Катаванні і карупцыя: Алан Сміт пра ўмовы ў калоніі

Грамадзянін Вялікабрытаніі Алан Сміт, які восенню 2018-га выйшаў на волю і з’ехаў на радзіму, працягвае распавядаць пра тое, з чым яму давялося сутыкнуцца ў ПК №3 «Віцьба», якую ён называе не інакш як «канцэнтрацыйны лагер №3».

44792270_261824404437234_538369348780163072_n_logo.jpg


Мабільныя тэлефоны размяркоўваюць аператыўнікі

— У мяне шмат запісаных відэа. Я хачу публікаваць іх паступова (некаторыя ўжо апублікаваныя на старонцы Алана ў Фэйсбуку). Пасля майго вызвалення ў калоніі быў вялізны «шмон». Яны абшуквалі ўсё і ўсіх.

Дарэчы, некаторыя вязні пасля першай публікацыі звязаліся са мной і казалі: «Малайчына!» Для іх было вельмі важна пабачыць праўду пра турэмныя парадкі ў газеце. Я думаю, што вы («Новы Час») — адзіныя, хто публікуе інфармацыю на паперы. А інакш пабачыць яе вязні не могуць — большасць інфармацыі праходзіла анлайн.

— Але мабільны тэлефон у калоніі — забароненая рэч. Як здарылася, што ён у вас быў?

— Адзін з аператыўнікаў быў сярод тых, хто праносіў для вязняў тэлефоны, прадаваў іх. Але з папярэдняй дамовай: не кантактаваць з журналістамі, нічога не публікаваць. Але як толькі яны даведаліся, што я карыстаюся ім, адразу адабралі ўсе мабільнікі ў вязняў. Тады я сам пайшоў да начальніка калоніі Старавойтава і сказаў: «Я выкарыстоўваю мабільны тэлефон». Ён кажа: «Я табе не веру». А я яму: «Магу яго зараз прынесці, а магу пазваніць жонцы і сказаць, каб яна тое-сёе апублікавала». Гэта вельмі іх напужала.

Каб упэўніцца ў фактах карупцыі, я нават спецыяльна набыў адмысловыя таблеткі, якія ўжываюць спартсмены, — нешта для росту цягліц. Я заплаціў грошы — і сапраўды атрымаў іх. Я трымаў іх у сваіх руках, паказваў начальніку атрада.

— Лічыцца, што ў зняволенні грошы — цыгарэты…

— У віцебскай калоніі кожны вязень абавязаны плаціць 5 пачак цыгарэт штомесяц заўгасу, які збірае цыгарэты. Афіцыйна гэта плата за прыбіранне. Як мінімум частка цыгарэт ідзе адміністрацыі. Яна плаціць гэтымі цыгарэтамі сваім інфарматарам. Калі ты адмаўляешся плаціць, будзеш прыбіраць сам.


«Калі ты выйдзеш, ты абавязаны расказаць пра гэта»

— Вы казалі, што адміністрацыя рабуе зэкаў фармальна законным чынам. Як гэта?

— У турэмнай краме кошты ўдвая вышэйшыя за сапраўдныя. Адміністрацыя ведае: у зэкаў няма выбару. Многія скардзяцца, многія мне казалі: «Калі выйдзеш, Алан, ты абавязаны расказаць пра гэта». Я думаю, яны могуць проста красці грошы ў вязняў (усе разлікі ажыццяўляюцца безнаяўна па рахунку. — прым. аўт.). Прадавачка проста нешта лічыць у калькулятары — і ніхто не ведае, што яна там лічыць. Што яны робяць з гэтымі грашыма? Купляюць абсталяванне для турмы: будматэрыялы, дошкі і гэтак далей. Аналагічна і з адлічэннямі з заробку. Згодна з законам, яны могуць вылічваць у вязня да 80% заробку: за харчаванне, адзенне.

Аднойчы я пабачыў табліцу на сцяне ў атрадзе, там было напісана маё імя. Нібыта я мушу нешта заплаціць. Я пайшоў да начальніка калоніі і запытаўся: што гэта? Чаму я мушу плаціць? Ён кажа: «Не-не, ты не мусіш плаціць!» То-бок маё імя аказалася там памылкова. «Мы вылічым гэтыя грошы з твайго заробку», — сказаў ён, а я кажу: «Якога заробку? Я нічога не зарабляю!» Гэта абсурд. Далёка не ўсе вязні працуюць, але ў іх вылічваюць грошы «з заробку».

Калі прыходзіць камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, і ты не плаціў нічога на рахунак калоніі альбо не падпісваўся на газеты — ты не пройдзеш камісію і не будзеш вызвалены ўмоўна-датэрмінова.


Узаконеныя катаванні?

— Што б распавялі вязні, калі б у іх была такая магчымасць, як у вас?

— Адна з галоўных рэчаў, ад якіх пакутуе большасць вязняў, — катаванні. Катаванні праз змяшчэнне ў ШІЗА. Вязняў там збіваюць. Многія «ўскрываюцца»: рэжуць вены, жывот, спрабуюць змагацца з адміністрацыяй, але не маюць сілы на гэта, таму шкодзяць толькі самім сабе. Адміністрацыя рэагуе на гэта проста — працягвае іх збіваць.

Вы, канешне, ведаеце, што ў турме нямала геяў. Зрэшты, іх толькі называюць «геямі», насамрэч многія з іх такімі не з'яўляюцца. Гэтых людзей гвалтуюць. Некаторыя з іх нават збягаюць у лякарню, каб не быць згвалтаванымі. Я размаўляў з адной доктаркай, яна пацвердзіла — гэта адбываецца. Паклікаў начальніка атраду, і перад ім сказаў: у гэтай турме гвалтуюць, і вы нічога з гэтым не робіце. Хто б яны ні былі, вы не маеце права даваць іншым вязням гвалтаваць іх.

Пры гэтым згвалтаваннямі займаюцца не толькі вязні… Мне па гэта расказвалі самі асуджаныя.

— Чаму вязні вам расказвалі такія рэчы?

— Магчыма, таму, што я быў адзіным у калоніі, хто імкнуўся зрабіць нешта супраць тамтэйшых парадкаў. Больш давяраць ім не было каму. Тыя з былых дзяржслужбоўцаў, хто хацеў падзяліцца інфармацыяй альбо паведаміць пра парушэнні правоў, баяліся ісці з гэтым да іншых зняволеных, бо палохаліся, што тыя «настучаць» адміністрацыі. Але ўсе ведалі, што я не зраблю такога. Кожны хацеў, каб я выйшаў і апублікаваў факты карупцыі. Са мной сядзела даволі шмат людзей, асуджаных за шпіянаж. Многім былым дзяржслужбоўцам, у тым ліку былым супрацоўнікам КДБ, забаранялі размаўляць са мной. Яны чакалі і чакалі, пакуль мне не застанецца некалькі тыдняў да вызвалення. І тады падыходзілі да мяне і расказвалі. У многіх была выдатная англійская мова — асабліва ў тых, хто асуджаны за шпіянаж.

— Што вы думаеце наконт «паняццяў» і традыцый, якія падзяляюць зняволеных на касты?

— Гэтыя правілы навязваюцца блатнымі («the black rulers»). Але скажу шчыра: я быў адзіным чалавекам у турме, хто змагаўся з імі. Я называў іх «чорнымі сукамі» («the black bitches»). Яны працавалі на адміністрацыю, і ўсе іх размовы пра «паняцці» — хлусня. Магчыма, у іншых калоніях па-іншаму, але ў ПК №3 яны працавалі на адміністрацыю. Аднак навязвалі свае правілы: напрыклад, калі ты ўпусціў нешта ў прыбіральні, то больш не мусіш гэтым карыстацца. Я казаў: што за лухту вы выдумляеце? Вы ўскладняеце жыццё іншым вязням. Ідзіце змагайцеся з адміністрацыяй, а не з іншымі вязнямі. Вы будзеце мужыкамі, калі будзеце змагацца за іншых вязняў.

І яны нічога не маглі мне адказаць.

Галоўны «блатны» калоніі Яша падпісаў абавязальніцтвы аб паслухмяных паводзінах. Я казаў яму: як ты можаш быць гангстэрам, калі ты падпісаў гэтыя паперы?

Калі я пайшоў на галадоўку, гэты Яша прыйшоў да мяне і спрабаваў ціснуць: «Чаму ты не сказаў мне, што маеш намер гэта рабіць?» Я сказаў: «Хто ты такі, каб я табе паведамляў пра гэта? Я буду рабіць, што лічу патрэбным».

— Вы пісалі шмат скаргаў на адрас Дэпартаменту выканання пакаранняў. Ці мелі яны нейкі эфект?

— Адзін з лістоў на адрас старшыні ДВП я выслаў нелегальна. Напачатку ліста я так і напісаў: «Дасылаю вам гэты ліст нелегальна, бо начальнік калоніі не выпускае мае лісты». І ніхто нічога не зрабіў. Ніводная праверка не прыехала, каб паразмаўляць са мной.

У маім пакоі ў калоніі было 32 чалавекі. Гэта моцна парушала нормы: 2,5 квадратных метра на чалавека. Ведаеце, што мне адказаў начальнік ДВП? «Не, у вашым пакоі толькі 25 чалавек». Я быў шакаваны нахабнай хлуснёй. Як так можна?

44792270_261824404437234_538369348780163072_n_1_logo.jpg


— Звычайна вязняў, якія змагаюцца за свае правы, адразу саджаюць у ШІЗА. Чаму з вамі гэтага не рабілі?

— Так, у мяне было 70 дысцыплінарных спагнанняў, але мяне так і не змясцілі ў ШІЗА. Хаця многіх змяшчаюць ужо пасля першага. Яны баяліся адпраўляць мяне туды. Я сам казаў начальніку калоніі: «Памясціце мяне ў ШІЗА, я ж парушаю правілы». Адказам было — «Не».

Хутчэй за ўсё, яны палохаліся, што я пабачу тамтэйшыя ўмовы ўтрымання. Альбо баяліся, што я «ўскрыюся». Консулу Брытаніі яны ўвогуле казалі, што ШІЗА не існуе! Адмаўлялі, што ў іх існуе такое пакаранне!

— Магчыма, такія нялюдскія ўмовы ўтрымання мусяць зрабіць турму жахлівым месцам, куды ніхто больш не захоча патрапіць?

— Я размаўляў з велізарнай колькасцю арыштантаў. І я гарантую — 80% з іх, калі выйдуць, зноў пойдуць на злачынства. Там няма ніякай адукацыйнай працы, няма ніякай павагі да асобы. Усе яны толькі баяцца пакаранняў і начальніка калоніі. Пра якое выпраўленне можна казаць?

Я пытаўся ў начальніка аддзела выпраўленчага працэсу: «Як вы выправілі мяне? Якім чынам? Вы называеце гэта месца «выпраўленчай» калоніяй: як яна выправіла мяне?» Усё, што яны могуць, — гэта прымушаць вязняў падпісваць усё, што даюць. Напрыклад, ты мусіш прызнаць віну, калі хочаш вызваліцца ўмоўна-датэрмінова. І кожны, хто не прызнае, застанецца ў калоніі да канца тэрміну. Я, вядома, таксама не прызнаў, і мне адмовілі ва УДВ за «дрэнныя паводзіны», за тое, што я не падпарадкоўваўся правілам. Але якім правілам? Я іх нават не бачыў! На ўсю краіну яны не змаглі знайсці правілаў унутранага распарадку на англійскай мове! Кожны замежнік, які трапляе ў Беларусь, мусіць падпісаць абавязак падпарадкоўвацца гэтым правілам. Вядома, я адмаўляўся. За апошнія два гады я не падпісаў аніводнай паперы, што ад мяне патрабавалі.

Я быў адзіным у турме вязнем-вегетарыянцам. Брытанскі консул пытаўся: «Якую вегетарыянскую ежу вам даюць?» Я толькі смяяўся. Тое, што даюць там, — гэта ўвогуле не ежа. Я амаль не еў яе, замест гэтага казаў — дайце мне самому купіць сваю ежу. Мясцовая доктарка казала, што я першы вегетарыянец, якога яна бачыць у гэтай турме.

— Што яшчэ вы хацелі б дадаць?

— Я хацеў бы падзякаваць тым, хто мяне падтрымліваў, і хто змагаецца за правы чалавека ў Беларусі, асабліва Паўлу Левінаву, маёй жонцы, сябрам і «Новаму Часу», які сачыў за маім лёсам. І я хачу перадаць словы падтрымкі ўсім, хто застаецца ў ПК №3.