Дачка палітвязня Рыгора Кастусёва: Бацька мае патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі

Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву, які ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ, неабходная шпіталізацыя, паведаміла яго дачка Кацярына. 27 ліпеня палітыка наведала адвакатка.

Стан здароўя 64-гадовага Рыгора Кастусёва пагоршыўся. 24 ліпеня яму выклікалі ў СІЗА хуткую дапамогу, піша «БелаПАН».

З 2 па 14 ліпеня ён ужо праходзіў абследаванне і курс тэрапіі ў турэмным шпіталі СІЗА №1 Мінска. Сюды ён трапіў у экстраным парадку з адышкай, ацёкамі канечнасцей, праблемамі з сэрцам і ціскам, зблытанай свядомасцю. Такі стан быў звязаны са спякотай, вільготнасцю і дрэннай вентыляцыяй у камеры.

Раней сям’я выказвала асцярогу, што вяртанне ў «невыносныя ўмовы» СІЗА КДБ пагоршыць яго стан. Аднак следства вырашыла зноў пасадзіць зняволенага за краты.

«Медыкаменты, якія даюць лекары ў СІЗА, бацьку не дапамагаюць, яму становіцца толькі горш, — расказала Кацярына Кастусёва. — Паводле апошніх аналізаў, наогул падазрэнне на анказахворванне. Тэрмінова патрэбная біяпсія, але яго трымаюць у камеры».

27 ліпеня адвакатка Інэса Аленская падала ў следчыя органы яшчэ адно хадайніцтва аб шпіталізацыі падабароннага. Папярэдняе было ў чэрвені, яго не задаволілі.

«Я кансультавалася з лекарамі і, паводле іх слоў, без аператыўнага ўмяшання, хутчэй за ўсё, ужо не абысціся. Сёння планую накіраваць яшчэ адзін запыт на інфармацыю аб стане здароўя таты», — дадала Кацярына.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове, пасля чаго даставілі ў КДБ. Неўзабаве Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей. У гэтым пераліку таксама фігуравалі палітолаг Аляксандр Фядута і юрыст Юрась Зянковіч, іх затрымалі ў Маскве. Пазней кампанію ім склалі эксперткі Валерыя Касцюгова і Таццяна Кузіна.

Усім прад’яўленыя абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле «Свабоды».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: