Кухар дзіцячага кафэ: зарплата 2,7 мільёнаў

Тоўcтая жанчына з чарпаком у руцэ, абавязкова нешта недасыпае і недалівае ў стравы, а пасля працы тое недасыпанае і недалітае цягне дахаты. Сям’я кухара заўсёды будзе сытай, лічаць людзі. Памыляюцца.



kuchar_natallia.jpg

Кухар Наталля

Кухар дзіцячага кафэ гандлёвага комплексу «Сталічны» Наталля Лузіна раскрывае НЧ сваю «пякельную кухню». Яна атрымлівае 2 мільёны 700 тысяч — гэта сярэдні кошт 27 прыгатаваных ёю абедаў, ці $310 — разлік за засмажаныя прыдзірлівым кіраўніцтвам нервы, адсутнасць паветра і вокнаў у цеснай каморцы і дробныя траўмы, парэзы і апёкі.

 

kuhnja.jpeg

 

Сысці з кухонных галер 20-гадовая дзяўчына зможа толькі ў ліпені, бо працуе на аб’екце харчавання пры мінскім ЦУМе па размеркаванні пасля кулінарнага каледжа.

 

Дзе раней таўкліся аматары пладова-ягадных вінаў «Для нас», «Прошлогодняя кадриль», «Поздняя любовь», зараз вісіць прыгожая шыльда «Дзіцячае кафэ» і паблісквае мармур леташняга рамонту. За столікамі сядзяць і ўсміхаюцца праз шкло мінакам не бесклапотныя лайдакі, як у іншых кафэ і кавярнях, а ўзорныя бацькі з малымі дзеткамі. Наўрад ці яны ведаюць, што іх смачныя супчыкі, салацікі дый прыгожыя дэсерты гатуе адзін чалавек, схаваны ў вузенькім, з дрэннай вентыляцыяй і без вокнаў памяшканні.

 

natallja_chornim.jpeg

 

— «Ну што, прадукты ўжо не купляеш?» Так пытаюцца ў мяне тыя, хто даведваецца пра маю працу, — кажа Наташа. — Тут не тое, каб вынесці, у рот нельга нічога пакласці — паўсюль камеры відэаназірання, прыношу ежу з дома, у пластыкавым латочку, дый тую няма калі есці — замова за замовай… На харчаванне аднаго працаўніка кафэ штомесяц вылучаецца 300 тысяч, але лічба толькі на паперы, мы не бачым ні ежы, ні грошай. Таму, калі я вяртаюся дахаты ўвечары, стомленая і галодная, адразу кідаюся да лядоўні, нешта піхаю сабе ў рот, а потым — спаць.

 

Адзін на ўсё кафэ кухар ледзь паспявае выконваць бясконцыя замовы, асабліва цяжка даводзіцца па выходных — апрача ўсяго, трэба гатаваць і для банкетаў. Праца — два дні праз два, да позняга вечара.

 

kafe.jpg

 

— Чаму на змене працуе толькі адзін кухар?

 

— Няма нікога больш. І посуд пасля гатавання — рондалі, патэльні, тэхніку і гэтак далей я сама ці зменшчыца мая мыем, — уздыхае Наталля. — Вось руку кіслатой абліла, паравую машынку мыла, — дэманструе вадзянкі на аблезлай чырвонай скуры паміж пальцамі.

 

Бальнічны ліст не адчыняе, бо кіраўніцтва гэтага вельмі не любіць.

 

— Калі хто з наведвальнікаў напіша нешта ў кнігу скаргаў наконт страў, назаўтра я трымаю адказ перад цэлай камісіяй на чале з дырэктарам ЦУМа, яна кіруе і кафэ. І не лянота ім займацца гэтым, збірацца разам для экзекуцыі кухара… Упікаюць мяне, адчытваюць. Слухаю моўчкі. Аднойчы толькі не вытрымала, адказала: «Мне нядоўга тут засталося. І далібог, каб да вас пасля мяне нехта прыйшоў і добра гатаваў». Калі хто на маё месца і прыйдзе, то таксама дзяўчынка па размеркаванні.

 

Не тое, каб Наташа дрэнна гатавала. Яна вельмі любіць сваю працу. Па спецыяльнасці — кухар-кандытар, таму кожную страву, калі ёсць хвілінка, намагаецца ўпрыгожыць нейкім прыдуманым ёй эксклюзівам: то рыбку з морквы выража для банкетнага заліўнога, то ў супчыках для дзетак смятанай смешны тварык ці кветачку намалюе. Шмат кліентаў просяць афіцыянтак падзякаваць кухару за прыемныя нечаканасці, але знаходзяцца і тыя, хто з’ядае цалкам увесь абед, а потым адмаўляецца плаціць з-за «волкай» катлеты.

 

— Болей за 200 тысяч з уласнай кішэні аддала неяк замест незадаволенай кліенткі, — кажа Наталля. — Кіраўніцтва запатрабавала. Магчыма, які храсток у фаршы катлетным трапіўся, але як дакажаш?

 

kafe1.jpg

 

Сціплая мінская дзяўчына не мае звычкі і досведу сварак, размаўляе ціха. Кухарам стала не выпадкова — марыла пра гэта з дзяцінства і не адыходзіла ад пліты.

 

— Гатавала для бацькоў яшчэ малая. Таце да гарбаты заўсёды былі ўсялякія кексы, печыва, торцікі, — узгадвае яна. — Дарэчы, мая любімая стужка — «Шакалад» з Джоні Дэпам. Я мару адчыніць, як і гераіня фільму, невялічкую кандытарскую, мець сваіх кліентаў, гатаваць для іх з душой, я ж апантаны кандытар! Але мне падаецца, у нашай краіне немагчыма гэта ажыццявіць. Мае знаёмыя дзяўчыны-кухары зараз адмыслова вывучаюць замежныя мовы: адна плануе з’ехаць у Германію, другая — у Італію, дзе кухар — прыбытковая і паважаная праца, а не тое, што ў нас. Часам і мне хочацца з’ехаць за мяжу, бо кухары ў Беларусі не атрымліваюць больш за 4 мільёны ў недзяржаўных месцах, на мільён меней — у дзяржаўных. Я праглядаю штодзень шмат вакансій, бо ўлетку трэба новая праца.

 

— Няўжо нават у буйных і дарагіх рэстарацыях, дзе харчуюцца наменклатура і замежнікі, малыя заробкі?

 

— Туды можна трапіць толькі па знаёмству. Дарэчы, мяне заклікаюць на 7 мільёнаў у «Тэмпа-Піцу», дзе я калісьці падпрацоўвала, але нават абяцаныя грошы не прывабяць туды. Тая праца для выключна цягавітых і дужых мужчын. Я плакала, калі рабіла там: рукі ад печак для піцы былі ў крыві, скура — у балючых расколінах. Але адміністратар гладзіў па галаве і казаў: «Трэба, Наташа, трэба!» І я працавала далей…

 

— Умовы працы ў кафэ лепшыя за ўмовы згаданай піцэрыі?

 

— Рукі не ў крыві, але ў свае 20 год я ўжо атрымала варыкоз на нагах, баліць спіна ад напругі, заўсёды зашмальцаваныя валасы. Яшчэ год ці два папрацую кухарам, але, калі заробак не паднімецца, сыду з прафесіі. Мне шкада свайго цела.

 

Наташа, як любая дзяўчына, хоча прыгожа выглядаць, але невялікі заробак дазваляе ёй набываць касметыку, у асноўным, айчыннай вытворчасці.

 

— Валасы мыю рамонкавым шампунем «Беліта», потым укладваю іх гелем «Вітэкс». Канешне, зрэдку не вытрымліваю і пешчу сябе больш каштоўнымі, замежнымі маркамі, з адпускных грошай набыла тое-сёе. Адпачываць нікуды, зразумела, не ездзіла. Толькі на два дні паехала на экскурсію ў Львоў, пасля чаго давялося звярнуцца да бацькоў за грашовай дапамогай, бо здымаю пакой, які абыходзіцца мне ў 150 долараў з камуналкай уключна.

 

Новай вопраткай Наташа пахваліцца не можа. Праўда, дэманструе новы абутак — кітайскія балеткі пад змяіную скуру за 230 тысяч:

 

— Ведаю, што разваляцца праз два месяцы, але — нічога, наступным летам новыя куплю.

 

На працы яна спрытна наразае для чужых банкетаў вэндліну, затое ў краме ніколі не спыняецца каля аддзела кілбасаў. Як і каля сыроў, хіба што плаўлены сырок які набудзе для бутэрбродаў.

 

А нядаўна ў дзяўчыны злодзеі выкралі мабільны тэлефон.

 

— Пайшла пісаць заяву ў міліцыю. Звяртаюся да дзяжурнага міліцыянта: «У мяне выкралі тэлефон», каб ён патлумачыў, што рабіць, да каго звярнуцца там. «Добра, што майткі не выкралі!» — адказвае быдла ў форме пад рогат ягоных калег.

 

Напрыканцы нашай размовы ціхая Наташа робіцца яшчэ цішэй, нібыта ёй прыкра і за абразлівыя словы міліцыянта, і за выкрадзены мабільнік, і за нізкі заробак, які не дазваляе набываць элементарныя для чалавека рэчы. Магчыма, яна зарэжа сваю дзіцячую мару самым вялізным кухарскім нажом. Але можа стацца і так, што ў будучыні адчыніць сваю маленькую кандытарскую на галоўным праспекце сталіцы, і яе пірожныя з узбітымі вяршкамі будуць самымі смачнымі ў горадзе.

 

Фота Наталлі Лузінай