Інклюзіўная адукацыя: «Праблема не ў дзецях — праблема ў сістэме»

Інклюзіўная адукацыя — гэта не пра асаблівыя патрэбы ці інваліднасць. Гэта арганізацыйная практыка, дзе кожны чалавек можа атрымаць веды. У такі працэс мусіць быць уключаны абсалютна кожны навучэнец. Кампанія «Беларуская адукацыя перамен» 6 кастрычніка прэзентавала праграмны дакумент, дзе прапанаваны рэкамендацыі па стварэнні інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя ў Беларусі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Нельга казаць пра рэформы без інклюзіі

Мадэратар Андрэй Ягораў перакананы, што пытанне інклюзіі з’яўляецца важным для ўсіх: «Пра гэта кажуць і бацькі, і навучэнцы, і студэнты, і выкладчыкі, і менеджары адукацыі. Гэта досыць вострае пытанне. Калі мы кажам пра будучыя рэформы, мы не можам адысці ад пытання інклюзіі».
Інклюзіўная адукацыя — гэта працэс навучання, калі незалежна ад стану здароўя і псіхафізічнага развіцця, незалежна ад полу, нацыянальнасці, прыналежнасці да этнічнай групы, рэлігіі навучэнцы атрымліваюць адукацыю ў школах і ўключаны ў адзіны адукацыйны асяродак. Сёння дакументальна інклюзія ў Беларусі не замацавана — аднак дзейнічае інтэграваная мадэль навучання, дзе ва ўстановах мусяць стварацца ўмовы для навучэнцаў з дадатковымі патрэбамі.
У дакуменце, які сёння прадставіла «Беларуская адукацыя перамен», агучаны канкрэтныя запыты на заканадаўчае забеспячэнне сацыякультурнай разнастайнасці, падтрымкі раўнапраўнага ўдзелу ўсіх членаў адукацыйнага працэсу і супрацьдзеянне любым тыпам дыскрымінацыі.

Не ўсе настаўнікі разумеюць, што такое інклюзія

Пры падрыхтоўцы дакумента каманда аналізавала навукова-гістарычныя традыцыі спецыяльнай адукацыі, дзяржаўную палітыку ў галіне інклюзіі і рэальную інклюзію ў грамадстве.
Кандыдат псіхалагічных навук Таццяна Сініца — адна з аўтараў дакументу. Яна пераканана, што да сацыяльнай мадэлі Беларусь пакуль не дайшла.
Таццяна кажа, што на сёння мала ў каго з тых, хто задзейнічаны ў адукацыйным працэсе, ёсць разуменне інклюзіі. «Варта перанесці фокус з дзяцей з інваліднасцю, калі тыя з’яўляюцца нібыта праблемай у навучальных установах. Праблема не ў дзецях — праблема ў сістэме. Калі мы фарміруем такое разуменне, тады і ўзнікае разуменне, што рабіць. Не проста некуды запіхнуць гэтых дзіўных людзей, а рабіць, каб для іх агульны працэс навучання стаў магчымым».
Каб у Беларусі існаваў інклюзіўны адукацыйны працэс, трэба, каб выконваліся правы людзей з інваліднасцю, рэалізоўваліся інструменты па абароне іх ад дыскрымінацыі і каб ішла маштабная інфармацыйная кампанія па абароне правоў людзей з інваліднасцю. Таццяна кажа, што можна прыняць любыя законы, але калі грамадства не будзе разумець важнасць інклюзіі, то ўсё будзе дарэмна.
У дакуменце таксама гаворыцца, што дыягностыка навучэнцаў праводзіцца састарэлымі спосабамі. Пры ёй не ўлічваецца індывідуальнасць кожнага навучэнца.
Таццяна звярнула ўвагу на тое, што таксама важна прыняць меры, каб палепшыць разуменне інклюзіўнай адукацыі сярод удзельнікаў адукацыйнага працэсу. «Не ўсе настаўнікі наўпрост гэта разумеюць».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сістэму адукацыі давядзецца перабудаваць

Аляксей Канстанцінаў з цэнтру «Леванія» адказваў на пытанне, як можа быць арганізавана адукацыйная палітыка. Ён перакананы, што доўгі час у Беларусі пытанні ўключэння дзяцей з інваліднасцю ў адукацыйны працэс былі другаснымі.
— Інклюзія можа ўспрымацца як дадатковы параметр, але інклюзія павінна закладацца ў ядро адукацыйнай сістэмы, калі сістэма падладжваецца пад кожнае дзіця, не робячы з яго нармаваны аб’ект, а стымулюе яго моцныя і дапамагае падтрымаць слабыя бакі. У дадзенай сітуацыі гэта немагчыма. Усе меры, якія прымаліся апошнія дваццаць гадоў, насілі касметычны характар.
Аляксей перакананы, што ў Беларусі прыйдзецца перабудаваць сістэму адукацыі, бо інклюзія не можа быць частковай. «Сістэма павінна быць пабудавана такім чынам, каб з яе першым крокам не ўпусціць праблематыку інклюзіі».
Андрэй Ягораў пра гэтым заўважыў, што, «дэкларуючы інклюзіўнасць саму па сабе, мы не вырашаем праблему інклюзіўнасці».
Спецыяліст у сферы адукацыі Святлана Мацкевіч на гэта прапанавала распрацаваць сістэмны падыход арганізацыі інклюзіўнага навучання.
Дзеля гэтага варта развіваць самакіраванне інстытутаў. Самакіраванне школ — адзін з інструментаў развіцця інклюзіі, дзе і бацькі, і дзеці, і грамадскія арганізацыі, і адміністрацыя займаюцца арганізацыяй інклюзіўнага адукацыйнага працэсу.
У дыскусіі прагучалі меркаванні, што пры разглядзе дакумента аб інклюзіўнай адукацыі няправільна канцэнтравацца менавіта на навучэнцах з інваліднасцю. Інклюзіўная адукацыя — гэта больш шырокае паняцце. Гэта арганізацыйная практыка, дзе кожны чалавек можа атрымаць адукацыю. У такі працэс мусіць быць уключаны абсалютна кожны навучэнец.