Ганна Севярынец: Асноўная мэта школы — гэта адукацыя, а не выхаванне

Офіс па адукацыі кабінета Святланы Ціханоўскай 13 траўня зладзіў дыскусію на тэму «Як бы выглядаў Кодэкс аб адукацыі, калі б яго пісалі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу?»
Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Падставай для дыскусіі стаў Кодэкс аб адукацыі, новую рэдакцыю якога зацвердзілі 7 траўня. Ужо ўвосень новая версія Кодэкса мусіць уступіць у сілу. Старая рэдакцыя дзейнічае з 2011 года. 

Па новым Кодэксе ёсць шэраг пытанняў, — разважае Наталля Іскарцава, дырэктарка прыватнай ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа Стэмбрыдж». — Згодна з кодэксам, у суб’ектаў адукацыйнага працэсу мала свабоды выбару і свабоды дзеянняў, а школа, на самай справе, вельмі самастойная. Аднак у Кодэксе напісана, што правоў у школы цяпер будзе 8, а абавязкаў — 15.

Звярнула Наталля Іскарцава ўвагу і на тое, што ў Кодэксе не прапісаны такі тэрмін як вучань з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі: «У кодэксе напісана пра таленавітых вучняў і дзяцей з псіха-фізічнымі асаблівасцямі. Хаця ў міжнароднай практыцы існуе такі тэрмін як людзі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі».

У новым Кодэксе аб адукацыі пазначана, што заказчык адукацыйнага працэсу — гэта Міністэрства адукацыі. Алена Леванюк, шматдзетная маці і прадстаўніца інфармацыйнай прасторы Бацькоўскага Савету Беларусі з гэтым не згаджаецца. Яна пераканана, што з новай рэдакцыяй Кодэксу школа стане яшчэ больш закрытай для бацькоў. «Каб патрапіць да адміністрацыі школы, трэба прайсці колы пекла. Кодэкс яшчэ не прыняты, але ўжо ёсць прэцэндэнты, калі адміністрацыя кажа, што бацькі не маюць права ўмешвацца ў адукацыйны працэс. Мяне турбуе, якім чынам медыцынскія абследаванні могуць праходзіць у школе без згоды бацькоў? Гэта таксама прапісана ў новай рэдакцыі Кодэксу».

Пункт, які прадугледжвае абавязковы шосты дзень навучання, таксама не задавальняе Алену Леванюк: «Шосты школьны дзень быў заўжды, і выкарыстоўваўся далёка не толькі для правядзення факультатываў. Настаўнікаў прымушаюць рабіць мерапрыемствы, бацькоў прымушаюць да іх прычыняцца. На тых, хто не прыходзіць, пачынаюць ціснуць. Мы праводзілі апытанне сярод настаўнікаў і бацькоў: шосты дзень абсалютна лішні».

Ганна Севярынец, настаўніца вышэйшай катэгорыі і публіцыстка, наогул палічыла неканструктыўным абмеркаванне дакументаў, якія прымае нелегітымная ўлада: «Я не лічу, што ёсць сэнс паляпшаць Кодэкс, ці выказваць па ім заўвагі. Мае сэнс ствараць нешта сваё. А абмяркоўваць тэхніку, дробязі варта ўжо пасля».

Ганна выказала пяць тэзісаў, на якіх мусіць быць пабудаваная будучая сістэма адукацыі ў Беларусі. Па-першае, адукацыйныя ўстановы мусяць свабодна існаваць і развівацца. Гэта тычыцца і муніцыпальных школ, і прыватных, і дыстанцыйных устаноў адукацыі. Гэта мусіць быць максімальны выбар форм і для бацькоў, і для дзяцей, у якіх яны будуць навучацца, пры ўмове перыядычнай акрэдытацыі ўстановы, якая будзе выконваць функцыю кантролю.

Па-другое, Ганна лічыць, што школа мусіць быць свабоднай у выбары праграмы вучэбнага плана. Выпускны іспыт павінен быць адначасова і ўступным у ВНУ.

— Я лічу, што асноўная мэта школы — гэта адукацыя, — упэўнена Ганна. — Выхаванне як кампанент мусіць быць выдалены з мэт школы. Выхаванне — гэты натуральны складнік працэсу адукацыі. Я бачу пагрозу ў тым, што выхаванне дзіця пераносіцца з сям’і ў школу. Безумоўна, менавіта сям’я з’яўляецца заказчыкам адукацыйных паслуг. Школа мусіць быць вольная ад кантролю за дзецьмі, якія знаходзяцца па-за адукацыйным працэсам.

Ганна лічыць, што ў школьным адукацыйным працэсе мусіць адсутнічаць любая ідэалогія. Любыя ідэалагічныя кампаненты павінны падавацца толькі ў якасці агульных ведаў.

І, нарэшце, тым школам, якія аддаюць перавагу беларускамоўнай адукацыі, дзяржава мусіць аказваць максімальную падтрымку. Яна можа быць як метадычная, так і фінансавая.

«Што тычыцца тэхнічных момантаў, хаця яны другасныя і вырашаюцца на іншых этапах абмеркавання, для мяне важна, каб у будучым у адукацыйных праграмах у прыярытэце былі гуманітарныя веды», — лічыць Ганна. Важна звяртаць увагу дзяцей на працу з тэкстам, вывучэнне сусветнай літаратуры культуралагічных прадметаў.

— Ніякіх шостых школьных дзён, — кажа ў заключэнне Ганна. — Трэба разгрузіць настаўнікаў, якія працуюць ў пастаянным стрэсе.

Алена Леванюк прапанавала, каб кожныя пяць гадоў педагог адпачываў ад адукацыйнага працэсу і сыходзіў на год у аплачаны адпачынак, дзе б ён мог псіхалагічна разгружацца і самаадукоўвацца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: