Жонка палітвязня: «Мне ўвесь час сняцца сны, што ён ужо дома»

Нават не верыцца, што гэтая прыгожая дзяўчына столькі вытрымала за апошнія пяць месяцаў. Наталля расказвае пра свайго Віцю — і яе вочы свецяцца. «Гэта ўсё даецца нам не проста так, і мы абавязкова справімся, — кажа дзяўчына. — У нас яшчэ ўсё жыццё будзе наперадзе».

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__9__logo.jpg

Наталля — жонка палітвязня Віктара Барушкі, якому 30 сакавіка спаўняецца 33 гады. Віктара брутальна затрымалі 18 кастрычніка ля велазавода. Амапавец збіў яго з ног — і, падаючы, Віктар зламаў нагу другому амапаўцу. І, хоць у судзе не прагучала аніводнага доказу віны Віктара, Марына Запаснік прысудзіла Барушку 5 гадоў узмоцненага рэжыму за нібыта «наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання ў дачыненні да асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёй службовай дзейнасці».
Калі Віктар расказваў на судзе пра тое, што з ім было пасля затрымання, плакалі ўсе, хто знаходзіўся ў зале. У бацькі падсуднага вырваўся вокліч болю. Як вытрымала гэта Наталля, цяжка сказаць. Перад судом на нервовай глебе ў яе пачаліся спазмы цагліц. Ніякія лекі не дапамагалі. І толькі праца з псіхолагам хоць троху дала сілы. А яшчэ — каханне. Каханне і сёння дае ёй моц вытрымаць усё і дачакацца свайго Віцю.

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__8__logo.jpg


— Мне ўвесь час сняцца сны, што ён ужо дома. Звоніць мне і кажа: «Паехалі дадому». Я прыходжу дахаты, а ён сядзіць на канапе. Ці заходзіць у дзверы і кажа: «Я дома». Ці вось нядаўна прыснілася, што ён мне звоніць з дому, а я якраз прыгатавала труса. Кажу яму: «Пачакай, зараз прыбягу дахаты цябе пакармлю». Прыбегла, пачала разаграваць, але пакарміць не паспела. Разбудзіў званок. Напэўна, гэта таму, што ўвесь час пра яго думаю, у думках з ім размаўляю і чакаю.


Яшчэ да суда думала, што ён можа вярнуцца. Чакала, што патэлефануе яго брат і скажа: «Наташа, вязу Віцю дахаты». Пасля суда прыйшло спусташэнне, быў нейкі ступар. Не хацелася ва ўсё гэта верыць… Думала, як ім спіцца па начах? Але справядлівасць будзе, у гэта я дакладна веру.

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__3__logo.jpg


Яго вельмі чакае наш трохгадовы Дзяніс. Ён увесь час пытаецца, калі тата прыйдзе. Я сказала сыну, што тата ў лякарні. Каб ён паверыў, нават давялося паказаць фота з бальніцы, дзе Віктар быў амаль два тыдні пасля жорсткага збіцця. Дзяніс тады сказаў: «Давай лепш мы паедзем туды, мне зробяць укол, а тату выпусцяць». Ён вельмі чакае тату, каб пайсці на мост глядзець на цягнікі. Яны часта хадзілі глядзець на цягнікі, бо сын іх вельмі любіць. Цяпер Віця яму перадае малюнкі цягнікоў і караблёў, хоць маляваць асабліва не ўмее. Віктар вельмі любіць сына. Хаця Дзяніс — мой сын ад першага шлюбу, але ён называе Віцю татам і таксама вельмі яго любіць. А як не любіць? Віктар — найлепшы тата на свеце.

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__11__logo.jpg


І найлепшы муж. Адзін на сто мільёнаў. Мне так з ім пашанцавала! Ён вельмі добры, шчыры, вясёлы. Ніколі на мяне не крыўдзіцца. І заўсёды клапоціцца пра мяне, стараецца ахоўваць. Устане ранкам, падыме Дзяніса, накорміць, зробіць мне сняданак. Я так сумую па яго сняданках… Па нашых шпацырах пад зоркамі. Ёсць адна зорка, такая яркая-яркая, якая свеціць у розных месцах у залежнасці ад пары года. Мы вельмі любілі на яе глядзець.

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__4__logo.jpg


На канапе ляжыць яго байка, з яго пахам. Час ад часу я яе надзяваю, але ненадоўга, каб не перабіць яго пах. Пахаджу ў ёй — і нібыта з ім была побач. Усе яго рэчы дома на сваіх месцах. Я нічога не мяняла. І яго барабанныя палачкі таксама. Зрэдку іх вельмі беражліва бярэ ў рукі сын. Яны разам часам гралі на барабанах. І красоўкі яго любімыя, сінія з аранжавымі шнуркамі, я паставіла ля дзвярэй… Хаця, калі Віцю адправяць у калонію, то давядзецца перадаць красоўкі яму.

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__1__logo.jpg


Але тое-сёе, праўда, я змяніла. Зрабіла рамонт. Паклеіла шпалеры, якія мы разам з Віцем выбіралі. Ён вернецца і ўбачыць, як у нас прыгожа. А яшчэ адрэзала 15 сантыметраў сваіх валасоў. Зараз пра гэта шкадую, але тады мне проста фізічна было неабходна зрабіць хоць нешта, што я магу. Бо на іншае, на прысуд, на тое, што яго няма побач, я не магла паўплываць. Мне было важна ўпэўніцца, што я хоць нешта магу…

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__12__logo.jpg


Ведаеце, што я зраблю, калі Віця вернецца дахаты? Я проста абдыму яго за шыю, прытулюся — і буду так стаяць. Доўга-доўга, хоць цэлую вечнасць. Не адрываючы рукі, гледзячы ў яго вочы, на яго зморшчынкі каля вачэй. Удыхаючы яго пах. Нават, напэўна, і не пакармлю (усміхаецца). Ён мне скажа: «Мая Татошачка». А я скажу: «Ты — мой, а я — твая назаўсёды».

baruszka_fota_dzmitryja_dzmitryeva__14__logo.jpg


Я ведаю, што гэта абавязкова здарыцца. Не магу сказаць дакладна, калі: праз тыдзень, месяц, год ці больш, — але дакладна здарыцца. Мы яго дачакаемся. І ў нас ўсё будзе добра. Мы абавязкова дамо рады ўсяму гэтаму. У нас яшчэ ўсё жыццё будзе наперадзе.
* * *Я глядзела на Наталлю — і ніколькі не сумнявалася, што яны сапраўды з усім гэтым справяцца. У гэтай 23-гадовай дзяўчыне столькі моцы і годнасці, што па-іншаму і быць не можа. Яна гадуе сына, збірае перадачы, чакае спатканняў з мужам, ездзіць да сваіх бацькоў у Падмаскоўе і збіраецца ехаць да бацькоў Віктара ў Бярозу — дапамагаць па гаспадарцы (бо «Віця заўсёды так рабіў»). А яшчэ яна шые эксклюзіўную жаночую бялізну, у яе ёсць інтэрнэт-крама, пра якую яны марылі разам.
Канешне, ёй дапамагаюць. Сябры Віктара (хаця знайшліся і тыя, хто за гэты час нават не пацікавіўся, як яны), бацькі, суседзі, якія падтрымліваюць маральна, дапамагаюць фізічна і грашыма. Канешне, без гэтай падтрымкі было б цяжка. Але менавіта той сталёвы стрыжань, які немагчыма не заўважыць, дае Наталлі сілы ісці далей і чакаць каханага.
«Напішыце, што мы ўсе яго віншуем з Днём народзінаў! — дадае Наташа. — Мы яго любім, чакаем. І жадаем здароўя і моцы».
«Новы Час» далучаецца да віншаванняў Віктару Барушку, а таксама ўсім палітвязням, чый Дзень народзінаў у сакавіку. Жадаем усім нам вольнай Беларусі! Краіны, дзе шчырыя, добрыя і працавітыя людзі будуць вольна дыхаць і гадаваць дзяцей і ўнукаў.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева і з сямейнага архіва Наталлі Барушка