«Дамашак» не будзе? Айчынныя медыкі раюць адмовіцца ад хатніх заданняў у школах

Міністэрства адукацыі Беларусі павінна задумацца над аптымізацыяй адукацыйнага працэсу ў школах, каб у будучыні адмовіцца ад хатніх заданняў для вучняў. Пра гэта заявіла загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» Ала Малахава ў сераду на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



shkolnik1.jpg

«Хацелася б, каб адмову ад хатніх заданняў для міністэрства адукацыі было б адной з першачарговых задач», — сказала Малахава.

Паводле яе слоў, неабходнасць адмены хатніх заданняў у школах выкліканая празмернай загружанасцю навучэнцаў, асабліва ў старэйшых класах.

«У старэйшых класах дзеці займаюцца да 3-4 гадзін дня, на хатняе заданне па нормах адведзена яшчэ прыкладна 2,5 гадзіны — гэта шмат. У дзіцяці недастаткова часу, каб заняцца фізічнай культурай і іншымі цікавымі справамі», — адзначыла Малахава, якую цытуе Interfax.by.

Спецыяліст лічыць, што знізіць нагрузку без шкоды для ведаў можна за кошт павышэння эфектыўнасці адукацыі, якое дасягаецца ў тым ліку за кошт развіцця сродкаў навучання і адукацыйных методык.

«Мы лічым, што дзеці павінны не проста адседжваць 6-7 гадзін у школе. Дзіця павінна атрымліваць максімальную колькасць інфармацыі менавіта на ўроку», — падкрэсліла Малахава.