«Гэта была самаабарона». Што сказаў Аляксей Кудзін у апошнім слове

Беларускі баец Аляксей Кудзін, якога экстрадавалі з Расіі ў Беларусь за супраціў супрацоўнікам міліцыі падчас акцыі пратэсту 10 жніўня мінулага года, выступіў у судзе з апошнім словам.

Аляксей Кудзін. Фота fight.ru.

Аляксей Кудзін. Фота fight.ru.


Шматразовы чэмпіён свету па кікбоксінгу і тайскім боксе прызнаў, што нанёс удары супрацоўнікам міліцыі, але падкрэсліў, што зрабіў гэта ненаўмысна:
— Я думаю, што ў паказаннях на маім судзе было шмат супярэчнасцей. Лічу, што было даказана прымяненне супрацоўнікамі спецсродкаў. Я не адмаўляю ўдараў, але гэта была самаабарона. Я шкадую аб нанесеных цялесных пашкоджаннях. Шкадую я і аб тым, што высмеяў іх у інтэрв'ю. Бо яны проста выконвалі свае абавязкі. Прашу не пазбаўляць мяне волі. Я і далей гатовы выступаць за Беларусь, — працытавала Кудзіна «Рэгіянальная газета».
Падчас спрэчкі бакоў, бок абвінавачвання палічыў, што віна спартсмена ў супраціве супрацоўніку міліцыі даказаная. Пракурор запытаў для Кудзіна тры з паловай гады пазбаўлення волі.
Адвакаты Аляксея Кудзіна з такім рашэннем не пагадзіліся. Грунтуючыся на паказаннях асобных сведак, яны сцвярджаюць, што іх падабаронны, знаходзячыся на цэнтральнай плошчы Маладзечна ў пратэставы дзень, агрэсіі не выяўляў, ніякай сімволікі пры сабе не меў, паведамляе «Млын».
Ужыўшы сілу, Аляксей абараняў сваё канстытуцыйнае права на жыццё і здароўе, паколькі да гэтага атрымаў некалькі ўдараў дубінкамі і адчуў на сабе ўздзеянне распыленага слёзацечнага газу.
Прысуд абвінавачанаму абвесцяць 11 жніўня.
Нагадаем, Аляксей Кудзін абвінавачваецца ў тым, што падчас акцыі пратэсту 10 жніўня мінулага года нанёс удары вайскоўцу ўнутраных войск, а таксама супрацоўніку УУС Мінаблвыканкама, у якіх потым былі выяўленыя пашкоджанні.
Два тыдні баец правёў у Маладзечанскім РАУС і СІЗА Жодзіна, затым былі хатні арышт і падпіска аб нявыезде, якую Аляксей Кудзін парушыў напярэдадні суда, у лістападзе 2020 года.
Па запыце беларускіх улад яго затрымалі ў Маскве ў пачатку 2021-га. 21 ліпеня, па заканчэнні тэрміну ўтрымання пад вартай у маскоўскім СІЗА, яго вывезлі ў Мінск.

Паводле zerkalo.io