дзверы, а я не паспеў выключыць кампутар і тэлефон, там быў адкрыты Telegram. Мне патлумачылі, што нейкі грамадзянін Аляксей Глотаў (я яго не ведаю, першы раз чую) даў паказанні на мяне. Што нібыта я датычны да падрыхтоўкі выбуху ў Вілейцы. Забралі ўсю тэхніку: кампутары, флэшкі, тэлефоны, — а мяне павезлі на допыт у КДБ», — расказаў «Свабодзе» Кірыла.
Яшчэ пры ператрусе забралі магніт у форме сэрца на бел-чырвона-белым фоне, вымпел з бел-чырвона-белым сцягам і дакументы, датычныя дзейнасці сяброўкі Кірыла, вядомай віцебскай актывісткі Станіславы Цярэнцьевай.
«У КДБ пыталіся, ці я быў у чаце "ОГСБ", я адказаў, што так (бо тэхніку забралі, там жа відаць, дзе я быў). Пыталіся, ці даваў мне адміністратар чата нейкія ўказанні, ці казаў рабіць схованкі, ці плаціў мне грошы, ці знаёмы я з Глотавым. Я шчыра адказаў, што я не пісаў у чат, не перапісваўся ні з кім, не атрымліваў указанняў. Быў у чаце проста дзеля інфармацыі. А калі дакладней, то для таго, каб, калі там нешта заплануюць, быць як мага далей ад таго месца. У чаце быў гармідар, там пісалі па 600 і нават па 2 тысячы паведамленняў. Я адкрываў, прагортваў і закрываў іх», — патлумачыў жыхар Віцебску.
Ён кажа, што пры ператрусе супрацоўнікі КДБ фатаграфавалі ўсе паперы, датычныя дзейнасці Станіславы.

Што цяпер

Ноччу 4 ліпеня Кірыла са Станіславай вырашылі ўцякаць з краіны. «Ехалі "на сабаках" праз Расію ва Украіну. Бо калі ты чуеш словы "тэрарызм" ці "падрыхтоўка выбухаў", то, хоць ты можаш сто разоў мець рацыю, але яе не дакажаш аніяк, калі будзеш сядзець у турме. Кірыла наогул ні ў чым такім не быў замешаны, і я здзівілася, што прыйшлі да яго, звычайна міліцыя па мяне прыходзіць», — зазначыла Станіслава.
Цяпер яны шукаюць працу ў Кіеве.