Гэты артыкул — частка спецпраекту «Падзеленыя кратамі»

«Калі яго вялі ў кайданках у залу суда, я крыкнула: «Я цябе кахаю!»

З Аляксандрай, жонкай палітзняволенага Дзяніса Гуціна, мы сустрэліся ў перапынку паміж пасяджэннямі суда над ім. Хоць працэс закрыты, жанчына ўсё адно дзяжурыць пад дзвярыма залы суда, каб хаця б на секунду пабачыць мужа.

«Хто калі не я?»

Дзяніс Гуцін знаходзіцца за кратамі з верасня як адміністратар тэлеграм-канала «Кіроўцы 97». Яго абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парашаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК, ч. 1.2.). Хлопцу пагражае да трох гадоў зняволення.

Сям’я Гуціных жыве на ўскрайку Мінска ў прыватным доме разам з бацькамі Дзяніса. У сям’і трое дзяцей, два з якіх — блізняткі. Малодшы сын Марк мае групу інваліднасці. Сам Дзяніс займаўся сантэхнічным мантажом абсталявання, апошнім часам працаваў як індывідуальны прадпрымальнік. Аляксандра працуе ў краме.


— Муж заўсёды змагаўся з несправядлівасцю, — узгадвае Аляксандра. — Ён як не мог спакойна глядзець на разбітыя дарогі каля дома, так і не мог спакойна глядзець на тое, што адбывалася ў краіне пасля 9 жніўня. Я прасіла яго быць асцярожным, а ён мне на гэта адказваў: «А хто тады, калі не я?»

Дамоў да Гуціных супрацоўнікі ГУБАЗіКу прыйшлі 22 верасня.

— Я адчыніла дзверы, бо мужа не было дома. Яны мяне адштурхнулі і сказалі, што самі паглядзяць. Дзеці моцна спужаліся, ва ўсіх забралі тэлефоны. Дзяніса тады знайшлі ў горадзе і асудзілі на 15 сутак за ўдзел у адным з маршаў.


З ІЧУ пасля сутак Дзяніс не выйшаў. У хуткім часе Дзяніс стаў падазраваным па крымінальнай справе, яго змясцілі ў СІЗА на Валадарскага. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязнем.

— Калі мужа забралі, я зразумела, што праз 15 сутак яго не выпусцяць, але верыць у гэта не хацела, — узгадвае Аляксандра. — І тады ў мяне нібыта зямля з-пад ног сышла. Усе побытавыя справы былі на ім: за ўсё заплаціць, адвесці дзяцей у садок… Я ж працую з восьмай раніцы да дзявятай гадзіны вечара, таму не заўсёды магла гэта рабіць. А ён працаваў на сябе, меў больш гнуткі графік. Некалькі месяцаў я проста жыла на аўтамаце… Але што рабіць? Навучылася, можна сказаць, жыць наноў.


Жыццё наноў

Пасля затрымання Дзяніса Аляксандра была вымушана шукаць падпрацоўку. І тут уладальнік суседняга катэджа з офіснымі памяшканнямі, які дапамагаў будаваць яе муж, прапанаваў дзяўчыне ў яго прыбіраць.

— Некалькі месяцаў я прыбірала гэты катэдж: прыязджала пасля 21 гадзіны дадому з працы, укладала дзяцей спаць і ўначы ішла прыбіраць катэдж. Спала па некалькі гадзін на суткі. Дзяніс быў супраць таго, каб я столькі працавала. Але іншай магчымасці выплачваць крэдыты, якія на нас вісяць, у мяне не было.


Першыя лісты мужу ў СІЗА Аляксандры даваліся цяжка: не ведала, пра што і як пісаць: «Падавалася, што лісты ў наш час — гэта дзікунства. Гэта цяпер ужо прызвычаілася па пяць аркушаў пісаць».

Дзяніс за кратамі навучыўся маляваць і… гатаваць! Аляксандра кладзе мужу грошы на рахунак, і калі прыязджае «атаварка», то ён разам з сукамернікамі набывае каржы, згушчонку — і робіць торты! Хваліцца Аляксандры, што цяпер ведае шмат рэцэптаў простых страў і абавязкова ім навучыць жонку, калі выйдзе на волю.


Дзяніс у лістах піша, як ганарыцца беларусамі і сваёй краінай. Часта паўтарае, што ён шчаслівы чалавек. Нават калі б у яго была магчымасць пражыць жыццё інакш, то Дзяніс нічога б у ім не мяняў. Аляксандра кажа, што і яна мужам ганарыцца, хоць і ў першыя месяцы зняволення на яго злавалася. Але пасля супакоілася: «Не адзін жа ён такі сядзіць — сядзяць бацькі, у якіх па пяцёра дзяцей засталося, матулі сядзяць…»


«Мама, а тату міліцыя забрала?»

Ці ведаюць дзеці, дзе знаходзіцца іх тата? — пытаю Аляксандру.

— Спачатку я сказала, што тата ў камандзіроўцы, а пасля распавяла ўсё, як ёсць. Марк мне пастаянна задае пытанне: «Мама, а тату міліцыя забрала?». Як тут праўду не скажаш? Але я кажу яму, што тата хутка прыйдзе дадому.


У пяцігадовага Марка — другая ступень страты здароўя праз касавокасць. Да таго ж, нядаўна яму паставілі моўнае парушэнне: хлопчыка трэба вадзіць да лагапеда і псіхатэрапеўта.

— У нас наперадзе аперацыя на вочы, — распавядае Аляксандра. — Я шмат разоў прасіла спатканне з мужам, каб параіцца з ім, дзе лепш яе рабіць. У лякарнях з Маркам заўсёды ляжаў Дзяніс. Але сустрэцца нам не дазволілі… Цягнуць няма куды, аперацыю трэба было рабіць яшчэ паўгода таму. Але як, калі жыццё падзялілася на «да» і «пасля»?

Хадзіць на суды, каб пабачыць на хвіліну мужа

Судовы працэс над Дзянісам распачаўся 5 траўня. Пасяджэнні праходзяць па некалькі разоў на тыдзень у закрытым фармаце. Жонцы вядома толькі тое, што Дзяніс на пасяджэннях маўчыць. Адзінае, што ён збіраецца прамовіць, — гэта апошняе слова. Аляксандра ходзіць на кожнае пасяджэнне. У яе ёсць пару секунд на тое, каб пабачыць мужа: падчас таго, калі яго заводзяць і выводзяць з залі пасяджэнняў.

— Калі я першы раз за восем месяцаў яго пабачыла, у мяне не сыходзіла ўсмешка з твару, — распавядае Аляксандра. — Тады не адчувала роспачы — яна прыйшла ўжо пасля. Калі яго вялі ў кайданках у залу суда, я крыкнула: «Я цябе кахаю! Я з табой!». Ён гукнуў мне, што таксама мяне кахае. Мне падалося, што ён моцна схуднеў. Хаця я думала, з тымі пірагамі, якія я яму перадаю, схуднець немагчыма.

 На адзін з судоў Аляксандра ўзяла старэйшага сына Глеба, якому хутка споўніцца дзевяць гадоў.

— Глеб быў вельмі шчаслівы, калі пабачыў тату. Калі мужа ўводзілі, Глеб крыкнуў: «Тата, цябе люблю!». Пасля ён не адыходзіў ад дзвярэй, калі ішоў суд, і пастаянна пытаў: «А калі тата яшчэ раз выйдзе?»
 

Крыніца веры — муж

Аляксандра кажа, што Дзяніс наладжаны на перамогу. Сама яна рыхтуе сябе на горшае і чакае прысуду. Яна ўпэўнена, што пасля гэтага ёй стане лягчэй. Прынамсі, тады жанчына нарэшце зможа разлічваць на спатканне з мужам.

— Я проста прашу Бога, каб усё было добра, — дзеліцца Аляксандра. — Гэта ж трэба дажыць да такога, каб маліць Бога аб хіміі для мужа…

Калі Саша падае духам, то Дзяніс гэты дух падымае: «Мяне падбадзёрвае муж. Ён заўжды піша: «Зая, усё будзе добра». Пасля яго слоў і ў мяне вяртаецца вера ў перамогу». Дапамагаюць Аляксандры трымацца і сябры Дзяніса.


У перапісцы сужэнцы нягледзячы ні на што будуюць планы на будучыню. Першы пункт — гэта пераехаць у новую кватэру, якую пабудавала сям’я. Дзяніс яе яшчэ не бачыў, а Аляксандра ўжо па крысе сама перавозіць мэблю. Другі пункт у планах — павянчацца. Саша кажа, што да гэтага рашэння яны ідуць ужо некалькі гадоў.
А пакуль адбываецца судовы працэс над Дзянісам, на яго ўчастку стаіць чакае куратнік, які хлопец пабудаваў, каб разводзіць курэй… На арэлях катаюцца Глеб з Ульянай, а Марк ходзіць вакол іх з паламаным роварам і чакае тату, каб той хутчэй змог яго адрамантаваць.


Падтрымаць Дзяніса Гусціна можна лістамі на адрас: СІЗА-1, 220030 Мінск, Валадарскага, 2. К.61. Калі вы хочаце чымсьці дапамагчы сям’і Дзяніса, кантакты ёсць у рэдакцыі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

,

Больш цікавага на «Новым Часе»: