#FreeMehman: кампанія падтрымкі палітвязня з Азербайджана працягваецца

Карыстальнікі Фейсбука заклікаюць далучыцца да міжнароднай кампаніі за вызваленне азербайджанскага журналіста і палітвязня Мехмана Хусейнава. У прыватнасці, прапануецца пакідаць паведамленні з заклікам вызваліць Мехмана і хэштэгам #FreeMehman на старонцы прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Фейсбуку.

bbbfec9e_02cc_446e_b11b_0252381123e2_cx0_cy10_cw83_w1023_r1_s.jpg


Мехман Хусейнаў — азербайджанскі праваабаронца і журналіст, які збірае доказы надзвычайнай карупцыі і парушэнняў правоў чалавека ў Азербайджане. Ён займае пасаду галоўнага рэдактара сацыяльна-палітычнага часопіса "SANCAQ", чые матэрыялы пастаянна з'яўляюцца на Фэйсбуку, юцьюбе і ў Інстаграме. Мехман таксама ўзначальвае Інстытут свабоды і бяспекі рэпарцёраў, азербайджанскую праваабарончую арганізацыю, якая адстойвае свабоду выказвання меркаванняў і свабоду інфармацыі.
Мехман Хусейнаў знаходзіцца пад вартай з сакавіка 2017 года па абвінавачванні ў паклёпе, пасля таго як ён апублікаваў серыю артыкулаў, якія раскрываюць выпадкі меркаванай карупцыі і катаванняў з боку азербайджанскіх чыноўнікаў. 26 снежня 2018 года яго абвінавацілі ў "супраціве прадстаўніку ўлады з ужываннем гвалту, небяспечнага для яго здароўя і жыцця", што можа прывесці да яго турэмнага зняволення на тэрмін да сямі гадоў.
Абвінавачванні былі прад'яўлены за два месяцы да заканчэння тэрміну турэмнага зняволення блогера і пасля таго, як ён публічна абвінаваціў улады ў смерці сваёй маці ў бальніцы ў жніўні 2018 года.
Нягледзячы на новыя абвінавачванні, адвакатам не дазволілі наведаць падабароннага ў турме, Хусейнаў быў змешчаны ў адзіночную камеру без якіх-небудзь законных падстаў. У знак пратэсту супраць ціску ўладаў ён абвясціў галадоўку 27 снежня і ў цяперашні час знаходзіцца ў крытычным стане.


Каб падтрымаць Мехмана, карыстальнікі Фейсбука прапануюць пакідаць паведамленні на старонцы прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева з заклікамі вызваліць журналіста і хэштэгам #FreeMehman.
Міжнародная кампанія ў падтрымку Мехмана Хусейнава была распачата 2 лістапада 2018 года, у Міжнародны дзень барацьбы з беспакаранасцю за злачынствы супраць журналістаў. У гэты дзень Анэ Бондэ, старэйшы саветнік Фонда дамоў правоў чалавека, прапанаваў даслаць Мехману  ў турму паштоўку, а таксама зрабіць нейкае публічнае дзеянне ў сацсетках з хэштэгам #FreeMehman.
Адрас для паштовак:
AZ 1062,Baku,Garadag district,Gizyldash settlement,Penitentiary institution no.14 Mehman Huseynov