Чацвёра асуджаных за гвалт супраць міліцыянтаў прызнаны палітвязнямі

Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ чатырох чалавек: Уладзіміра Жука, Аляксея Шчытнікава, Аляксандра Зайкоўскага і Арцёма Саковіча. Яны былі асуджаныя па артыкулах, звязаных з ужываннем гвалту ці супраціве з ужываннем гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі.

photo_2021_09_14_20_22_20__2_.jpg


Уладзімір Жук — пенсіянер, былы кіроўца Жлобінскага РАУС. Яго затрымалі 26 траўня 2021 года за ўдзел у масавых беспарадках, 28 траўня ўзялі пад варту.


Уладзіміра Жука абвінавацілі ў тым, што ён з'яўляўся арганізатарам і ўдзельнікам масавых беспарадкаў у Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 гожа: стаяў у счэпцы, перакрываў рух транспарту і аказваў супраціў. Згодна з абвінавачаннем, ён таксама ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення.
Жук не прызнаў віну. З усіх прад'яўленых абвінавачанняў ён прызнаў толькі тое, што ў гэты час знаходзіўся ў пазначаным месцы і стаяў у счэпцы. На пытанне, ці мог ён сысці адтуль, мужчына адказаў, што мог бы зрабіць гэта, але яму «было сорамна як мужыку» — што людзі падумаюць пра яго, нібыта ён спужаўся і баязлівец. Таму Уладзімір па-мужчынску не сышоў.

27 жніўня яго асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Аляксея Шчытнікава абвінавацілі ў наўмысным наездзе на службовы аўтамабіль ДАІ Мінска і яго пашкоджанні 12 верасня мінулага года.


Як адзначаў Шчытнікаў падчас працэсу, ён ненаўмысна наехаў на аўтамабіль ДАІ, гэта адбылося пасля таго як закрычала яго жонка, якая сядзела побач: яна ўбачыла, як збіваюць чалавека каля дарогі. Ад нечаканасці кіроўца «Nissan» наехаў на аўтамабіль ДАІ.
Шчытнікава пасля затрымалі і, паводле яго слоў, збілі ў Маскоўскім РУУС, з чэрапна-мазгавой траўмай яго даставілі ў ізалятар на Акрэсціна.
7 верасня 49-гадовага Аляксея Шчытнікава асудзілі на пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Аляксандра Зайкоўскага абвінавацілі ў тым, што 12 кастрычніка 2020 года прыкладна а 21-й гадзіне Зайкоўскі ў стане алкагольнага ап’янення на праспекце Дзяржынскага з іншымі неўстаноўленымі асобамі аказваў супраціўленне работнікам міліцыі, пагражаў ім прымяненнем гвалту, кінуў у бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх.



Чацвёра амапаўцаў заявілі, што перажылі стрэс ад звону разбітага келіха.
7 верасня Аляксандра Зайкоўскага асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Арцёма Саковіча абвінавацілі ў тым, што ён знаходзіўся ў раёне правядзення пратэставых акцый. Ён быў затрыманы на наступны дзень у групе людзей, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да вырабу "кактэйляў Молатава", пры гэтым удзел Саковіча ў дзеяннях па іх вырабе і намер пераносіць і ўжываць гэтыя рэчывы не былі даказаныя ў судзе.
10 верасня яго асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.