«Я заўжды пішу сыну, што мы з ім моцныя і ўсё вытрымаем»

У Мінску судзяць палітвязня Арцёма Касакоўскага — 23-гадовага оптыка з Ліды, якога абвінавачваюць у намеры ўдзельнічаць у масавых беспарадках, а таксама наўмысна пашкодзіць маёмасць. Маці хлопца Святлана Касакоўская некалькі разоў на тыдзень ездзіць за 150 кіламетраў з Беняконяў, дзе жыве, у Мінск, каб адвезці на «Валадарку» перадачу сыну і яго «непалітычным» сукамернікам, якім амаль ніхто нічога не перадае. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, Святлана горача падтрымлівае Арцёма і верыць у перамогу.

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas9_logo.jpg


Маці не пазнала сына

Арцёма Касакоўскага затрымалі 27 верасня мінулага года ў Мінску перад нядзельным маршам і завялі справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Пазней яму выставілі яшчэ адно абвінавачанне — па ч. 3 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці) — нібыта хлопец хацеў пашкодзіць шапік «Табакеркі». Перад кожным з гэтых артыкулаў ідзе прыпіска: арт. 13 ч. 1 — намер. То-бок, судзяць Арцёма нават не за нейкія дзеянні, а за тое, што ён, па версіі следства, меў намер іх здзейсніць. Усяго па гэтай справеы праходзяць 12 чалавек — ім ставяць у віну здзяйсненне злачынстваў у групе асобаў.
Судовыя пасяджэнні некалькі разоў пераносіліся.
— Першы тыдзень, калі суд пачаўся, пасяджэнні ішлі тры дні, а на чацвёрты адзін з абвінавачаных затэмпературыў, таму пасяджэнне перанеслі на наступны панядзелак. Калі мы прыйшлі ў панядзелак, адзін з абвінавачаных, які быў на свабодзе, — «стукач» — не з’явіўся, яго тэлефон быў недаступны, і пасяджэнне зноў адмянілі, — распавядае Святлана Касакоўская, з якой мы сустракаемся ля СІЗА №1. Сюды яна прывезла сыну чарговую перадачу, але ўзялі не ўсё — нехта з валанцёраў паспеў раней перадаць Арцёму рэчы і прадукты, не папярэдзіўшы маці, і яна вымушаная везці частку торбаў назад.

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas1_logo.jpg


Абвінавачаных вылічылі па чаце, хоць асабіста, гаворыць Святлана, яны паміж сабой не былі знаёмыя. Затрымлівалі ў два этапы: Арцёма Касакоўскага і яшчэ некалькі чалавек — 27 верасня, астатніх — 29-га.
Арцём працаваў у Лідзе на заводзе «Оптык» і жыў у інтэрнаце, а на выходныя прыязджаў дадому ў Беняконі, што ў 40 кіламетрах ад Ліды. У той час Святлана працавала ў Літве, але з сынам пастаянна была на сувязі.
— Я стала тэлефанаваць яму ў 3 гадзіны, але тэлефон быў недаступны. Адразу адчула, што нешта не тое. Малодшы сын сказаў, што Арцём раніцай некуды з’ехаў на машыне. Нідзе ў інтэрнэце яго не было. Я ўсю ноч не спала, не ведала, дзе шукаць сына. А палове на пятую раніцы зайшла ў Інстаграм і ўбачыла відэа МУС з «прызнаннем» затрыманага хлопца з Ліды. Я яго нават не пазнала — у яго на вочы была нацягнута кепка, а пад ёй — заклеены лоб, бо яго білі, — успамінае Святлана.
Прыкладна ў гэты ж час Арцём Касакоўскі знайшоўся ў спісах затрыманых у Жодзіна.

«Збіраўся адбіваць людзей ад АМАПа»

30 верасня Арцём ужо быў на Акрэсціна. Святлана, якая напярэдадні вярнулася ў Беларусь, з малодшым сынам адразу павезла яму перадачу, але ёй сказалі, што Арцёма ў іх няма.
— Я пасля гадзіны дня туды прыйшла і сышла толькі а сёмай. Стала на ганак і кажу: «Шукайце мне сына!». Дзяжурныя тры ці чатыры разы хадзілі з гэтымі спісамі, потым выклікалі нейкага начальніка ў цывільным, які сказаў мне прайсці ў двор. Калі мяне завялі, бразнулі жалезныя дзверы, і я падумала: ну ўсё, мама знайшла сына… Начальнік той некалькі разоў хадзіў шукаць — няма. Тэлефаную адвакату — той кажа, што ёсць. І калі я ўжо стала адыходзіць, заехаў нейкі бус. Аказваецца, у ім сына толькі прывезлі на Акрэсціна. З Жодзіна яго вывезлі напярэдадні вечарам, ноч ён правёў у Цэнтральным РУУС, пасля цэлы дзень вазілі па горадзе і шукалі яго машыну, на якой ён прыехаў у Мінск.
На відэа МУС паказалі, нібыта ў машыне Арцёма знайшлі кручаныя цвікі, балты, востры прадмет, каб пратыкаць колы ў машынах сілавікоў, сцвярджалі, што ў яго было зменнае адзенне на выпадак, калі зальюць вадой з вадамётаў. Святлана не ведае, ці сапраўды гэта было ў яго машыне, альбо міліцыянты знялі прадметы дзеля «карцінкі» і прымусілі хлопца прызнацца, што ён вазіў іх з сабой. На відэа Арцём кажа, што збіраўся адбіваць людзей ад АМАПа.
Жанчына не адмаўляе, што Арцём хадзіў на маршы пратэсту ў Лідзе і нават дапамагаў ратаваць людзей ад сілавікоў. У Жодзіна па фота ўстанавілі, што ён удзельнічаў у пратэстах, праўда, напісалі, што гэта было не ў Лідзе, а ў Мінску.

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas4_logo.jpg


«Я буду жыць у Беларусі і змагацца да канца»

Чатыры месяцы з Арцёмам Касакоўскім не праводзілі ніякіх дзеянняў. З Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА на Валадарскага, потым — зноў у Жодзіна, а адтуль — назад на «Валадарку». Святлана Касакоўская не бачыла сына амаль 9 месяцаў, упершыню змагла сустрэцца з ім толькі ў судзе.
— Трымаецца ён добра, але часам бываюць такія лісты, па якіх бачна, што яму цяжка. Я прапаноўвала яму, калі гэта ўсё скончыцца, паехаць са мной у Літву і разам там працаваць. А ён кажа: «Не, маё месца тут, я буду жыць у Беларусі і змагацца да канца».

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3_logo.jpg


Святлана вельмі непакоілася за сына і ўвесь час запытвалася ў адваката: як ён выглядае? Ці яго не б’юць? Як да яго ставяцца? Але адвакат «суцяшаў»: «Не перажывайце, цяпер у турме сядзяць самыя годныя людзі».
— На Валадарскага ён сядзеў у камеры з блогерам Аляксандрам Кабанавым, з журналістамі. У кожным лісце ён мне піша: «Мама, галоўнае, ты за мяне не перажывай. Дзе б я яшчэ з такімі людзьмі пазнаёміўся?»
Пэўны час ліставанне з сынам было вельмі кепскае: жанчына пісала сыну і заказныя лісты і адпраўляла іх у канвертах 1-га класа — нічога не даходзіла. Тады Святлана сабрала чэкі ад лістоў і паехала з імі на прыём да кіраўніцтва СІЗА. Пасля размовы маці з турэмнай адміністрацыяй Арцём стаў атрымліваць лісты ад многіх людзей. Яму пішуць не толькі беларусы — лісты і паштоўкі ідуць з Амерыкі, Канады, Нарвегіі. Праўда, лісты ад маці яму так і не даходзяць, але яна можа падтрымліваць сувязь з сынам праз адваката. Арцём перадае маці, што кожны раз здзіўляецца, што людзі выдаткоўваюць свой час і грошы на яго.
— Мне людзі паведамляюць, што пішуць яму, і я перадала яму літаральна пайменны спіс. Сын сказаў, што цяпер будзе патрабаваць у цэнзара лісты ад гэтых людзей, — дзеліцца досведам маці палітвязня. — Таму я раю ўсім родным палітзняволеных: збірайце чэкі і ідзіце патрабуйце ў адміністрацыі, каб аддавалі лісты.

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas6_logo.jpg


«Ён з дзяцінства ў мяне герой»

Перад судом Святлана вельмі баялася, што яна можа расплакацца — і гэтым расстроіць сына. Але ўзяла сябе ў рукі і вырашыла, што плакаць будзе потым. Калі яна зайшла ў залу і ўбачыла Арцёма, стала яму махаць, усміхацца, дасылаць пацалункі — канваіры нават зрабілі ёй заўвагу, маўляў, нельга камунікаваць з падсуднымі жэстамі.
— А я кажу: «Я 9 месяцаў сына не бачыла, я што, не магу з ім павітацца? — узгадвае Святлана Касакоўская. — Калі я яго ўбачыла — думала, у мяне сэрца выскачыць. Я ніколі не бачыла яго з такой прычоскай, ён увесь белы — аж свеціцца. Ён быў стомлены, відаць, не спаў — потым прасіў праз адваката, каб я перадала яму снатворнае.
На пасяджэнні прыходзілі і сябры Арцёма, і калегі, і незнаёмая дзяўчына, якая ўвесь час піша яму лісты і дасылае пасылкі. Убачыўшы падтрымку, палітвязень павесялеў, стаў жартаваць у лістах і перадаў маці, што ў яго ўсё ў парадку, ён трымаецца.
— Ён вельмі змяніўся, але я нават не магу сказаць, што менавіта ў ім памянялася. Ён стаў зусім іншым, пасталеў. У яго нават позірк стаў іншым.
Пра сябе Святлана кажа, што за 24 гады, цягам якіх жыве ў Беларусі без сваякоў (сама яна родам з Казахстану), прывыкла браць сябе ў рукі і дзейнічаць.
— Я заўжды пішу сыну, што мы з ім моцныя і ўсё вытрымаем. У яго мой характар, ён з дзяцінства ў мяне герой. Казаў: «Мама, што ты будзеш са мной рабіць, калі я вырасту?». Але ён рос, і ў мяне ніколі не было з ім ніякіх праблем.

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas5_logo.jpg


Сваякі адвярнуліся, а незнаёмыя — падтрымалі

Святлана Касакоўская распавядае, што менавіта сыны пераканалі яе ісці галасаваць на выбарах, хаця жанчына не верыла, што раптам у Беларусі можа нешта змяніцца пасля 26 гадоў кіравання Лукашэнкі.
— Гэта першыя выбары ў маіх дзяцей, і я іх падтрымала. Але калі я ўключыла тэлевізар і там сказалі пра «80%», я яго выключыла і да гэтага часу не ўключаю.
І ўсё ж жанчына, якая столькі ўсяго перанесла і працягвае зацята змагацца за свайго сына, у пэўны момант не можа стрымаць слёз і прызнаецца: самым цяжкім ва ўсёй гэтай гісторыі для яе стала тое, што не падтрымалі, здавалася б, самыя блізкія людзі — сваякі.
— Спачатку было вельмі цяжка. Але мне сталі тэлефанаваць чужыя людзі — у мяне проста тэлефон разрываўся! Таму я адразу прыняла для сябе рашэнне: калі людзі ў такой сітуацыі засталіся ўбаку, значыць, я іх выкрэсліваю з жыцця.

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas8_logo.jpg


Што да Арцёма, то ён прызнаўся маці: больш за ўсё баяўся таго, што яна яго не падтрымае.
Паводле арт. 293 Арцёму пагражае ад 3 да 8 гадоў калоніі, па арт. 218 — ад 7 да 12. Але маці спадзяецца на тое, што да калоніі справа не дойдзе.
— Сын не здаецца. І нам нельга здавацца, трэба ісці да канца, да перамогі! — упэўнена Святлана Касакоўская.ю

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas2_logo.jpg


Вы можаце падтрымаць Арцёма Касакоўскага, напісаўшы яму на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.
Маці Арцёма таксама патрэбная дапамога: яна цяпер без працы, увесь свой час і сродкі выдаткоўвае на перадачы сыну і судовыя пасяджэнні.
— Не ўсім «палітычным» сваякі перадаюць перадачы, даводзіцца падтрымліваць і іх. Аднаму хлопцу я сама шукала адваката — ён прасядзеў без абаронцы 8 месяцаў. Адна перадача абыходзіцца рублёў у 150, плюс дарога. Гэта цяпер я стала менш вазіць — перадача важыць кілаграм — кіло дзвесце, а зімой кожны тыдзень толькі па 2 кілаграмы сала перадавала, два вялікія боханы хлеба па кілаграму, і сыр, і гародніну, і гарбату, і да гарбаты, і на «абшчак», і трэба было апрануць сына на зіму... Таму, калі нехта можа нечым дапамагчы — я была б удзячная, — гаворыць жанчына.

kasakouskaja._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas7_logo.jpg


Калі вы можаце дапамагчы, кантакты Святланы Касакоўскай ёсць у рэдакцыі. Таксама вы можаце дапамагчы сям'і Арцёма грашовым пераводам: 4255 1901 2192 2788 да 06/24 (Беларусбанк).