Крыніцы: Міліцэйскі начальнік Гомеля знаходзіцца пад следствам за перавышэнне паўнамоцтваў

Звольнены начальнік Цэнтральнага РАУС Гомеля Аляксандр Штрапаў. Па інфармацыі, якой дзяліліся раней затрыманыя, у актыўны перыяд пратэстаў ён асабіста збіваў жыхароў горада, паведамляе «Свабода».

Леташнія затрыманні ў Гомелі. Ілюстрацыйны здымак

Леташнія затрыманні ў Гомелі. Ілюстрацыйны здымак

Па серадах Штрапаў мусіў праводзіць прыём грамадзянаў — як асабіста, так і на «гарачай лініі». Але на прыём да яго ў сераду людзі не трапілі, і на тэлефанаванні начальнік РАУС не адказваў.

Ягонае прозвішча знікла з графіку асабістых прыёмаў. Дзяжурны Цэнтральнага РАУС адказвае, што цяпер замест Штрапава прыём грамадзян праводзіць ягоны намеснік — Аляксандр Малішэўскі.

Ад дзвюх крыніц «Свабода» даведалася, што Штрапаў сапраўды больш не начальнік аддзелу ўнутраных спраў. «Ён звольнены па асабістым жаданні, знаходзіцца пад следствам за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. А былыя калегі — міліцыянты, цяпер актыўна пішуць даносы адзін на аднаго, бо шмат хто ў аддзеле быў замешаны ў перавышэнні паўнамоцтваў», — распавяла крыніца, звязаная з праваахоўнымі органамі.

«У перыяд пратэстаў начальнік і супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС здзекаваліся з людзей, збівалі затрыманых. Пасля гэтага яны адчулі сябе "звышлюдзьмі" і пачалі сваволю — ставілі людзей на "праслухоўку", за грошы злівалі даныя. Гэта называецца "парушалі рэжым сакрэтнасці". Цяпер палова аддзелу — у гістэрыцы, палова піша даносы. Але Штрапаў не ў СІЗА, ён на свабодзе», — распавяла іншая крыніца.