Чыноўнікі прыдумалі, як заканадаўча «замацаваць статус» Усебеларускага народнага сходу

Чыноўнікі маюць намер на заканадаўчым узроўні замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу. Для гэтага хочуць унесці змены ў заканадаўства аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах. Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў пачатку снежня мінулага года заявіў, што Усебеларускі народны сход, на яго думку, трэба зрабіць канстытуцыйным органам.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Змены з улікам практыкаўжывання маюць намер унесці ў Закон ад 12 ліпеня 2000 г. № 411-З «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год. Новаўвядзенні маюць намер падрыхтаваць да лістапада гэтага года, а ў сакавіку 2022-га прадставіць на разгляд парламенту.
У абгрунтаванні да плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год (яно ёсць у распараджэнні рэдакцыі tut.by) паказана, што ўнясенне зменаў «абумоўлена неабходнасцю ўзмацнення аўтарытэту такога важнейшага грамадскага інстытута ў абмеркаванні пытанняў рэспубліканскага значэння, як Усебеларускі народны сход, якое з'яўляецца разнавіднасцю рэспубліканскага сходу».
«Уяўляецца апраўданым замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу. Таксама неабходна пералічыць у законе канкрэтныя пытанні, якія разглядаюцца на Усебеларускім народным сходзе, вызначыць юрыдычную сілу рашэнняў, што ім прымаюцца, перыядычнасць правядзення, а таксама ўдакладніць ключавыя пытанні яго арганізацыі і правядзення», — гаворыцца ў абгрунтаванні да плана падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год.
Чыноўнікі лічаць, што прыняцце закона «будзе садзейнічаць узмацненню ролі грамадзян у рэалізацыі імі канстытуцыйнага права на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў».

Што казалі чыноўнікі і эксперты наконт ідэі ператварыць УНС у канстытуцыйны орган

У пачатку снежня мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Усебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам. Ён прапанаваў абіраць дэлегатаў на Усебеларускі народны сход на пяцігадовы тэрмін. Працаваць яны будуць на грамадскіх пачатках. Пры гэтым іх ролю і статус значна падвысяць: ім будуць падсправаздачныя кіраўнікі парламента, міністры і губернатары.
Эксперты, каментуючы гэтую заяву Лукашэнкі, выказвалі версіі, што, да прыкладу, «фіктыўнаму органу, які радзей збіраецца і больш кантраляваны, хочуць даць больш «істотныя паўнамоцтвы». Было таксама меркаванне, што Усебеларускі народны сход (аналаг з'езда КПСС) могуць прапісаць у Канстытуцыі як орган, які вызначае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, а яго Прэзідыум (аналаг Палітбюро ЦК КПСС) — як кіруючы дзяржаўны орган у перыяд паміж з'ездамі. А Лукашэнка, адпаведна, можа стаць кіраўніком Прэзідыума.
Раней паведамлялася, што ў гэты раз на «народным вечы» будуць прадстаўлены канстытуцыйныя змены. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў: адрозненне маючага адбыцца народнага сходу ад папярэдніх заключаецца ў тым, што на яго будуць выносіцца не толькі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, але і грамадска-палітычнага развіцця Беларусі.
УНС, як плануецца, пройдзе 11-12 лютага.
tut.by