Ужо паслязаўтра Цімафея пад канвоем дэпартуюць з Беларусі

Цімафей Петуноў, актывіст са Смаргоні, зараз знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, адкуль 17 сакавіка яго пад канвоем дэпартуюць з Беларусі. Яму нават не дадуць развітацца з каханай.

44aa6110_0908_460a_a305_dec6cf4ccc97_logo.jpg

Каханне падчас рэвалюцыі


Цімафей Петуноў працуе ў сямейным бізнесе. Рыма Пляхімовіч — стаматолаг у прыватнай клініцы. Яны закахаліся адно ў аднаго падчас акцый пратэсту ў Смаргоні.
— Хоць я жыву ў цэнтры горада, але на пратэсты пачала выходзіць не з самага іх пачатку, — распавядае Рыма. — Я бачыла праз вокны АМАП і міліцыю, якія разганялі людзей, і ведала, што, калі са мной нешта здарыцца, дапамагчы мне не будзе каму. Было страшна.
Але страх сышоў тады, калі на вуліцы выйшлі медыкі. Пасля гэтага Рыма стала выходзіць на пратэсты рэгулярна. На акцыях Рыма сустрэла Цімафея. І, хоць ён некалькі гадоў таму быў яе пацыентам, але сімпатыю адно да аднаго яны сталі праяўляць падчас шпацыраў па галоўных вуліцах горада.
 — Недзе каля месяца мы не рабілі актыўных крокаў адно да аднаго, — узгадвае Рыма. — Але аднойчы пасля шпацыру мы не разышліся, а засталіся размаўляць. Так мы прагутарылі да 4-й гадзіны раніцы. Тады стала зразумела, што ў нас шмат агульнага. І з таго моманту мы ўжо не расставаліся.

5171dd60_4587_4798_9cc8_e7179fe511df_logo.jpg


Адміністрацыйныя суды

Цімафей — грамадзянін Літвы. У Беларусі ён меў від на жыхарства. За ўдзел у акцыях пратэсту яго сталі судзіць па адміністрацыйных артыкулах. Спачатку яго асудзілі за ўдзел у акцыі 6 верасня, забраўшы ў ІЧУ па дарозе ў краму. Пасля Цімафея і Рыму пасадзілі на суткі за ўдзел у акцыі каля дома старшыні Смаргонскага райвыканкама, якая праходзіла 1 лістапада. Рыма кажа, што сведка пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі дала паказанні, што нібыта Рыма з Цімафеем трымалі разгорнуты бел-чырвона-белы сцяг. У выніку, 4 лістапада абодвух затрымалі на трое сутак. Рыму праз двое сутак асудзілі і адпусцілі.
У Цімафея па гэтай справе першае пасяджэнне адбылося на пачатку снежня. Другое пасяджэнне адкладалася, бо па горадзе прайшла хваля каронавіруса, і многія былі на каранціне. Нарэшце прызначылі дату другога пасяджэння, якое мусіла адбыцца 5 студзеня. Аднак на той момант скончыліся два месяцы, якія даюцца на тое, каб асудзіць чалавека. Да таго ж, ужо і міграцыйная служба чакала рашэння па другой справе. Таму 31 снежня а 16 гадзіне Цімафею патэлефанавала сакратарка суддзі і спытала, ці можа ён падысці ў суд. Натуральна, у Цімафея на пераднавагодні вечар былі іншыя планы.
— Толькі 4 студзеня мы даведаліся, што суд прайшоў без яго і што ён прызнаны вінаватым, — распавядае Рыма. — Ён абскарджваў вырак, але яго скаргу не задаволілі.

Рашэнне аб пазбаўленні беларускага грамадзянства

Ліст з міграцыйнай службы прыйшоў 3 сакавіка: Цімафею трэба было з’явіцца на гутарку аб мэтазгоднасці яго знаходжання ў Беларусі. Па прыходзе ў Цімафея забралі пашпарт, пазбавілі віду на жыхарства, а ўзамен выдалі дазвол на знаходжанне тут да 15 сакавіка. Міграцыйная служба мусіла 10 сакавіка абвесціць Цімафею пра тое, калі і якім чынам будуць высяляць.
— Я адвезла яго ў РУУС 10 сакавіка, як і дамаўляліся, але адтуль яго не выпусцілі, — распавядае Рыма. — Да мяне падышлі супрацоўнікі з міграцыйнай службы і сказалі, што Цімафей затрыманы на пяць дзён у ІЧУ, адкуль яго адразу і дэпартуюць. Таксама сказалі, што нам будзе перададзены спіс рэчаў, якія неабходна сабраць яму перад дэпартацыяй.
З перадач перадалі толькі цёплыя рэчы і кнігі: «Ні ваду, ні ежу не прынялі, сказалі, што там у яго ёсць і вада, і ежа».
Бацька Цімафея толькі 12 сакавіка знайшоў у скрыні ліст на імя сына, які знаходзіцца ўвесь гэты час у ІЧУ, што 10 сакавіка Смаргонскі РУУС прыняў рашэнне выслаць Цімафея з Беларусі. Гэта было вырашана зрабіць у інтарэсах грамадскага парадку. Цімафею забаранілі ўезд у краіну тэрмінам на пяць гадоў.
Што будзе рабіць далей — Рыма пакуль сказаць не можа. Аднак адно ведае дакладна: з’язджаць з краіны яна не хоча.
— Я не дарэмна змагаюся, бо хачу жыць у гэтай краіне, нават калі гэтае змаганне будзе цягнуцца не паўгода, а больш.
Пакуль жа — сум па каханым і роспач: «За паўгода, якія мы разам, мы з ім расставаліся толькі на шэсць дзён, сярод якіх — тыя чатыры дні, калі мы былі на сутках».
Фота з сямейнага архіва гераіні