Гэты артыкул — частка спецпраекту «Падзеленыя кратамі»

«Гэта, фактычна, катаванні». Як жывуць за кратамі маці і сын — фігуранты справы «аб тэрарызме»

Гучная справа «аб тэрарызме», пра якую на дзяржаўным тэлебачанні нават знялі шматсерыйны фільм з экс-палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам у галоўнай ролі, нарабіла шмат шуму, але цяпер пра яе нічога не чуваць. Навін пра следчыя дзеянні па ёй і пра тое, што адбываецца з фігурантамі, няма з пачатку вясны — ад таго моманту, калі «асобам, занесеным у спіс тэрарыстаў», забаранілі пераводзіць грошы на рахункі.
Ірына і Антон Мельхеры

Ірына і Антон Мельхеры


«Новаму Часу» ўдалося паразмаўляць з Сяргеем Мельхерам — сынам Ірыны Мельхер і братам Антона Мельхера, якія праходзяць падазраванымі па справе.

Маці паехала шукаць сына — і яе затрымалі

На пачатку снежня 2020-га дзяржаўнае тэлебачанне паведаміла пра затрыманне Мікалая Аўтуховіча. Яго абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці — падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Аўтуховічу прад’явілі абвінавачанне па арт. 289 КК «Акт тэрарызму». Разам з Мікалаем затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Сярод іх — праваслаўны святар з Брэста Сяргей Разановіч, яго жонка Любоў Разановіч і сын Павел Разановіч. Таксама па справе праходзяць Галіна Дзербыш, Ірына Гарачкіна, грамадская актывістка Вольга Маёрава, а яшчэ — маці і сын з Брэста Ірына Мельхер і Антон Мельхер.

Сяргей Мельхер да гэтай пары не можа зразумець, якім чынам яго родныя аказаліся фігурантамі гэтай справы.

— Маці была знаёмая з Разановічамі. Наколькі мне вядома, незадоўга да таго, як усё здарылася, брат адвозіў маму да іх на Дзень народзінаў, — тлумачыць «Новаму Часу» Сяргей.

Мужчына ўжо восем гадоў не жыве ў Беларусі, таму пра затрыманне родных ведае паводле слоў бацькі, які ў той момант быў дома. Разам з ім быў сын Антон, які пачаў займацца праграмаваннем і працаваў над сваёй першай замовай, якую толькі атрымаў. У бацькі балела нага, ён мог хадзіць толькі на мыліцах, таму, калі раздаўся грукат у дзверы, адчыняць пайшоў Антон. Маладога чалавека забралі адразу, бацька нічога не паспеў зразумець. Калі з працы прыехала маці Антона Ірына, яна паехала шукаць сына. Праз нейкі час жанчына вярнулася дахаты ў суправаджэнні следчых, якія правялі вобшук.

Яны перакулілі ўвесь дом і потым з’ехалі з мамай, — распавядае Сяргей.

Пенсіянерку з лішняй вагой перавялі на верхнюю койку

Праз чатыры дні сябры сям'і звязаліся з ім. На той момант ужо было вядома, што Ірына і Антон Мельхеры знаходзяцца ў СІЗА КДБ у Мінску. Сяргей прыехаў і знайшоў для іх адваката. Праз яго, а таксама праз лісты ўдаецца падтрымліваць з імі сувязь. Паводле слоў мужчыны, у Антона ўсё больш-менш у парадку, ён трымаецца. Адзінае, у яго былі праблемы са скурай, якія цяпер, у зняволенні, абвастрыліся. Але яму дасылаюць неабходныя сродкі.

— У цэлым ён адаптаваўся, у СІЗА КДБ у яго былі харызматычныя суседзі, якія дапамаглі яму асвоіцца. Таму, калі іх перавялі ў Брэст, яму было прасцей у родным горадзе, як кажуць, і роднае паветра дапамагае.

У адрозненне ад сына, Ірына Мельхер мае вялікія праблемы са здароўем.

— Там і сэрца, і нервы. Яна не магла спаць першы месяц, пакуль ёй не выпісалі нармальны супакаяльны сродак. У Брэсце была жахлівая сітуацыя. Калі маці перавялі, яна патрабавала ад следчага нейкай канкрэтыкі, бо па справе нічога не адбываецца. Прыкладна праводзяць адно следчае дзеянне за тры месяцы. І адбываецца яно, як заўжды, перад тым, як ім трэба працягнуць меру стрымання. І вось, калі чарговы тэрмін павінен быў падысці, у красавіку іх сталі пераводзіць з Мінска ў Брэст і, пакуль этапавалі, працягнулі меру стрымання. Па законе ім павінны былі паведаміць пра гэта загадзя, але ніхто не паведаміў — мама даведалася пастфактум, калі ўжо прыбыла ў Брэст.

У выніку з траўня Ірына Мельхер знаходзіцца ў СІЗА Брэста на ляжачым рэжыме. 

— Калі яе перавялі ў Брэст, яна адразу трапіла на ніжнюю койку, але пасля гэтых падзей яе — жанчыну 65 гадоў (Ірыне Мельхер ужо 66. — НЧ), пенсіянерку, з лішняй вагой, — перавялі на верхнюю койку. Сама яна туды залезці не можа, ёй патрэбная дапамога кагосьці з суседзяў. Пры гэтым яна часта ходзіць у прыбіральню, у тым ліку ноччу, бо ёсць праблемы з ныркамі. Яна сама злазіць, але залезці назад не можа, таму сядзіць і чакае, пакуль хто-небудзь прачнецца і дапаможа ёй.

Але цяпер яе зноў перавялі на ніжнюю койку.

Новая «крыміналка»

Такое жыццё ў Ірыны Мельхер было да таго моманту, пакуль яе не пасадзілі ў карцар. Зняволеных прымушалі гаварыць на камеру, што яны з’яўляюцца дэструктыўнымі элементамі. Тыя, хто адмаўляўся, ішлі ў карцар. У выніку Ірына правяла там шэсць дзён.

— Калі яна адтуль выйшла, у яе запаліліся ягадзіцы, яна не магла сядзець. Таму яе перавялі на пасцельны рэжым, каб яна магла ўдзень ляжаць. Але літаральна праз пару дзён яе выклікалі на допыт. Агулам маці прасядзела са сваімі хворымі ягадзіцамі шмат гадзін — прытым, што яна не можа сядзець. Я лічу, што гэта фактычна катаванні, — гаворыць Сяргей.

А яшчэ яму стала вядома, што на пачатку лета на маці з братам завялі яшчэ адну крымінальную справу — па карагодзе ў Брэсце, па якой ужо асудзілі больш за 80 чалавек.

У Антона Мельхера, паводле слоў брата, наогул ніякіх следчых дзеянняў не праходзіла да сярэдзіны чэрвеня, пакуль не завялі «карагодную справу». Родным пакуль не паведамілі, але яны чакаюць, што ў верасні маці і сыну ў чарговы раз працягнуць меру стрымання.

«Мае родныя аказаліся не ў той кампаніі»

— У снежні будзе ўжо год (як Ірына і Антон за кратамі. — НЧ), і мы спадзяёмся, што да гэтага часу іх выпусцяць. Бо зусім няма ніякага разумення, што гэта і чаму, — прызнаецца Сяргей. — Але, ведаючы сваю маму і свайго брата, тыя рэчы, пра якія сказалі па тэлевізары — гэта зусім не пра іх. Брат абсалютна супраць нейкага радыкалізму. Я паасобку стасаваўся з яго сябрамі, яны ўсе аднагалосна гавораць, што ён быў незадаволены тым, што адбываецца ў краіне, але нават калі ў інтэрнэце быў нейкі пост пра радыкальныя меры, ён першы пачынаў казаць, што гэта не рашэнне. Мама таксама была супраць таго, што адбываецца ў краіне, яна выходзіла на мітынгі, але на нешта большае яна проста не здольная ў сілу ўзросту і здароўя.

Сяргей перакананы, што «справа аб тэрарызме» — медыйная, ён не верыць, што падзеі, якія паказалі ў фільме АНТ, праўдзівыя. Больш за тое, сама наяўнасць гэтага фільма, на думку мужчыны, незаконная. Бо не можа здымацца фільм пра тэрарызм, у якім разгалошваюцца дэталі справы, калі ўсе датычныя да яе знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

— Больш за тое, пакуль ёсць прэзумпцыя невінаватасці, яны ўвогуле не мелі права такія рэчы рабіць і казаць. Адпаведна, я раблю выснову, што гэтая справа адмыслова прыдуманая, каб пра яе распавесці. А мае родныя аказаліся не ў той кампаніі. Мама схадзіла на народзіны не да таго чалавека — матушкі, з якой яна была знаёмая шмат гадоў.

«Я баюся вяртацца на Радзіму»

Усе прашэнні аб змяненні меры стрымання для маці і сына адхіляюцца, нічога не адбываецца, і ўсе проста сядзяць і чакаюць, што будзе далей. Сяргей у сілу працы не можа знаходзіцца ў Беларусі, у Брэсце застаўся адзін 69-гадовы бацька. Ён адзін цяпер вымушаны даглядаць гаспадарку: у сям’і свая пасека, гарод. Апроч таго, мужчына самастойна збірае і носіць жонцы і сыну перадачы.

— Добра, што хоць людзі дапамагаюць — знаёмыя, родныя, сябры. Мы такая досыць абасобленая сям’я — мама, тата, Антон і я. Але нам вельмі дапамагаюць, я не думаў, што настолькі ўсё можа быць. Дапамагаюць нават сябры, з якімі мама пасварылася. Ты проста пераконваешся, наколькі людзі — людзі.

Мужчына прыязджаў у Беларусь у чэрвені і спадзяваўся, што яго пусцяць на спатканне да родных. Але не пусцілі. Праз каронавірус ён не бачыўся з імі ажно з лета 2019 года. Бацьку таксама не ўдалося ўбачыцца з жонкай і сынам.

Тым не менш, Сяргей мае надзею, што хутка для яго родных усё скончыцца — бо да іх ніхто не прыходзіць, ні пра што не запытваюцца, абвінавачанняў не прад’яўляюць.

Суразмоўца гаворыць, што адасобіцца ад таго, што адбываецца з яго роднымі, трохі дапамагае жыццё ў іншай краіне і праца. Пры гэтым ён пастаянна сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі — і ад гэтага становіцца вельмі сумна. Таксама яму вельмі цяжка чытаць лісты ад родных. І калі па лістах брата бачна, што ён трымаецца, лісты ад маці расстройваюць.

— Мы з бацькам робім усё, каб ім дапамагчы, стараемся, каб у іх усё было. Але на пытанне знаёмых «Што рабіць?» адказ толькі адзін: мы цудоўна разумеем, што паўплываць на гэтую сітуацыю ніяк нельга ні з пункту гледжання прававой абароны, ні з пункту гледжання здаровага сэнсу, — мяркуе Сяргей.

А напрыканцы размовы ён дадае:

— Я чалавек, які хоча спакойна прыязджаць дамоў, на Радзіму, але я проста баюся гэта рабіць. Калі я ў чэрвені ехаў, я не мог спаць у цягніку. А калі я злятаў з Мінска, мяне таксама ўсяго трэсла. Я баяўся, што мяне затрымаюць — хаця я нічога не зрабіў і ні ў чым не вінаваты. Калі я ляцеў, я зразумеў, што Беларусь — такая прыгожая, я яе так люблю. Але я баюся сюды вяртацца.

Вы можаце падтрымаць Ірыну і Антона Мельхераў лістамі і паштоўкамі: СІЗА-7, Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030. Ірыне Аляксандраўне Мельхер, Антону Іванавічу Мельхеру.

Што рабіць, калі ў зняволенага праблемы са здароўем?

На жаль, турма — месца, якое не дадае здароўя. Мы папрасілі праваабаронцу, а ў мінулым — турэмнага доктара Васіля Завадскага даць рэкамендацыі, як родныя зняволеных могуць дапамагчы ім захоўваць здароўе за кратамі.

— Дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў зняволенні, захаваць іх здароўе — задача, якая заўсёды была няпростай, а цяпер дык стала неверагодна складанай. Перашкод вельмі шмат. Па-першае, праз складанасці з камунікацыяй няпроста нават даведацца пра праблемы і пра неабходнасць дапамогі. Па-другое, нават калі вам пашанцавала і вы трапілі на прыём, напрыклад, да кіраўніка СІЗА ці да лекара, вы наўрад ці атрымаеце аб’ектыўную інфармацыю пра ста здароўя роднага чалавека. Верагодна, вам паабяцаюць узяць пад увагу стан здароўя чалавека, але ці зробяць што — вялікае пытанне. Па-трэцяе, мы добра ведаем, што перадаць нават звычайныя лекі ў СІЗА бывае вельмі няпроста. Пералік такіх перашкод можна, на жаль, працягваць.

Але апускаць рукі ні ў якім разе не трэба! Упэўнены, што праз разумную настойлівасць усё ж можна дабіцца нейкіх зрухаў. Канешне, падрыхтуйцеся, што часу і высілкаў спатрэбіцца нямала.

Усімі магчымымі спосабамі звяртайцеся да адміністрацыі месца зняволення: найперш дабівайцеся асабістага прыёму. Звароты і заявы да іх — таксама эфектыўная мера, але іх разгляд і чаканне адказаў забірае шмат дарагога часу.

Калі не бачыце патрэбнага выніку ад такіх крокаў ці стан здароўя вашага роднага патрабуе хуткага рэагавання — кіруйцеся на прыём у вышэйшыя інстанцыі, якім падпарадкоўваецца ўстанова, дзе утрымліваецца блізкі вам чалавек. Настойліва турбуйце таксама кантралюючыя органы — найперш пракуратуру. Пры гэтым патрабуйце неадкладнага рэагавання, бо размова ідзе пра здароўе і, магчыма, нават жыццё чалавека. Калі вы не назіраеце належнай рэакцыі, а стан здароўя вашага роднага не паляпшаецца — звяртайцеся ўсімі даступнымі спосабамі (тэлефон, асабісты прыём, заявы, нават тэлеграмы) у гэтыя інстанцыі нават штодзённа.

Не забывайце, што адказным за арганізацыю сістэмы аховы здароўя у краіне, а значыць, і ў месцах зняволення, з’яўляецца Міністэрства аховы здароўя. У складаных выпадках трэба звяртацца і туды. Вас будуць спрабаваць перанакіраваць у ведамствы, якія курыруюць месцы зняволення, але будзьце настойлівымі і нагадвайце чыноўнікам Мінздароўя пра іх адказнасць. Канешне ж, у Мінздароўя ёсць сэнс ісці тады, калі пройдзеныя папярэднія інстанцыі.

І яшчэ важная рэкамендацыя. З уласнага досведа ведаю, што ў падобных выпадках добра дапамагае грамадскі рэзананс. Так што, калі стану здароўя і жыццю вашага роднага ёсць сур’ёзная пагроза, а належнай дапамогі няма — не бойцеся распаўсюджваць такую трывожную інфармацыю даступнымі вам спосабамі.

Жыццё паказвае, што падобныя настойлівыя дзеянні ўсё ж прыводзяць да пазітыўных зрухаў. Не падайце духам, дзейнічайце!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: