«Казала міліцыянту: не трэба, я сама зараз іх распляту». Як судзілі дзяўчыну за «бчб-прычоску»

Дзяўчына паспавяла «Нашай Ніве», што 9 верасня сама прыйшла ў міліцыю, каб напісаць заяву наконт сямейных праблем. Але ў калідоры да яе падышоў супрацоўнік — і ў выніку яна паехала ў ІЧУ на Акрэсціна.

2021_09_14110242_5dveu.jpg

«Я прыйшла каля 7 раніцы ў Фрунзенскі РАУС — хацела напісаць заяву. Гэта звязана з сямейнымі абставінамі, ніякай палітыкі ці чагосьці такога. Я сядзела ў калідоры, міма ішоў нейкі міліцэйскі начальнік. Заўважыў мяне і адразу кажа: "Ну усё, паехалі на Акрэсціна!"».

«Я падумала, што гэта нейкі жарт і яму няма чаго рабіць, бо спачатку гэта было праз "хі-хі, ха-ха", — кажа дзяўчына. — Але ён адвёў мяне ў свой кабінет, вырваў з рук тэлефон, пачаў у ім калупацца. Праглядзеў абсалютна ўсё, не толькі фота, нават нататкі.

Задаваў пытанні на тэму таго, што я "бчбшніца". А я нават не разумела, за што мяне забіраюць — уся мая вопратка была чорнай, якое бчб?

Але я не маю ніякага дачынення да палітыкі. Я не хадзіла нават на маршы. Касічкі запляла проста таму, што захацела. І мне не хапіла белага і чорнага, заставаўся толькі чырвоны колер — я зрабіла недзе пяць пасмаў чырвоных.

Я не вельмі разумела, што адбываецца. Ну і я ж шмат чаго не ведала — не ведала, што ён не меў ніякага права забіраць мой тэлефон і калупацца ў ім, напрыклад.

Недзе праз паўгадзіны ён проста мне сказаў: "Што ты як тупая сябе паводзіш? Не разумееш нібыта? Ты ж бчбшніца, вунь валасы каляровыя!" Толькі тады я зразумела. Я тлумачыла, што гэта проста прычоска.

У тэлефоне нічога "такога" не знайшлося. Але мяне пасадзілі ў камеру, пакуль складалі пратакол. Гэта ўсё адбывалася вельмі доўга і марудна. Некалькі разоў мяне вярталі ў кабінет штосьці спытаць, пасля зноў заводзілі ў камеру.

Пасля гэты міліцыянт, скажам так, сапсаваў мне прычоску. Я казала: "Не трэба, я сама зараз іх распляту", — ён адказваў з мацюкамі і абразамі, што ўжо позна. Я плакала».

Пасля, кажа суразмоўца, яе павезлі дадому на ператрус:

«Было двое ў цывільным. Мяне забралі, павезлі ў кватэру, я жыву недалёка ад РАУСа. Яны дасталі ключы з маёй сумачкі, самі адчынілі імі дзверы, усё перарылі. Панятых не было. Паперу на ператрус я не бачыла».

Калі дзяўчыну вярнулі ў камеру ў РАУСе, то паведамілі, што павязуць на Акрэсціна.

«Я прасілася, каб мяне туды не везлі. Той начальнік са мною ўжо не кантактаваў, толькі "звычайныя" міілцыянты. Адзін з іх сказаў: "Дык на Акрэсціна пакормяць, дадуць сродкі гігіены! Там усё ёсць, там усё добра!"

Але я ж чула, што адбываецца на Акрэсціна, у мяне гэта выклікала паніку, — прызнаецца дзяўчына. — Недзе каля 16 гадзіны яны нарэшце сабралі ўсе дакументы і павезлі мяне ў суд».

«Працэс» праходзіў у памяшканні суда Фрунзенскага раёна, але па скайпе. Суддзя Наталля Бугук нават папрасіла дзяўчыну павярнуцца і паказаць прычоску. Тая паказала.

У выніку суддзя Бугук прызнала дзяўчыну вінаватай у пікетаванні і пакарала штрафам у 80 базавых (2320 рублёў).

«Я не ведаю, як буду сплачваць штраф. Я сама ў дэкрэце, падпрацоўвала неафіцыйна. Але праз гэтыя падзеі прапусціла два дні на працы — бо ў адзін дзень быў той суд, на наступны я ездзіла зноў у суд за дакументамі. У выніку за гэта мяне звольнілі.

У бацькоў грошай на штраф таксама няма, з мужам мы разам не жывём і ўвогуле разводзімся. Чула, што можна аформіць растэрміноўку на штраф, пастараюся так і зрабіць», — кажа дзяўчына.