Яшчэ дваіх беларусаў збіраюцца экстрадзіраваць з Расіі ў Беларусь

17 верасня ў Пецярбургу павінен адбыцца суд па справе экстрадыцыі ў Беларусь маладзечанца Сяргея Непагоды, якому на радзіме пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта «Свабодзе» паведамілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Пецярбургу.

246069_5x3_topteaser1260x756.jpg


Сяргея Непагоду затрымалі 16 верасня на выхадзе са следчага ізалятара.
Удзельнік пратэстаў у Маладзечне быў затрыманы ў Пецярбургу ў сакавіку. 41-гадовы мужчына ўцёк з Беларусі летась, пасля таго, як 19 чэрвеня 2020-га паспрабаваў адбіць у сілавікоў удзельніка акцыі.
Бойка людзей з ланцуга салідарнасці і супрацоўнікаў АМАПа адбылася 19 чэрвеня 2020 года на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Багдана Хмяльніцкага ў Маладзечне. Тым вечарам сілавікам атрымалася затрымаць 24-гадовага Мікалая Алейніка. Яго якраз і спрабаваў адбіць у АМАПа затрыманы ў Пецярбургу мужчына. Відэа канфлікту ёсць у сеціве.
Сёння павінна прайсці пасяджэнне па справе Непагоды ў Колпінскім судзе Пецярбурга — разгляд рашэння аб экстрадыцыі ў Беларусь і змяшчэння ў ізалятар з гэтай мэтай. У судзе ў Сяргея Непагоды будзе адвакат Вольга Цэйтліна, паведамляюць прадстаўнікі беларускай дыяспары.
Яшчэ аднаго беларуса, Уладзіслава Чакалава, гвалтам вывозяць з Расіі. Жонка Уладзіслава Вікторыя сказала, што 16 верасня муж звязаўся з ёю і паведаміў, што яго вязуць на памежны пераход «Новыя Юркавічы», каб там перадаць памежнікам Беларусі. Уладзіслаў сцвярджае, што працэдура экстрадыцыі ў дачыненні да яго не была выкананая.
У Беларусі на мужчыну заведзеная крымінальная справа за фінансаванне пратэснай дзейнасці.
Уладзіслаў Чакалаў — грамадзянін Беларусі і таксама Ізраіля. Расійскі суд прыняў рашэнне вывезці Чакалава ў Беларусь, бо нібыта скончыўся тэрмін дзеяння яго ізраільскага пашпарта.