Дзень народзінаў за кратамі. «З нас — плыт, з цябе — чыфір»

Свой дзень народзінаў сёння, 5 траўня, сустракае за кратамі Аляксей Ігаравіч Беразінскі. Яго затрымалі 11 кастрычніка на адным з маршаў пратэсту ў Мінску. Аляксей Беразінскі пакараны трыма з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

bierazinsky_alex.jpeg


Аляксея віншуе брат Максім:
— 5 траўня табе 36 гадоў, 6 траўня — 200 дзён за кратамі. Хоць ты два дні запар гуляй. Але ў вас там і ў нас тут — суцэльны здаровы лад жыцця. Шампанскае чакае свайго часу.
Калі ўсё добра, то цяжка зразумець, што шчасце — гэта калі ўся сям’я разам, калі ты можаш патэлефанаваць ці прыехаць. Ці нават паслаць у дупу.
І чым больш праходзіць часу, тым лепш разумееш: гэта сапраўдны іспыт. Асабліва для дзяцей, якія пазбаўленыя бацькі. А Марʼяну цяпер якраз бы чароўны падсрачнік не зашкодзіў бы. Вось гэтая ізаляцыя — самае дрэннае. І галоўнае: як гэта станоўча можа паўплываць на тых, хто за кратамі? Рытарычнае пытанне.
Дык вось: 200 дзён. З аднаго боку, усё тое, што пачыналася ў жніўні-2020, вельмі зацягнулася. Але з іншага, у траўні-2020 быў абсалютна іншы парадак дня. Ты памятаеш? Унутраная эміграцыя стала звычайным станам для большасці беларусаў. Усе жылі — патроху і як-небудзь. А зараз — не. Відавочна, што запіхнуць гэтую пасту ў цюбік не атрымаецца. Табе, можа, цяжка адтуль, гледзячы «Панараму», паверыць, але тут шмат адбываецца такога, што робіць беларусаў нацыяй. Так, як ты і хацеў.
Пытанне толькі ў часе. А час грае на нашу карысць. Гэта як бы твой «Манчэсцер Юнайтэд» выйграваў бы ў фінале Лігі чэмпіёнаў 2:0 і да канца заставалася б колькі хвілін... Супернік ідзе ў атаку, а патрапляе ў палон. 3:0 — і кубак уздымае капітан Магуаер.
У часе будзе пытанне і ў той момант, калі ты зноў апынешся на волі. Тут ужо шмат планаў. Дачка Варвара хоча абняць цябе, старэйшы сын Мар’ян — на рыбалку, малодшы — Сцёпка — проста згуляць у футбол (пастаіш на браме?). Жонка таксама нечага хоча, але не кажа — чаго. Бацька чакае, каб пачытаць натацыі («Я ж казаў»). Півавараў рыхтуе плыт ды маршрут (рэцэпт чыфіру для пасядзелак каля вогнішча — з цябе). З мяне — плоў. З Пятровіча — лазня. З Хадасевіча — яшчэ адна паездка ў Каўнас, Кот таксама гатовы. Другі Півавараў чакае ў Штатах.
А маці… Маці проста хоча ўсіх сабраць у хаце за адным сталом. Такое простае і такое немагчымае жаданне зараз. Але нават дзядзька Мар’ян са сваёй Поўначы зразумеў усё пра Лукашэнку (нарэшце!) — магчыма, падцягнецца. Карацей, заняцца будзе чым.
Падарункі зараз цяжка табе перадаць. Таму вось табе верш.
Калі нехта кажа: «Бывай!» — гэта шчэ не значыць — канец.І хаця ў канвульсіях край, рана канстатаваць смерць.І хаця не відаць — куды, і надзея — ні на каго,Ты паслухай: звіняць званы. Гэта з намі гаворыць Бог.
Гэта — скрозь цемру прамень. Гэта — вецер, што рве смугу.Гэта — новы сонечны дзень. Гэта — праз забароны рух.Гэта — годна падняты сцяг. Гэта — шыхт, што гатовы ў бой.Гэта — крыж на тваіх плячах. Гэта — людзі разам з табой.Гэта — тысячы моцных ног, што пячатаюць цвёрды рытм.Гэта — не яны. Ведае Бог: гэта — мы! Гэта — мы!
Ты пачуеш: звіняць званы. Калі здольна пачуць душаГолас продкаў з далечыні, голас, што не заглушыць час,Голас памяці гэтай зямлі, гэтых рэчак, гэтых лясоў,Тых народаў, што тут жылі… Ты паслухай: мацнее звон.
З Днём народзінаў! Хутка ўсё скончыцца! Наша задача — паскараць. Ваша задача — трываць. Адмысловы медаль ужо чакае цябе. Моцна цісну руку.
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2