Дзмітрый Фурманаў пасля вызвалення: «Любы кепскі час заканчваецца, прыйдуць добрыя часы»

Дзмітрый Фурманаў, які першым з асуджаных па «справе Ціханоўскага» выйшаў на волю, даў першае інтэрв'ю на волі. Ён расказаў пра галюцынацыі ад холаду, самы радасны падарунак на Раство і аднаўленне барады, распавядае «Свабода».

05030000_0a00_0242_05b8_08d994805dbc_w650_r0_s.webp

«Стаяла задача мяне ізаляваць ад іншых асуджаных»

— Дзмітрый, як вы цяпер сябе адчуваеце?

— Я цяпер крыху ў стрэсавым стане, не разумею, што адбываецца. Мяне меліся вызваліць на дзень пазней, 22 кастрычніка. Але чамусьці за паўгадзіны да вызвалення да мяне прыйшлі і сказалі: «Калі ты хочаш сёння выйсці, мы цябе сёння выпусцім». Я не разумеў, калі я цяпер выйду, ці будзе нехта пра гэта ў курсе. Але мяне сустрэлі бацькі і сябры. 

Апошнія паўтара месяца я быў не ў курсе, што адбывалася. Я не атрымліваў лістоў, не было газет. Я знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Навіны мяне, канешне, засмуцілі, бо яшчэ горшай стала сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, людзей саджаюць, павялічваецца колькасць палітвязняў. Таму настрой не надта добры, але, канешне, лепш, чым заставацца ў турме. Да таго ж, я сустрэўся з блізкімі. Гэта вялікі зарад пазітыву, энергіі. Спадзяюся, што мяне гэта ўзбадзёрыць.

— Што вы далей плануеце рабіць?

— Паўтара месяца ў штрафным ізалятары (ШІЗА) было дастаткова, каб абдумаць свае далейшыя планы. Агулам, хацелася хутчэй убачыцца з роднымі. Што рабіць далей, яшчэ не вызначыўся. Я больш даведаюся, што адбываецца вакол, і буду ад гэтага адштурхоўвацца. 

— Чаму вы так доўга сядзелі ў ШІЗА калоніі?

— Мяне накіроўвалі ў ШІЗА, як я думаю, з надуманых прычын. Калі я прыбыў у калонію, стала відавочна, што стаіць задача як мага хутчэй мяне ізаляваць ад іншых асуджаных. Чаму — я пакуль не зразумеў. Яны вельмі хутка аформілі дакументы на ШІЗА і адтуль мяне не выпускалі да канца тэрміну. Ад іншых асуджаных, з якімі хадзіў у душ, даведаўся, што калі мяне накіравалі ў ШІЗА, то наўрад ці накіруюць у атрад за месяц да вызвалення, бо гэта папяровая валакіта, гэта нязручна для калоніі.

«Часам у галаве пачыналіся галюцынацыі ад холаду»

— Як паўплывала зняволенне на ваша здароўе?

— ШІЗА — вельмі складанае месца для здароўя. Няма спальных рэчаў, даводзіцца спаць на драўляных нарах. Было вельмі холадна, нават калі ўжо ўключылі ацяпленне. Часам у галаве пачыналіся галюцынацыі ад холаду. Пасярод ночы даводзілася тройчы ўставаць і рабіць зарадку, каб сагрэцца. Адна з нырак пачала балець. Спадзяюся, яна адновіцца.

Па харчаванні нельга сказаць, што яно там лепшае сярод усіх калоній, як яны самі кажуць. Я быў на «Валадарцы», у турмах Жодзіна і Гродна. На «Віцьбе» нічога асаблівага па ежы няма, звычайная баланда. Заўжды прысутнічаў голад, хацелася больш есці.

— Што самае цяжкае было падчас зняволення?

— ШІЗА для мяне быў самым горшым варыянтам. З самага пачатку было лягчэй, калі не лічыць майго выкрадання, а з кожным днём было цяжэй і цяжэй. ШІЗА было самым складаным. У першай палове тэрміну ў мяне не было прафуліку, які «павесілі» на мяне ў турме: нібыта я схільны да нападаў на супрацоўнікаў турмы, захопу закладнікаў, а цяпер яшчэ «павесілі» экстрэмісцкую і іншую дэструктыўную дзейнасць. Я даведаўся, што ўсім «палітычным» гэта вешаюць.

Пасля пастаноўкі на ўлік у гродзенскай турме мяне пачалі накіроўваць у карцар, часам з надуманых прычын, часам была і мая віна праз непаразуменні з начальствам.

— Якія моманты былі самыя радасныя?

— Калі я быў у турме Гродна, я думаў, што сустрэну Новы год адзін. Але адміністрацыя палічыла, што гэта будзе надта жорстка для мяне, таму 31 снежня мяне падсялілі да іншых асуджаных. Было цікава сустрэць Новы год з іншымі людзьмі, пагаварыць, расказаць пра жыццё.

Калі гаварыць пра людзей, якія нас падтрымлівалі, гэта вялікая падтрымка і дапамога. Дзякуй ім вялікі за гэта. Калі б не лісты і перадачы, я не ведаю, як бы ўсім палітычным асуджаным складана прыйшлося. Я вельмі добра памятаю момант, калі мне прыйшла перадача ад маёй дзяўчыны, якая знаходзілася за мяжой. Там былі навагоднія пернікі, яны былі вельмі смачныя. Я мяркую, што гэта найлепшы падарунак для мяне. Перадачы, пасылкі ад людзей, падтрымка дарагога вартыя.

— Дзе вы шукалі надзею ў самыя цёмныя моманты падчас зняволення?

— Самы складаны этап быў у ШІЗА. Ты не атрымліваеш ні лістоў, ні перадач. Тады вельмі цяжка. Акрамя сваіх думак, у чалавека нічога няма. Чалавеку даводзіцца ўзгадваць сваё жыццё, будаваць планы на будучыню. Мяне гэта падтрымлівала. Я планаваў, што буду рабіць далей. Узгадваў добрыя моманты з жыцця. Мяне гэта ратавала ў гэтыя хвіліны.

— Цяпер многія беларусы ў прыгнечаным стане. Ці хацелі б вы ім нешта сказаць?

— Тым, хто зараз у дэпрэсіі і думае, што ў нас нічога не атрымаецца, я хачу сказаць, што гэта ўсё часова. Любы кепскі час заканчваецца. Прыйдуць добрыя часы. Нават у самай кепскай сітуацыі можна знайсці добрае. Калі ты не ў турме, гэтаму ўжо можна радавацца. Хоць мы ўжо доўга цярпім, аказваецца, трэба яшчэ пацярпець нейкі час.

— Вас памятаюць з густой рудой барадой. Ці вернецца яна?

— У ШІЗА трэба галіцца раз на тыдзень. Бліжэйшае галенне ў мяне мелася быць у суботу. Я на яго не трапіў. У будучыні я аднаўлю бараду, не хвалюйцеся.

— Як вас змяніла турма?

— Я думаю, не толькі мяне змяніла турма, яна кожнага чалавека можа памяняць. Не тое што ён стане горшы ці лепшы або азлобіцца на людзей. Турма дае час асэнсаваць сябе і свае дзеянні і думкі. У цябе дастаткова часу, каб зразумець, што ты робіш. Людзей вакол ты разумееш з новага боку. Турма — гэта школа жыцця, не такая, як войска, а больш жорсткая. Тут чалавек успрымае сам сябе па-новаму, даведваецца пра сябе новыя рэчы, пра людзей таксама. Баяцца турмы не варта. Калі ты ўжо туды трапіў, у цябе ёсць добры час для пераасэнсавання і разумення сябе і людзей агулам.

Дзмітрый Фурманаў — гродзенец, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 29 траўня 2020 года на пікеце Святланы Ціханоўскай у Гродне. Фурманаў збіраў подпісы як сябра ініцыятыўнай групы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянт апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі па твары і завезлі ў міліцыю.

Фурманаў атрымаў 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Ён некалькі разоў галадаў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам з ім пад сценамі «Валадаркі» галадалі яго маці і дзяўчына.

Тэрмін Дзмітрыя скараціўся пасля пераліку паводле новага заканадаўства, дзе 1 дзень СІЗА залічваецца за паўтара дня калоніі агульнага рэжыму. А ў СІЗА ён правёў 1 год і 3 месяцы. 21 кастрычніка ён выйшаў на волю з калоніі «Віцьба».