Ігар Ільяш: Журналісцкая дзейнасць у Беларусі дрэйфуе ў бок партызанскіх форм працы

Журналіст пасля вызвалення — пра сукамернікаў і ўмовы утрымання.

Ігар Ільяш пасля вызвалення. Фота «Свабоды».

Ігар Ільяш пасля вызвалення. Фота «Свабоды».

— Мы ідзём да таго, што журналісцкая дзейнасць у Беларусі дрэйфуе ў бок партызанскіх форм працы. Максімальная ўтоенасць — не дзейнічаць адкрыта, не падпісваць матэрыялы, не з'яўляцца там, дзе ты можаш трапіцца ў поле зроку спецслужб і г. д., — распавёў у эфіры канала «Настоящее Время» аглядальнік «Белсата» Ігар Ільяш.

Напярэдадні ён быў вызвалены з ізалятара на Акрэсціна, дзе правёў 10 сутак у зняволенні, адзначае «Салідарнасць».

— Упершыню за 10 сутак я мог спаць на канапе і не адчуваць, што ў цябе ўпіваюцца дошкі нараў. І цябе ніхто не падымае на начныя паверкі і ранішнія «шмоны», — падзяліўся журналіст.

Ён удакладніў, што ніякіх следчых дзеянняў за гэтыя суткі з ім не праводзілася, і распавёў пра сукамернікаў і ўмовы ўтрымання.

— Умовы, якія мэтанакіравана ствараюцца для палітычных вязняў на Акрэсціна, абсалютна невыносныя. Людзі спяць без матрацаў, з уключаным святлом 24 гадзіны. Начныя паверкі ў 2 і 4 гадзіны, каб не маглі спаць. Мыцца не водзяць, не перадаюць перадачы.

Першапачаткова я трапіў у камеру, дзе былі выключна людзі, якія пераследуюцца па палітычных матывах. Пяць сутак я сядзеў з Ягорам Марціновічам, галоўным рэдактарам «Нашай Нівы», таксама быў разам з праваабаронцам Андрэем Палудам. У камеры было шмат людзей, якіх абвінавачвалі ва ўдзеле ў пратэстах яшчэ мінулага 2020 года.

У тым ліку за гэты час праз маю камеру прайшлі пяць чалавек, якіх абвінавачвалі па тэрарыстычных артыкулах нейкай міфічнай тэрарыстычнай арганізацыі. Практычна ўсе яны выходзілі пасля 10 сутак на волю. Гэта значыць, затрыманне выглядала хутчэй як такая прафілактычная акцыя застрашвання супраць гэтых людзей, абвінавачаных у іншадумстве, — сказаў Ільяш 

Ён працягнуў, што ўсё, што адбываецца, наводзіць на паралелі з мінулым.

— Тое, што гэтыя тэрарыстычныя справы пастаўленыя на паток, — важны сімвалічны момант у тым, што адбываецца сёння ў Беларусі. Няма ніякага тэрарызму ў Беларусі, няма ніякіх тэрактаў у Беларусі, тым не менш, людзі сядзяць за нейкі выдуманы тэрарызм масава!

Гэта, вядома, наводзіць на паралелі са сталінскімі рэпрэсіямі, калі таксама ствараліся міфічныя тэрарыстычныя арганізацыі і людзей за гэта судзілі і прыгаворвалі да велізарных тэрмінаў, — прывёў параўнанне журналіст.

Перад выхадам з ізалятара з яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні і папярэдзілі аб абмежаванні на выезд за межы краіны.

Паводле слоў Ільяша, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў статусе падазраванага па ч.1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па гэтым жа артыкуле была асуджаная яго жонка — журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева.

— З'язджаць з краіны да таго часу, пакуль за кратамі знаходзіцца мая жонка, я не збіраюся, — падкрэсліў Ільяш.