«Яны не тое што не зломленыя духам — яны могуць даць прыклад бадзёрага духу ўсім нам»

5 супрацьгазаў, балончыкі з фарбай, майкі, бейсболкі, сцягі, пасведчанне Партыі БНФ і прафсаюзны білет — спіс «рэчавых доказаў» у справе, па якой 25 траўня ў Магілёве палітвязням прысудзілі ад 7 да 4 гадоў калоніі. «Новы Час» пагутарыў са сваякамі некаторых асуджаных, якія сёння ўпершыню за доўгія месяцы змаглі ўбачыць сваіх родных скрозь закратаваны «акварыум» у зале суда.

Павел Севярынец. Фота БелаПАН

Павел Севярынец. Фота БелаПАН

«Яны будуць распаўсюджваць святло там, куды трапяць»

Нагадаем, сустрашыня БХД Павел Севярынец, актывісты «Еўрапейскай беларусі» Яўген Афнагель і Андрэй Войніч атрымалі па 7 гадоў узмоцненага рэжыму, іх паплечнікі Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, а таксама блогер Дзмітрый Казлоў — па 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, адміністратарка тэлеграм-каналаў Ірына Шчасная — 4 гады калоніі. Іх усіх прызналі вінаватымі ў парушэнні артыкула 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках».

Суд быў закрытым, але на абвяшчэнне прысуду, якое павінна было быць адкрытым, прапусцілі толькі па двое сваякоў на палітвязня. Пасля працэсу яны распавялі НЧ некаторыя яго акалічнасці. Так, падсудныя сядзелі ў шкляным закратаваным «акварыуме», аточаныя 10 міліцыянтамі-ахоўнікамі. На бліжэйшыя да клеткі лавы нікому сядаць не дазвалялі — нягледзячы на каронавірус, усіх заціснулі на заднія шэрагі. Падчас «суда» зачыталі і спіс «рэчавых доказаў» злачынства, сярод якіх — 5 супрацьгазаў, балончыкі з фарбай, майкі, бейсболкі, сцягі, пасведчанне Партыі БНФ на імя Максіма Вінярскага, прафсаюзны білет…

Родныя зняволеных не чакалі мяккіх прысудаў, таму слёз роспачы пасля агалошвання даўно напісаных «наверсе» тэрмінаў каля Магілёўскага абласнога суда не было. А была цвёрдая ўпэўненасць: іх блізкія не будуць сядзець усе свае тэрміны, мур рухне значна раней. Дый самі падсудныя ў гэтым не сумняваюцца: Павел Севярынец заявіў, што ніякага суда не было і пачаў скандаваць «Верым, можам, пераможам!», «Жыве Беларусь!», і гэтыя воклічы падхапілі ўсе прысутныя ў зале, апроч хіба супрацоўнікаў суда.

Таццяна Севярынец. Фота «БелаПАН»

Таццяна Севярынец. Фота «БелаПАН»

— Калі пералічвалі артыкулы, у якіх сказана пра падпалы, узброены супраціў, гвалт над асобай, якія нібыта здзейсненыя гэтымі людзьмі (палітвязнямі. — НЧ) — нягледзячы на ўсю трагічнасць моманту, гэта было смешна. Гэта з той жа оперы, што і нібыта ХАМАС самалёт спыніў, — дадае маці палітыка Таццяна Севярынец. — Гэты суд увойдзе ў гісторыю крыміналістыкі як прыклад таго, як фальсіфікаваліся дакументы і як нельга гуляць чалавечымі лёсамі.

Таццяна Севярынец абураная прысудам сыну, але ў той жа час яна перакананая: «Камусьці гэта будзе дабраславеннем, таму што гэтыя людзі будуць распаўсюджваць святло там, куды яны трапяць». Жанчына прызнаецца, што раней увесь час, гаворачы пра сына, яна не магла стрымаць слёз. Сёння першы раз, калі яна не заплакала, гаворачы пра Паўла.

— Я не збіраюся плакаць, каб гэтыя пачвары бачылі мае слёзы. Не дачакаюцца — мы будзем жыць!

Вольга Севярынец — жонка Паўла Севярынца. Фота «БелаПАН»

Вольга Севярынец — жонка Паўла Севярынца. Фота «БелаПАН»

Сын піша маме лісты ў турму

На абвяшчэнне прысуду да Ірыны Шчаснай прыехалі маці Валянціна і сястра Наталля. Ірыну этапавалі ў Магілёў 11 красавіка, і з таго дня яна перастала атрымліваць «Новы Час» — адміністрацыя заявіла, што газету прызнаюць «экстрэмісцкай» (хаця гэта няпраўда, газета працягвае выходзіць у рамках заканадаўства). З тых часоў яна фактычна засталася без навін: камеры не было нават тэлевізара.

— Я вельмі баялася, што будзе больш жорсткі прысуд, узмоцнены рэжым, — прызнаецца спадарыня Валянціна. Яна была сведкай затрымання дачкі, калі сілавікі зайшлі за ёй у пад’езд у форме супрацоўнікаў ЖЭСа.

Ірына Шчасная. Фота «БелаПАН»

Ірына Шчасная. Фота «БелаПАН»

Маці і сястра сёння ўбачылі Ірыну ўпершыню за шэсць месяцаў. Калі спадарыня Валянціна сустрэлася з дачкой позіркамі, у абедзвюх пацяклі слёзы. Але зняволеная выглядае добра, трымаецца бадзёра. Яе родныя таксама імкнуцца захоўваць спакой, хаця гэта даецца няпроста.

— Сказаць, што гэта быў цяжкі час (з моманту затрымання Ірыны. — НЧ), — гэта не сказаць нічога, — уздыхае Наталля. — Наш з Ірынай тата захварэў на анкалогію, у яго 3-я ступень раку, ён перанёс некалькі аперацый, зараз праходзіць курс хіміятэрапіі. Мы ўсе перахварэлі на каронавірус, і мая свякроў, на жаль, яго не перажыла.

І маці, і бацька Ірыны ад перажыванняў за дачку зноў пачалі паліць, хаця не бралі ў рукі цыгарэты больш як 10 гадоў. Спадарыня Валянціна распавядае, што ад умоў у СІЗА на Валадарскага ў Ірыны пагоршылася здароўе, вакол вачэй з’явіліся сінякі. Але найбольш цяжка ёй даўся этап на суд у Магілёў.

— У яе так ацяклі рукі ад кайданкоў, што канваір дапамагаў несці сумку — сама яна не магла падняць. У 11 яны выехалі з Валадарскага, у 8 былі ў Магілёве, і потым з 8 раніцы да 11 вечара яшчэ стаялі ў «адстойніку» без вады і ежы. У цягніку не было куды выцягнуць ногі, і ўсё паапухала, — распавядае спадарыня Валянціна. 

Сама Ірына, паводле слоў спадарыні Валянціны, найбольш перажывае за свайго сына Германа, якому ў чэрвені споўніцца 11. Ён з бацькам Аляксандрам пасля затрымання Ірыны з’ехаў з краіны і цяпер піша маме лісты ў турму і вельмі яе чакае.

«Людзей саджаюць у клеткі, а звяры ходзяць вакол»

Фота «БелаПАН»

Фота «БелаПАН»

Сястра Максіма Вінярскага Алена Церашкова зазначае, што ў яе засталіся супярэчлівыя ўражанні ад працэсу.

— З аднаго боку, сёння ахоўнікі паводзілі сябе адэкватна, не хапалі за адзенне — можна сказаць, па-еўрапейску. З іншага, мы бачылі гэты судовы фарс, калі людзей судзяць за іх шчырую грамадзянскую пазіцыю, не падмацаваную ніякімі дэструктыўнымі дзеяннямі.

Мяне вельмі ўразіла, што пералічылі ўсе 12 тысяч і некалькі соцень канфіскаваных налепак, а таксама прынялі рашэнне іх спаліць — цэлы абзац пастановы суда быў прысвечаны пералічэнню гэтых дробязей, якія пастанавілі знішчыць як тыя, што не маюць матэрыяльнай каштоўнасці. Уразіла і тое, што канфіскавалі тэхніку. Няўжо наша «ІТ-краіна» настолькі не можа сабе дазволіць сучаснай тэхнікі, што тэлефоны і планшэты, якія цягам двух гадоў робяцца састарэлымі, трэба канфіскоўваць? У гэтым праяўляецца дробязнасць нашай дзяржаўнай палітыкі, якая гаворыць сама за сябе.

Максім і ўсе яны выглядаюць выдатна, наколькі выдатна можа выглядаць чалавек, які некалькі месяцаў знаходзіцца ў клетцы. Яны не тое што не зломленыя духам — яны могуць даць прыклад бадзёрага духу ўсім нам, — зазначае Алена.

Пра тых, хто стварае бачнасць «правасуддзя» і ўлады ўвогуле яна гаворыць: «Яны нас баяцца, прычым настолькі, што людзей садзяць у клеткі, а звяры ходзяць вакол».

P.S. Калі нехта з чытачоў мае жаданне падтрымаць палітвязняў і іх сем'і, звяртайцеся — іх кантакты ёсць у рэдакцыі.

Фота «БелаПАН»

Фота «БелаПАН»