«Чужых дзяцей не бывае». Хто дапамагае асуджаным сіротам, якіх дзяржава пазбавіла ўсіх гарантый

Актывісткі ініцыятывы «Дзеці-328» (маці, чыіх непаўналетніх дзяцей асудзілі па «наркатычным» артыкуле 328) аказваюць дапамогу не толькі сваім дзецям, але і асуджаным па 328-м артыкуле сіротам. «Чужых дзяцей не бывае», — гавораць жанчыны, якія на валанцёрскіх пачатках вядуць з імі перапіску, дапамагаюць складаць заявы ў дзяржорганы, адпраўляюць бандэролі з рэчамі і медыкаментамі, пераводзяць грошы. Бо гэтыя дзеці аказаліся ў зняволенні без аніякай падтрымкі і правоў.



Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Родненькі, не бойся, мы побач, ты не адзін»


Афіцыйнай статыстыкі па колькасці сірот, асуджаных за наркотыкі, няма, але ініцыятыва «Дзеці-328» вядзе сваю ўласную. Паводле яе, на сённяшні дзень у Беларусі ў зняволенні па артыкуле 328 знаходзяцца 9 непаўналетніх сірот.
У працэсе перапіскі рана ці позна некаторыя рабяты пытаюцца, ці хачу я ведаць іх лёс. Я вельмі асцярожна адказваю, што мне ўсё цікава, але сама ніколі пра гэта не пытаю. Не кожны хоча зноўку перажываць гэтыя жахі, а часам рабяты проста саромеюцца распавядаць, як іх кідалі і здраджвалі ім. Гэтая горкая праўда не для слабанервовых. Я не магу даводзіць да агульнага ведама падрабязнасці нават не называючы імёнаў, таму што дзеці адкрылі мне душу і даверылі свае страшныя таямніцы, — распавядае «Новаму Часу» адна з маці ініцыятывы «Дзеці-328». — У цэлым не ад добрага жыцця гэтыя хлопцы спатыкнуліся — і, часцей за ўсё, за кампанію. Амаль ва ўсіх мне вядомых выпадках непаўналетнія сіроты знаходзіліся пад апекай, але пасля таго, як дзеці здзяйснялі правапарушэнне, апекуны адмаўляліся ад іх. Уявіць складана, як перажыць такую здраду на фоне перспектывы правесці бліжэйшыя гадоў 10 за кратамі без дапамогі і падтрымкі. Хлопцы заставаліся сам-насам са сваім горам. Увесь гэты страшны шлях: СІЗА, следства, этапы, суд, прысуд — усё ў адзіночку. Мы знаходзім гэтых сірот ужо ў папраўчых калоніях, калі чыйсьці сын раскажа маме, што ёсць у атрадзе сірата, якога з волі ніхто «не грэе».
Суразмоўца гаворыць, што ведае толькі адзін выпадак, калі яшчэ на момант вынясення прысуду сірату-дзетдомаўца адшукалі былыя педагогі з дапамогай «сарафаннага радыё» і сталі яго падтрымліваць.
— Гэтыя святыя жанчыны, абцяжараныя штодзённымі клопатамі выхавальнікаў, не шкадуючы часу і сіл, узялі на сябе клопат аб гэтым дзіцяці: спатканні, перадачы, перапіска. «Родненькі, не бойся, мы побач, ты не адзін». Бо так важная менавіта псіхалагічная падтрымка, магчымасць падзяліць сваё гора. Як правіла, нашы сіроты-зняволеныя саромеюцца прымаць матэрыяльную дапамогу, яны прывыклі па жыцці быць самастойнымі і вельмі бянтэжацца, калі пытаеш: «Што я магу для цябе зрабіць? Чым магу дапамагчы?» Хлопцы баяцца спалохаць сваімі патрэбамі і праблемамі. «Цётачка, міленькая, нічога не трэба, толькі пішы». Так, перапіска — гэта наша ўсё. Колькі шчасця ў кожным слове, колькі невыдаткаванай пяшчоты! Калі хлопцы атрымліваюць ліст у калоніі, яны адчуваюць столькі радасці і гонару! Ён сірата, і ён камусьці патрэбны! Калі ў лісце чытаеш «цётка Лена» (імя змененае. — НЧ.) або зварот з іменем па бацьку — хто як звяртаецца, — але я разумею, што гучыць простае, многім звыклае з дзяцінства «МАМА». Мама, якая любіць без умоў, любіць і хворага, і здаровага, з праблемамі і без, клапоціцца, перажывае, моліцца і чакае. Мы не можам усынавіць гэтых хлопцаў, яны ўжо мужчыны, але мы ставімся да іх як да сваіх сыноў, таму што для сапраўднай маці чужых дзяцей не бывае.

Без акалічнасцей і сапраўдных імёнаў жанчына распавядае пра лёсы некаторых сірот, якія апынуліся за кратамі.
Леаніду на момант затрымання было 17 гадоў, ён вучыўся ў дзяржаўным прафесійным політэхнічным ліцэі. Пры затрыманні да яго былі ўжытыя кайданкі, міліцыя збіла яго, ён атрымаў фізічныя пашкоджанні на першым допыце, на якім у яго адсутнічаў адвакат. З-за патрапляння пад варту Леанід не змог скончыць адукацыю — дзяржава парушыла яго права на атрыманне адукацыі. Мае сур'ёзнае захворванне, патрэбу ў лячэнні і рэабілітацыі. Пры вынясенні прысуду суд не прыняў да ўвагі статус сіраты і дыягназ. У калоніі стан здароўя стаў пагаршацца. Маці-328 з дапамогай неаднаразовых зваротаў пры ўдзеле ДВП у 2020 годзе атрымалася арганізаваць агляд у рэспубліканскай бальніцы для зняволеных. Летась яму скарацілі тэрмін на 1 год — але хлопец усё роўна прабудзе ў зняволенні 9 гадоў.
У Мікіты маці памерла ў 2005 годзе, калі яму было 7 гадоў. Бацька пайшоў з жыцця праз чатыры гады пасля маці. У хлопца не засталося ні аднаго блізкага сваяка. У 2016 годзе быў затрыманы. Суд па яго справе адбыўся ў 2017 годзе. Хлопец быў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі па ч. 4 арт. 328. У 2020 годзе была пададзеная наглядная скарга ў Вярхоўны суд. Пасля гэтага прысуд Мікіту змякчылі — зараз ён асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі.

Алег і Уладзімір знаходзяцца ў выхаваўчай калоніі. Алег асуджаны да зняволення па ч. 4 арт. 328, Уладзімір адбывае пакаранне па ч. 3 арт. 328, яго тэрмін — 9 гадоў пазбаўлення волі. У 2019 годзе два атрады ў калоніі з трох былі сфармаваныя з юнакоў, якія сядзяць па артыкуле 328. На прыём ежы хлапчукам адводзіцца чатыры хвіліны, кожнаму з іх дадзены толькі адзін камплект адзення. А акрамя вучобы, падлеткі здабываюць рукамі дрот з гумы — за гэта юным зняволеным плацілі аб 2 да 5 рублёў у месяц у 2019 годзе.
Як складваецца лёс сірот пасля вызвалення, залежыць ад асяроддзя, куды вярнуўся чалавек, і ад падтрымкі.
Пытанне рэсацыялізацыі — гэта асобная тэма. Вельмі прыемна, што ёсць людзі, якія актыўна ў гэтым прымаюць удзел і ўсяляк спрыяюць развіццю гэтай праграмы ў нашай краіне. У дадзены момант на нашых вачах адбываецца станаўленне асобы, адраджэнне чалавека, які ўжо некалькі разоў адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. І так склалася, што менавіта цяпер яму рэальна працягнулі руку дапамогі, аказалі матэрыяльную і псіхалагічную падтрымку. Складана, але крок за крокам, прыступка за прыступкай, адбываецца цуд. Валанцёрская праца знайшла вялікі водгук у душы гэтага чалавека. Разумееце, дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі людзям, неразбэшчаным увагай і клопатам, — гэта велізарны стымул для іх. Узнікае жаданне хутчэй стаць на ногі, дамагчыся поспеху і аднойчы таксама вось так дапамагчы незнаёмаму чалавеку, даўшы яму шанец.


За кратамі сіроты пазбаўленыя ўсіх правоў

Нягледзячы на шматлікія льготы і гарантыі па сацыяльнай абароне для сірот, прадугледжаныя заканадаўствам, як толькі такое дзіця трапляе ў катэгорыю тых, хто спатыкнуўся, усе гэтыя правы аўтаматычна перастаюць дзейнічаць. Нават падчас вынясення прысуду статус сіраты не з'яўляецца змякчальнай акалічнасцю. Далей ужо асуджаны абавязаны аплаціць судовыя выдаткі. У абсалютнай большасці выпадкаў сіраце няма дзе ўзяць на гэта грошы. А асуджаны, які не пагасіў судовыя выдаткі, пазбаўлены права на амністыю.Акрамя агульных праблем, звязаных з утрыманнем у месцах пазбаўлення волі, у сірот замест прывілеяў, наадварот, суцэльныя абмежаванні. Паколькі спатканні, перадачы і медыцынскія бандэролі дазволеныя толькі блізкім сваякам (якіх у сірот няма), атрымліваецца, магчымасць аказання дапамогі сіраце выключаная. Таму нават калі знаходзяцца неабыякавыя грамадзяне, гатовыя дасылаць асуджаным сіротам адзенне, прадукты, медыкаменты, прыязджаць на спатканні з мэтай зносін і падтрымкі, гэта наўпрост забаронена. З улікам утрымання ў месцах пазбаўлення волі, выжыць без падтрымкі практычна немагчыма.

Сіроты, узятыя пад варту ў непаўналетнім узросце, нават пры наяўнасці жылплошчы не паспяваюць увайсці ў права ўласнасці, бо па законе гэта магчыма толькі на момант паўналецця. Для здзяйснення гэтай працэдуры ва ўмовах знаходжання ў месцах зняволення патрабуецца, па-першае, блізкі сваяк, які гатовы гэтым пытаннем займацца, па-другое — матэрыяльныя сродкі для аплаты працы натарыуса. Зноў замкнёнае кола.
Яшчэ адзін важны момант тычыцца аплаты камунальных паслуг наяўнай у сіраты жылплошчы на ​​правах уласніка. Асуджаны на доўгі тэрмін сірата не мае магчымасці аплачваць камунальныя паслугі па месцы прапіскі, такім чынам, у пэўны момант ён аўтаматычна пазбаўляецца свайго жылля за камунальныя даўгі. Няма жылля, а камунальныя даўгі ўсё роўна застаюцца. Больш за тое, гэтыя дзеці, не маючы ніякага жылля на момант вызвалення з месцаў пазбаўлення волі, афіцыйна набываюць статус «без пэўнага месца жыхарства», а гэты факт сур'ёзна ўскладняе працэс рэсацыялізацыі чалавека.

Сіраце забаранілі прымаць грошы ад «палітычнай арганізацыі»

Часам чужыя неабыякавыя людзі становяцца для асуджаных сірот той апорай, якая дапамагае дажыць да свабоды.
«Суровасць пакарання па 328, абцяжараная наступнымі бытавымі, матэрыяльнымі і псіхалагічнымі праблемамі ў месцах пазбаўлення волі, асабліва ў сірот, на наш погляд, не нясе ніякай выхаваўчай ідэі. Такі падыход вядзе толькі да разбурэння і дэградацыі асоб асуджаных. А гэтым людзям трэба будзе выйсці на свабоду і ўліцца ў соцыум», — мяркуюць актывісткі ініцыятывы «Дзеці-328».
Праблемай зняволеных сірот яны займаюцца ўжо каля трох гадоў.
Гэта каласальная праца. Сустрэчы з чыноўнікамі, хаджэнні з ініцыятывамі і зваротамі па інстанцыях і кабінетах. Кансультацыі з кампетэнтнымі асобамі па пытаннях жылля і сацыяльнай абароны. Дапамагаем дзецям складаць звароты ў выканкамы, каб асуджанаму сіраце ў будучыні не страціць магчымасць атрымання сацыяльнага жылля, і іншае, — распавядае адна з актывістак ініцыятывы «Дзеці-328».
На меркаванне начальніка калоніі для асуджаных сірот могуць быць дазволены рэжымныя бандэролі, перадачы і нават кароткатэрміновае спатканне, а гэта прадугледжвае сур'ёзныя матэрыяльныя выдаткі.
— Пакуль, на жаль, нам не ўдалося дамагчыся спаткання з сіратой, начальнік калоніі адмаўляе, спасылаючыся на арт.83, у якім гаворыцца «на меркаванне начальніка калоніі». Аднак гэты артыкул утрымлівае фармулёўку «іншыя асобы», да якіх адносіцца любы грамадзянін. Таму нам не зразумелая адмова. Мы лічым, што кароткатэрміновае спатканне — варыянт наладжвання сацыяльных сувязей, якія так неабходныя чалавеку.
Суразмоўца працягвае:
Кожны месяц нашым сіротам пераводзім грошы на рахунак са сваіх асабістых сродкаў. Перапіска, віншаванні з святамі. Па ходзе перапіскі усплываюць такія падрабязнасці, як пазыкі ў сіраты па судовых пазовах, судовых выдатках, камунальныя даўгі. І вось тут пачынаем нітку да ніткі збіраць сродкі, каб кампенсаваць рабятам іх «хвасты» і вырашаць іх праблемы. Канкрэтны прыклад: хлопец застаўся без падтрымкі сваякоў — адвярнуліся. Судовыя выдаткі былі не пагашаныя, па гэтай прычыне адной амністыяй-2019 (мінус 2 гады) ён не змог скарыстацца. Затым дапамаглі сабраць грошы на пагашэнне доўгу, і другую амністыю-2020 ужылі (мінус год). Таксама сабралі іншаму сіраце сродкі і пагасілі камунальны доўг. І ўсё гэта ва ўмовах уласных матэрыяльных праблем і недахопу часу на рашэнне асабістых пытанняў, — гаворыць жанчына.
Але не так даўно адбыўся выпадак, калі сіраце забаранілі ў нейкі момант атрымліваць матэрыяльную дапамогу ад актывістак ініцыятывы «Дзеці-328».
Адной нашай маме паступіў званок з калоніі, ёй паведамілі прычыну: «Дзеці-328» — палітычная арганізацыя. Прыкладна так.

Акрамя арганізацыі «Дзеці-328» за правы асуджаных па арт. 328 змагаецца яшчэ адна грамадзянская ініцыятыва — «Матчын рух-328», якая таксама дапамагае сіротам. На жаль, на ўзроўні дзяржавы гэтая праблема не вырашаецца.
На адной сустрэчы прагучала меркаванне, што наўрад ці грамадства зразумее і прыме нашы ініцыятывы на дзяржаўным узроўні, бо гэта для нас яны няшчасныя, а для большасці гэтыя дзеці — проста малалетнія злачынцы, — зазначае актывістка.

Што трэба зрабіць, каб сітуацыя змянілася  

Тым не менш ініцыятыва «Дзеці-328» працягвае падтрымліваць зняволеных сірот. Яе ўдзельнікі распрацавалі шэраг прапаноў, якія дапамогуць змяніць сітуацыю з імі ў лепшы бок. Вось гэтыя прапановы:
1) Пры вынясенні прысуду ўлічваць статус дзіцяці-сіраты і выкарыстоўваць гэты факт як змякчальную акалічнасць.
2) Вызваліць сірот ад выплаты судовых спагнанняў і судовых выдаткаў. Аказваць бясплатную юрыдычную дапамогу.
3) Стварыць дзяржаўныя фонды дапамогі зняволеным сіротам і маламаёмасным. Зняць існуючыя абмежаванні па магчымасці ажыццяўлення дапамогі асуджаным сіротам.
4) Гарантаваць прадастаўленне прыдатнага для пражывання льготнага сацыяльнага жылля для сірот наогул і для сірот, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі.
5) Вызваліць асуджаных сірот ад выплаты камунальных паслуг па месцы прапіскі на час знаходжання ў месцах пазбаўлення волі.
6) Спрасціць працэдуру ўваходжання ў правы спадчыны сірот, якія дасягнулі паўналецця і адбываюць пакаранне. Абараніць іх правы на спадчыну. Аказваць бясплатную юрыдычную і натарыяльную падтрымку.
7) Вызваліць асуджаных сірот ад выплаты камунальных паслуг за пражыванне ў папраўчых установах адкрытага тыпу падчас адбыцця пакарання.
8) Прадастаўляць годнае працаўладкаванне ў сэнсе ўмоў працы і заработнай платы падчас адбыцця пакарання. Гарантаваць наступнае працаўладкаванне на волі.
9) Ажыццяўляць матэрыяльную падтрымку сіротам, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, у рамках праграмы рэсацыялізацыі асуджаных.
Ініцыятыва «Дзеці-328» ужо вырашае шмат пытанняў, і яе актывісты вельмі спадзяюцца дагрукацца да людзей, ад рашэнняў якіх залежаць лёсы гэтых дзяцей-сірот. Суполка будзе рада любой дапамозе. Калі вы хочаце дапамагчы, можаце звярнуцца ў рэдакцыю па кантактную інфармацыю.