Юрый Гагарын: Бачыў я Беларусь. Яна прыгожа глядзіцца з космасу і асабліва цудоўная зблізку

60 гадоў мінула з часу першага палёту чалавека ў космас. Тым самым першым быў Юрый Гагарын — чалавек з сонечнай усмешкаю, якога з Беларуссю радніла не толькі паходжанне: нарадзіўшыся ў былых межах Вялікага Княства Літоўскага, на Смаленшчыне, Гагарын са школы ведаў купалаўскі верш «Хлопчык і лётчык», гаварыў, што ён і падштурхнуў яго да выбару прафесіі.

Невядомы фотаздымак Юрыя Гагарына

Невядомы фотаздымак Юрыя Гагарына



«Нас вітаў усмешкаю Гагарын»

Гэта была незвычайная вясна і фантастычная навіна: чалавек у космасе. У гэты дзень у Купалаўскім тэатры была прэм’ера макаёнкаўскай «Лявонiхі на арбiце». Пра тое, што ў космас паляцеў першы зямлянін, парторг Купалаўскага Браварская паведаміла са сцэны адразу пасля антракту. У адказ зал забушаваў. І калі пасля Барыс Платонаў, які граў Лявона, казаў: «Людцы, што робіцца — мая Лушка на арбiту выходзiць!», а затым, зрабіўшы паўзу, дадаў: «Услед за Гагарыным», — публіка ўзарвалася апладысментамі, якія перараслі ў авацыю.
Гэтаксама і Максім Танк распавядаў, як адчуў у той дзень гонар за савецкую краіну. Здарылася гэта ў ЗША, дзе каля дзвярэй яго нумара ў гатэлі стаяў на варце двухметровы палісмен, які штораніцы вітаў паэта: «Good morning, sir!» Але аднойчы выходзіць Максім Танк з нумара, а палісмен нечакана кажа па-руску: «Здравствуйте, сэр!» У той дзень Юрый Гагарын паляцеў у космас.
А пра Янку Купалу і яго «Хлопчыка і лётчыка» згадвала маці першага касманаўта Ганна Цімафееўна Гагарына, калі ў 1980-я гады прыязджала ў Мінск і наведвала музей беларускага песняра. Беларусь прыгадваў і сам Юрый Гагарын, які хоць ніколі не быў тут, але цёпла адгукаўся пра краіну. Пра гэта вядома з аповеду Генадзя Бураўкіна, пераказанага Міхасём Скоблам.
1962 год. Міжнародны моладзевы фестываль у Хельсінкі, на якім прадстаўляць Беларусь выпала 25-гадоваму Бураўкіну. Усіх савецкіх дэлегатаў пасялілі на караблі. І вось жывуць у суседніх каютах беларус Генадзь Бураўкін, украінец Дзмітро Паўлычка, рускія Яўгеній Еўтушэнка і Юрый Гагарын. Пасля афіцыйных мерапрыемстваў сустракаюцца па-суседску, на зорнае неба любуюцца. І тут Бураўкін пачаў дапытвацца ў першага касманаўта свету, ці бачыў ён Беларусь з космасу? А Еўтушэнка (які пазней прызнáе свае гомельскія карані) умешваецца:
— Надакучыў ты, Гена, са сваёй Беларуссю! Маленькая яна ў касмічных маштабах, яе і з Масквы часам не відно.
— Бачыў я Беларусь, — усміхнуўся Гагарын сваёй непаўторнай усмешкай і прыабняў Бураўкіна. — Яна прыгожа глядзіцца з космасу і асабліва цудоўная зблізку.
У інтэрнэт-прасторы можна адшукаць фотаздымак, дзе разам тры славутасці: паэт Аляксандр Твардоўскі, касманаўт Юрый Гагарын і кампазітар Дзмітрый Шастаковіч. І подпіс: «Тры этнічныя беларусы». Аўтар гэтага подпісу пэўна меў рацыю, бо Твардоўскі і Гагарын паходжаннем са Смаленшчыны (Твардоўскі нарадзіўся на хутары Загор’е, Гагарын — зусім блізка ад Беларусі, у гарадку Гжацк (цяпер Гагарын), а прадзед Шастаковіча, ураджэнец Віленскай губерні, быў удзельнікам паўстання 1830–1831 гадоў.
Што ж датычыць знакамітай гагарынскай усмешкі, то Генадзь Бураўкін згадваў яе не раз. Адно яго інтэрв’ю так і называлася: «Нас вітаў усмешкаю Гагарын». Але лёс падарыў паэту сустрэчу не толькі з першым касманаўтам Зямлі: пазней ён пазнаёміўся са старэйшым братам Юрыя Гагарына Валянцінам (калі ў 1982 годзе ў выдавецтве «Юнацтва» выйшла яго кніга «Мой брат Юрий») і з яго маці. «Семье Буравкиных на добрую память об семье Гагариных», — падпісала Ганна Цімафееўна фотаздымак, на якім яна была разам з сынам.

Дарчы надпіс маці Юрыя Гагарына Ганны Цімафееўны

Дарчы надпіс маці Юрыя Гагарына Ганны Цімафееўны

«Прыязджай на радзіму, Пятро»

Зрэшты, гэта былі яшчэ не ўсе «касмічныя» кантакты Бураўкіна — ён быў не проста знаёмы, а сябраваў з першым беларускім касманаўтам Пятром Клімуком, ураджэнцам вёскі Камароўка (цяпер Тамашоўка), што на Брэстчыне. У хатнім архіве Генадзя Мікалаевіча захавалася шмат фотаздымкаў, дзе яны, маладыя, разам: і ўдвух, і з жонкамі, і з Васілём Зуёнкам, Віктарам Вуячычам, Ігарам Лучанком… І пісаў Бураўкін у «Пісьме Пятру Клімуку з заснежанай Камароўкі»:
Панасыпала сёння сумётаў,Аж схаваліся яблынь камлі —Быццам сотня тваіх самалётаўПракаціла віхор па зямлі,Быццам хмарай пранесліся гусі —Кожны скінуў на вёску пяро…Слава, гонар, любоў Беларусі,Прыязджай на радзіму, Пятро…
Ужо ў часе апошніх нашых з ім гутарак, у траўні 2014-га, Генадзь Мікалаевіч згадваў, як Пётр Клімук, пабываўшы ў 1973 годзе ў космасе і рыхтуючыся да новага палёту (хоць, злятаўшы першы раз і гасцюючы ў доме Бураўкіных, казаў потым эмацыйна: «Хрэн я ім яшчэ палячу!»), параіўся, што б сімвалічнае беларускае ўзяць у космас наступным разам. «І вось тады мы пайшлі ў кнігарню, што на Карла Маркса, — распавядаў Генадзь Мікалаевіч, — і Пеця выбраў Канстытуцыю БССР на беларускай мове і томік "Новай зямлі". Але я, шчыра кажучы, калі ён сказаў, што вазіў гэта з сабой, трошкі сумняваўся, пакуль аднойчы Віталік Севасцьянаў пры нейкай сустрэчы не пачаў чытаць: "Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…" Я кажу: "Што, Пеця навучыў?" Ён: "Навучыў".
Пётр Клімук і Віталь Севасцьянаў правялі на касмічнай арбіце разам больш за два месяцы.

Пётр Клімук і Генадзь Бураўкін з жонкамі Юліяй і Ліліяй

Пётр Клімук і Генадзь Бураўкін з жонкамі Юліяй і Ліліяй

«Зямля. Беларусь. Бураўкіну»

Але яшчэ пра тую апошнюю размову з Бураўкіным. Генадзь Мікалаевіч дадаў тады, што ў яго архіве і па сёння захоўваецца адзін дарагі яго сэрцу дакумент — канверт, на якім напісана: «Зямля. Беларусь. Бураўкіну». Гэта вітанне з космасу ўжо ад іншага беларускага касманаўта — Уладзіміра Кавалёнка, які гэтаксама, як і Клімук, тройчы бываў у космасе і які ў адну з вандровак да зор узяў паэтычны зборнічак блізкага сябра Бураўкіна паэта Васіля Зуёнка. Ён называўся незвычайна: «Нача». Быў відавочны сімвалізм у тым, што гэтая сціплых памераў кніжачка апынулася ў космасе, бо Нача — назва рэчкі, што працякае на Крупшчыне, адкуль паходжаннем не толькі паэт Васіль Зуёнак, але і касманаўт Уладзімір Кавалёнак.

Генадзь Бураўкін з беларускімі касманаўтамі Уладзімірам Кавалёнкам (злева) і Пятром Клімуком.

Генадзь Бураўкін з беларускімі касманаўтамі Уладзімірам Кавалёнкам (злева) і Пятром Клімуком.



«Ён сам быў падобны да сонца»

Касмічная тэма нібы фантом праяўлялася ў бураўкінскай паэзіі:
Мы будзённа гаворым пра космас.Ён не слепіць ужо навізной.След ракеты здаецца пракосамЦі запыленаю баразной…
Складаючы ўжо ў «нулявыя» гады томік выніковага «Выбранага», Генадзь Мікалаевіч уключыў і «Паэму расстання», якую прысвяціў памяці Юрыя Гагарына.
«Незвычайная слава, якая дасталася яму, ніколькі не сапсавала гэтага чалавека, — распавядаў Бураўкін, які двойчы сустракаўся з Гагарыным. — Мне ён вельмі падабаўся: мілы, сціплы, вясёлы. Такім я яго помню. Смерць Гагарына, смерць трагічная, стала маім уласным горам. І тады ў душы выспела жаданне напісаць пра гэтага вялікага сына Зямлі…»
Неадкрытая зоркана халоднае дрэваУпала самлелаю страказой.Па сінім воку небаСамалёт скаціўся слязой…
І застаецца толькі шкадаваць, што Генадзь Мікалаевіч так і не распавёў, што за любіцельскі чорна-белы фотаздымак захаваўся ў яго хатнім архіве, на адвароце якога алоўкам пазначана: «Гурзуф 1962» і на якім гэтак лёгка пазнаць першага касманаўта Зямлі — па яго знакамітай, сонечнай усмешцы.