Чаму беларусы не разумеюць украінцаў?

Днямі беларускія інтэлектуалы абмяркоўвалі, што можа супрацьпаставіць культура "машынам нянавісці", якія спадарожнічаюць вайне і... ледзь не пабіліся.



1428604586_tshavchenko.jpg

Да фізічнай бойкі, вядома ж, не дайшло, але “душылі” адно аднаго аргументамі і ўласным досведам “міратворцы” самааддана. Так распачалася публічная кампанія “Зразумець Украіну”, і на фоне цяперашняй сітуацыі ў паўднёвай суседкі гэта, пагадзіцеся, выглядае сімвалічна. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” сабрала самае галоўнае з першага круглага стала, а дакладней, дыскусіі.

Пра барыкады і высокую культуру

Увогуле кампанія прысвечана пачатку “Года ўкраінскай літаратуры”, таму мадэратар і адзін з гасцей сустрэчы філосаф Ігар Бабкоў і паэт ды перакладчык Андрэй Хадановіч прыхапілі з сабой некалькі ўлюбёных украінскіх кніжак, каб пакінуць іх ва “Украінскай бібліятэчцы” кнігарні “ЛогвінаЎ”. Дарэчы, папаўняць бібліятэчку — адмысловы чамадан — можа кожны. Як і чытаць гэтыя кніжкі: трэба толькі пакінуць супрацоўніку кнігарні свае кантакты, і можна на тыдзень—два ўзяць упадабаны твор дадому.

Ідэя публічнай кампаніі паўстала як адказ на ўкраінскую сітуацыю апошніх гадоў, якая закранула ў тым ліку і інтэлектуальнае кола. “Альбо ты займаеш месца на барыкадзе і падносіш патроны, але тады ты мусіш забыць пра сябе як пра мысляра, альбо знаходзіш месца і задачу культуры ў гэтай сітуацыі вайны”, — паставіў перад прысутнымі дылему Ігар Бабкоў. На яго думку, найлепшым супрацьпастаўленем вайне з’яўляюцца літаратура і высокая культура.

Андрэй Хадановіч заўважыў, што многія беларускія аўтары (у тым ліку і ён сам) спачатку выдавалі свае кнігі ва Украіне па-ўкраінску, і толькі пасля на радзіме — па-беларуску.

“Кожны беларускі літаратар, які прыязджае ва Украіну, сустракаецца з цяплейшым і больш насычаным энтузіязмам, інтрыгамі, эйфарыяй прыёмам, чым на радзіме, — зазначыў ён. — Быць паэтам ва Украіне — непараўнальна вастрэйшы драйв, чым быць паэтам у Беларусі”.

Беларусаў, на думку Хадановіча, ва Украіне не ўспрымаюць як нешта чужароднае. Сапраўды, мы можам размаўляць кожны на сваёй мове і цудоўна разумець адзін аднаго, бо, як кажуць лінгвісты, беларуская і ўкраінская мовы толькі на 17% адрозніваюцца і на 83% супадаюць. З аднаго боку, здавалася б, навошта перакладаць тое, што і так зразумела — з беларускай на ўкраінскую і наадварот? Літаратары бачаць у гэтым своеасаблівае прызнанне ў любові суседняга народа. У той жа час, сённяшнія ўкраінцы гатовыя чытаць па-беларуску, а выдаўцы — выдаваць беларускія кнігі ў арыгінале. 

З іншага боку, існуе пэўны стэрэатып падабенства. І, можа быць, праз яго мы не імкнемся зразумець адно аднаго, не бачым адно ў адным таямніцы?

“Калі мы ў пэўнай ступені такія сабе балтацэнтрычныя славяне, то Украіна — гэта нейкія Балканы. Сяргей Жадан — такі славянскі Кустурыца. Чытаючы на ўкраінскую публіку, калі ім смешна — яны не стрымліваюцца і смяюцца. Чытаеш што-небудзь у Беларусі, часам спрабуеш пажартаваць, 15 разоў глядзіш у вочы абсалютна сур’ёзным людзям, якія вытрымліваюць позірк да канца, а потым падыходзяць і дзякуюць, як ім было неймаверна смешна”, — падзяліўся Андрэй Хадановіч.

 

Пра антысемітызм, нацыяналізм і дыктатуру

А культуролаг Юлія Чарняўская лічыць, што мы ўжо прыдумалі “сваю” Украіну, прыпісаўшы ёй рэчы, якія, магчыма, чакалі ад Расіі (а яна іх нам не дала). “Мы Украіну пастаянна ствараем як нейкую натхнёную айчыну, якую хацелі б перанесці сюды”, — пераканана Юлія Чарняўская.

Яна адзначыла, што, жывучы ва Украіне, адчувала, што яе не ўспрымаюць як “сваю”, хутчэй, “як “іншую”, да якой добра ставяцца”. Культуролаг узгадала пра габрэйскія пагромы ў Львове, заўважыўшы, што ва Украіне больш, чым у нас развіты антысемітызм, а таксама выказала думку, што “абяляць УПА, як гэта робіцца цяпер ва Украіне, не варта”.

“У мяне было адчуванне, што ў Львове гэтыя ўсе рэчы неяк зраўняліся. А ў Кіеве — наадварот, абвастрыліся”, — сказала Юлія Чарняўская, прызнаўшыся, праўда, што даўно не была ва Украіне.

“Калі параўнаць 2012 — 2013 і 2014 — 2015, то за гэтыя гады прымальнасць рускай мовы на вуліцах, у кавярнях значна большая, чым раней”, — запярэчыў культуролагу філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Цяпер, на яго думку, у Кіеве ўкраінская мова перастала быць паролем. Майдан стаў пэўнай ініцыяцыяй нацыі, калі людзі прайшлі нейкую мяжу.

“Існуе момант люстэркавай прапаганды. Я разумею, што Расія вялікая, страшная і паступіла подла. Але з іншага боку ідзе ў той жа танальнасці тая ж “аглобля”. Ці павінны быць сіметрычныя адказы?” — задалася пытаннем Юлія Чарняўская.

Завязалася спрэчка: Уладзімір Мацкевіч паспрабаваў пераканаць апанентку, што Украіна, насамрэч, адказвае не сіметрычна. Ён падмацаваў свае выказванні тым, што “ўсё бачыў на ўласныя вочы”, прызнаўшы пры гэтым, што гарачыя галовы сапраўды ёсць.

“Пакажыце хоць адзін украінскі канал, які быў бы падобны на расійскі. Вы гэтага не знойдзеце”, — звярнуў увагу філосаф і метадолаг.

Як Ігар Бабкоў ні намагаўся на правах мадэратара перавесці размову на ўзровень твораў мастацтва, якія вышэй за штодзённасць, апошняя, здаецца, усё ж завалодала свядомасцю ўдзельнікаў круглага стала і перафарматавала яго ў дыскусію.

“Я нарадзіўся з мянушкай “бандэравец”, — працягваў Уладзімір Мацкевіч, — Бо жыў у Сібіры, дзе былі розныя перасяленцы. Нас, беларусаў, усіх называлі “бандэраўцамі”. У сямейным альбоме ёсць фота маці, дзе яны з сяброўкамі ва ўкраінскіх народных строях. У іх быў украінскі хор. А чаму ўкраінскія? Таму што ўкраінцы прывезлі з сабой у ссылку народныя строі, а беларусы — не”.

Мацкевіч заўважыў, што за ўсё сваё жыццё, дзе б ні быў — у Эстоніі, Латвіі, Закарпацці — не сустракаў бытавога нацыяналізму. Юлія Чарняўская запярэчыла, што неаднаразова сутыкалася з сітуацыяй, калі ў адказ на рускую мову ў Літве маглі, напрыклад, паказаць няправільны кірунак.

Спрабуючы вярнуцца да першапачатковай ідэі кампаніі, Уладзімір Мацкевіч зазначыў, што ва Украіне пасля Майдану фактычна знікла мысленне, якое напярэдадні было вельмі актыўным.

Ледзь не адзінае, на чым сыйшліся суразмоўцы, гэта тое, што Беларусь значна больш еўрапейская, чым Украіна. Можна запярэчыць: маўляў, у нас жа дыктатура.

“Якая краіна, акрамя скандынаўскіх, пазбегла дыктатуры? Не трэба думаць, што гэта ўласцівасць нейкай нацыі ці народа. Усе гэта праходзяць, і мы пройдзем. Але што будзе потым? А вось ва Украіны шлях зусім іншы”, — перакананы Мацкевіч.

Пра гопнікаў і зялёнае святло

Юлія Чарняўская згадала ідэю Макса Шэлера аб супрацьлегласці абсалютна чыстага і слабога “духа” і цалкам прыземленага, але моцнага “парыву”.

“Калі “дух” бярэ з сабой гопнікаў, якія даюць “парыў”, ці можа “дух” спадзявацца мінімальна захавацца?” — спытала культуролаг, маючы на ўвазе падзеі, якія адбываліся на Майдане і “Правы сектар”.

“Я не бачыў гопнікаў на Майдане, — запярэчыў Мацкевіч. — Напэўна, удзельнікі “Правага сектару” не цытуюць Макса Шэлера. Але я ведаю, што ў іх шэрагах людзі, у асноўным, з узроўнем культуры і адукаванасці крыху вышэйшым за сярэдні”.

Як заўважыў Ігар Бабкоў, гутарка прывяла да таго, што ўдзельнікі занялі месцы на барыкадах адносна сітуацыі, якую дакладна ніхто з іх не ведае.

“Тое, што мы не разумеем адзін аднаго (беларусы і ўкраінцы. — ЕўраБеларусь.) пачынаецца з таго, што мы не разумеем сябе”, — падсумаваў філосаф і метадолаг. 

Самая бессэнсоўная размова беларусаў — пра Майдан і Украіну, таму што калі мы пачынаем пра гэта казаць, нас уцягвае “машына нянавісці”, перакананы Ігар Бабкоў.

“Мы сапраўды не разумеем украінцаў, — зрабіў ён выснову. — Для ўкраінцаў дзяржава — гэта “цяпер Пеця, а ўчора быў Вася”. Я сам сябе немцам адчуваю, калі пачынаю размаўляць з украінцамі і тлумачыць ім, што дзяржава пачынаецца з тупога перахода вуліцы на зялёнае святло”.

Відаць, мае рацыю Андрэй Хадановіч, гаворачы, што застацца чалавекам і спыніць нянавісць немагчыма — гэта кругазварот памнажэння нянавісці ў прыродзе. Але ўсё ж хаця б паспрабаваць зразумець суседа (і пры гэтым найперш — сябе) варта. Цягам кампаніі яшчэ будзе шмат магчымасцяў для гэтага: арганізатары абяцаюць дыскусіі, кінапрагляды, прэзентацыі кніг і сустрэчы з аўтарамі. Сачыце за абвесткамі.

eurobelarus.info