Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў экстрадыцыю Аляксея Кудзіна ў Беларусь

Сёння раніцай Еўрапейскі суд па правах чалавека пагадзіўся з довадамі аб пераследзе і магчымасці катаванняў у дачыненні да Аляксея Кудзіна.

byec3d05858a5_1.jpg


Пра гэта паведамляе Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці са спасылкай на адвакатку Камітэта «Грамадзянскае садзейнічанне» Марыю Красаву.

«Сёння проста перад пасяджэннем стала вядома, што Еўрапейскі суд пагадзіўся з довадамі аб пераследзе і магчымасці катаванняў у дачыненні да Аляксея Кудзіна. Нам далі 39-е правіла, у адпаведнасці з якім маецца забарона на экстрадыцыю. Гэта азначае Аляксей павінен знаходзіцца ў Расіі, пакуль канчатковае рашэнне не будзе прынята Еўрапейскім судом. Першае пасяджэнне не адбылося па той прычыне, што не працуе інтэрнэт, Аляксей не можа прымаць удзел, мы чакаем, калі ўсё запрацуе. Наступнае паседжанне прызначанае на 14:00», — паведаміла Красава.

Шматразовы чэмпіён свету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін ужо працяглы час сядзіць у расійскім СІЗА і праз суд спрабуе абскардзіць рашэнне расійскіх улад аб экстрадыцыі яго ў Беларусь. На радзіме крымінальная справа на спартсмена заведзена за акцыю пратэсту ў Маладзечне 10 жніўня 2020 года паводле артыкула 363 КК («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»). Максімальнае пакаранне па артыкуле — да 5 гадоў пазбаўлення волі.

У студзені Фонд спартыўнай салідарнасці накіраваў ліст у абарону Кудзіна ў Дзяржаўную думу, пракуратуру і алімпійскі камітэт Расіі. Зварот падпісалі больш за 330 тытулаваных і заслужаных спартсменаў.

У абарону Аляксея Кудзіна выступілі таксама праваабаронцы фонду «Грамадзянскае садзейнічанне» і «Маскоўскі Хельсінкскі камітэт».