Крыніцы: Пракурор Стоўбцаў адмовіўся плаціць у рэстаране, а потым спрабаваў разабрацца з дапамогай «ксівы»

Як стала вядома «Нашай Ніве», звольнены з працы Сяргей Грыцук — пракурор Стаўбцоўскага раёна. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў пракуратуры раёна. Знік Грыцук і з расклада прыёма насельніцтва на сайце Генпракуратуры.

1_483.jpeg

«Грыцук страціў пасаду праз тое, што нядаўна, пасля аднаго з рэстаранных банкетаў, адмовіўся плаціць па рахунку, непрыемна ўразіўшыся выніковымі лічбамі, — расказваюць суразмоўцы. — У выніку атрымаўся скандал з выклікам міліцыі, які Грыцук паспрабаваў вырашыць, дастаўшы пасведчанне».

Начальства метады Грыцука не ацаніла — больш ён не працуе. Новы пракурор яшчэ не прызначаны.

Пра самога Грыцука асаблівай інфармацыі ў адкрытым доступе няма. Вядома, што раней ён працаваў у Смалявіцкай пракуратуры.

Як стала вядома пасля выхаду публікацыі, Сяргей Грыцук — пляменнік старшыні рэспубліканскай калегіі адвакатаў і члена Савета Рэспублікі Віктара Чайчыца. Маці Грыцука і Чайчыц — родныя брат і сястра.