«Калі мы не спынім гэтыя злачынствы, мы будзем іх саўдзельнікамі»

Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя «Libereco — Partnership for Human Rights» апублікавала заяву, у якой заклікае еўрапейскія краіны прыняць больш жорсткія меры супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


«Стала відавочна, што тых рэакцый, якія ўжо былі зробленыя, недастаткова для спынення дзяржаўнага тэрору супраць беларускага народа, — гаворыцца ў заяве. — У апошнія тыдні былі ліквідаваны апошнія крытычныя галасы. Рэжым раздушыў рэшткі беларускіх незалежных медыя і зняволіў дзясяткі супрацоўнікаў СМІ. Улады таксама здзейснілі атакі на офісы шматлікіх праваабарончых арганізацый, правялі ператрусы ў дамах і затрымалі шматлікіх праваабаронцаў – у тым ліку Алеся Бяляцкага, лаўрэата Альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміі 2020 года».
«Libereco» нагадвае, што за апошні год у Беларусі былі затрыманыя больш за 40 000 чалавек. У цяперашні час па палітычных матывах па ўсёй краіне ў турме знаходзяцца як мінімум 1 500 чалавек, а больш за 500 ужо прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Многія зняволеныя сталі ахвярамі катаванняў, на ўсіх іх аказвалі моцны псіхалагічны ціск.
У дадатак да санкцый, якія ўжо былі ўведзеныя шматлікімі краінамі, «Libereco» заклікае ўсе дэмакратычныя ўрады зрабіць далейшыя захады супраць беларускага рэжыму. У прыватнасці, праваабаронцы прапануюць выключыць беларускія банкі з міжнароднай плацёжнай сістэмы «SWIFT», забараніць гандаль беларускімі дзяржаўнымі аблігацыямі, выслаць усіх беларускіх паслоў і адклікаць усіх амбасадараў з Беларусі. Акрамя таго, «Libereco» заклікае забараніць выкарыстанне чырвона-зялёнага беларускага сцяга, бо ён з'яўляецца сімвалам тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі.
«Дзяржаўныя забойствы, смерць пры падазроных абставінах, спробы самагубства і галадоўкі палітвязняў, якія доўжацца некалькі тыдняў, — усё гэта адбываецца ў самым цэнтры Еўропы. Беларускі рэжым на нашых вачах здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці і тэрарызуе ўласнае насельніцтва. Калі мы не спынім гэтыя жахлівыя злачынствы, мы будзем іх саўдзельнікамі! Еўрапейскія дзяржавы і сусветная супольнасць мусяць тэрмінова ўвесці жорсткія санкцыйныя меры супраць рэжыму беларускага тэрору, а таксама супраць Расіі, калі яна будзе працягваць падтрымліваць злачынны рэжым Лукашэнкі. Еўропа павінна спыніць беларускі рэжым тэрору», — патрабуе Ларс Бюнгер, прэзідэнт швейцарскага аддзялення «Libereco».
Cтаршыня нямецкай секцыі «Libereco» Марка Фібер падкрэслівае:
“«Нават апошнія санкцыі, уведзеныя толькі пасля ўгону самалёта, не спынілі беларускага дыктатара. Наадварот, рэпрэсіі працягваюцца няспынна і нават узмацняюцца. Апошнія некалькі дзён паказалі, што Лукашэнка не цураецца знішчаць нават самых апошніх сваіх крытыкаў. Еўропа не павінна сядзець склаўшы рукі, пакуль зусім блізка невінаватыя людзі штодня трапляюць за краты. Такім чынам, кошт парушэння правоў чалавека Лукашэнкі павінен быць як мага вышэйшы для рэжыму і не быць пры гэтым крыніцай пакут для грамадзян».
spring96.org