Як людзям на вазках атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі

Калі выпускнік школы — гэта малады чалавек ці дзяўчына на інвалідным вазку, паўстае праблема, ці магчыма ўвогуле паступіць у ВНУ?

Студэнткі Галіна Каспяровіч (злева) і Дар’я Ліс з выкладчыцамі на філалагічным факультэце БДПУ. Фота забяспечанае Дашай Ліс.

Студэнткі Галіна Каспяровіч (злева) і Дар’я Ліс з выкладчыцамі на філалагічным факультэце БДПУ. Фота забяспечанае Дашай Ліс.

Дар’я Ліс: пайшла ў педагагічны, бо там быў ліфт

Дзяўчына на вазку Дар’я Ліс жыве ў Залессі на Смаргоншчыне. Працуе журналістам-фрылансерам. У 1999 годзе з залатым медалём скончыла школу. Бачыла сябе студэнткай лінгвістычнага ўніверсітэта або БДУ. І тут з’явілася шмат але.– У 11 класе я была ўпэўненая: стану перакладчыкам з французскай і буду сумяшчаць веданне моў з журналістыкай. Па-першае, любіла і добра ведала французскую. За што дзякуй настаўніцы Аляксандры Рабцавай. Па-другое, друкавалася ў моладзевых газетах. Гэта было цікава! – прыгадвае Даша канец 1990-х.
Калі прыйшоў час паступаць, мама абітурыенткі з’ездзіла ў разведку ў сталіцу. Тады і зразумелі: на журфак ісці не варта, а ў лінгвіс­тычным універсітэце няма ліфта і завочнага аддзялення французскай мовы.
Тады Даша набыла даведнік для абітурыентаў і… разгубілася: было так шмат спецыяльнасцяў, але ўсё патрэбнае было недасяжным…
У жаданым БДУ не было ліфта. Таму абітурыентка паступіла ў педагагічны ўніверсітэт на факультэт беларускай філалогіі і культуры.
Атэстат выдатніцы Дашы выдалі раней, і на выпускны вечар у школу яна прыйшла студэнткай. Забрала свой залаты медаль і весела правяла час з аднакласнікамі.
Разам з Дашай вучылася яшчэ адна дзяўчына на вазку Галіна Каспяровіч (цяпер – Зыранава) з Брэстчыны.
Я ўдзячная выкладчыкам і аднакурснікам за дапамогу, разуменне і падтрымку. Хоць вучоба мая была суцэльным экстэрнатам: ез­дзіла здаваць экзамены ды залікі, кантрольныя працы пісала. Перачытала гару класікі. Трохі паглядзела Мінск. Гэта ўсё важны досвед, – прыгадвае мая субяседніца.
І ў той жа час прызнаецца: месцамі сачкавала, бо не бачыла для сябе перспектывы ў такой адукацыі і ў педагагічнай працы. Ёй хацелася зносін з людзьмі і ведання моў. Усё гэта дадавалася паступова і… самастойна. Асабліва пасля прыходу інтэрнэту.
Сёння Даша ўдзячная выкладчыкам, якія ішлі насустрач, бацькам, якія вазілі яе ў Мінск, цягалі падручнікі, літаратуру.

Вікторыя Альшэўская: вучыцца не здолела з-за інфарматыкі на чацвертым паверсе

Маладая мама на інвалідным вазку з Маладзечна Вікторыя Альшэўская жыве з баць­камі і маленькай дачкой. У 2007 годзе скончыла сярэднюю школу №14 у Маладзечне. Іншай адукацыі ў жанчыны пакуль няма. Адразу пасля школы вырашыла паступаць у гандлёва-эканамічны каледж, што ў Маладзечне, на завочнае аддзяленне. Хай адукацыя не вышэйшая, але ж установа ў родным горадзе. Абрала спецыяльнасць «бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль». Вучыцца трэба было платна.
На вучобу на інвалідным вазку дачку вазіла мама.
– Машына ў нас была, але бацька тады не мог вазіць мяне, бо працаваў, – прыгадвае Віка. – Так мы і ездзілі з мамай: з інвалідным вазком залазілі ў аўтобус.
Правучылася Віка зусім нядоўга. Кажа, калі паступала, абгаворвалася тое, каб заняткі былі на першым паверсе. Але на практыцы гэтага не атрымалася. Інфарматыку ўвесь час ладзілі на чацвертым паверсе.
Пакуль Вікторыя ў дэкрэтным. Нядаўна скончыла курсы «Інклюзіўны барыста». Кажа, вельмі б хацелася і ўладкавацца на працу, а атрымаць адукацыю псіхолага пажадана дыстанцыйна. Але пакуль гэта толькі мары.

Аксана Карніловіч: у каледжы для мяне перанеслі камп’ютар на першы паверх

Маладзечанка на вазку Аксана Карніловіч школу скончыла ў 2018. У старэйшых класах захапілася праграмаваннем. Таму і спецыяльнасць вырашыла абраць адпаведную. Паступіла на завочнае аддзяленне радыётэхнічнага каледжа ў Мінску. Тут навучэнцы на вазку пайшлі насустрач. Нават камп’ютар для заняткаў інфарматыкай перанеслі на першы паверх.
Пакуль я вучуся на першым курсе, – кажа Аксана. – У групе ёсць яшчэ адна дзяўчына на вазку. За гэты год навучання праблем не было. Падабаецца і абраная спецыяльнасць, і навучанне.

Юрыст: на ўсю Беларусь для людзей з інваліднасцю – адна ВНУ

Аб праблемах, з якімі сутыкаецца чалавек на вазку, што хоча атрымаць вышэйшую адукацыю, «Рэгіянальнай газеце» расказаў юрыст Офіса па правах лю­дзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі: – З пытаннем, дзе чалавеку з інваліднасцю атрымаць вышэйшую адукацыю і адукацыю ў прынцыпе, да нас звяртаюцца часта. І тут ёсць некалькі праблем: гэта і фізічная даступнасць да ўстановы адукацыі, і немагчымасць суправаджаць чалавека з інваліднасцю, і адсут­насць даступнай статыстыкі пра колькасць такіх студэнтаў.
Летась у Офіс звярнулася сям’я. Дзяўчына-вазочніца хацела паступаць на дызайнера. Бацькі вывучылі ці не ўсе ВНУ Беларусі і не знайшлі ніводнай, дзе б магла вучыцца дачка.
У выніку яны прыйшлі ў Офіс з пазіцыяй: мы гатовыя паступіць хоць куды, на любую спецыяльнасць. Толькі скажыце, куды можна.
Па словах Алега Граблеўскага, сёння толькі адна ВНУ больш-менш абсталяваная пад навучанне такіх студэнтаў. Гэта Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Другая праблема – немагчымасць суправаджаць на лекцыях студэнта-вазочніка або студэнта з псіхічнымі адхіленнямі. Калі ў школе і дашкольных установах гэта магчыма па заканадаўстве, то ў ВНУ такі суправа­джаючы заканадаўча не прадугле­джаны. Так і адказваюць бацькам на афіцыйныя запыты ў Мінадукацыі.
Трэцяя праблема – лічбы.
Мы не бачым статыс­тыкі, які працэнт студэнтаў з інваліднасцю ад агульнай колькасці студэнтаў. Калі ж часам удаецца выха­піць нейкія лічбы, то яны звычайна мізэрныя, – кажа Алег. – Вядома, большасць абітурыентаў на вазку, сутыкнуўшыся з такімі праблемамі ці хаця б пачуўшы пра іх, проста застаюцца ся­дзець дома.
Хоць вышэйшая адукацыя многім з іх патрэбная.
Як мінімум, для самаацэнкі, – кажа мая субяседніца Даша Ліс. – Але самаадукацыю ніхто і нішто не заменіць. Цяпер ёсць інтэрнэт і процьма магчымасцяў. А да афіцыйнай адукацыі пытанні застаюцца.
Аксана Ярашонак, «Рэгіянальная газета»