Пакуль улада верыць, што народ можна перамагчы сілай, яна губляе адну пазіцыю за другой

Генералы заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны. Заўсёды — такі, мабыць, закон прыроды. Добра для іх, калі ім супрацьстаяць такія ж генералы. Горш — калі куды больш складаныя сістэмы, такія, як народы і нацыі, здольныя самастойна генераваць новую рэальнасць, піша аналітык Пётр Кузняцоў.

yyd_7864_logo_1.jpg

Мы чулі, як Караеў наракаў, што пры падрыхтоўцы да разгону 9 жніўня арыентаваліся на 2010 год і чулі, як Карпянкоў пагражаў «паўтарыць» сілавыя меры восені, калі пратэст праявіцца 25 сакавіка. Пакуль яны ўлічвалі, як ім здавалася, свежы досвед, рэальнасць змянілася вельмі адчувальна.
У апошні тыдзень мы назіралі адразу некалькі узаемавыключальных хадоў улады ў публічнай сферы. З аднаго боку, у Гродне забаранілі спектакль, які асуджае фашызм. Здавалася б, маразм, але людзі ўсё зразумелі правільна: улада вельмі спалохалася наўпроставых паралелей з сабой і антыфашысцкае прадстаўленне расцаніла як пратэснае супраць сябе. Паказальна. З іншага боку: раптам актывізавалася «патрыятычная рыторыка», натуральна, накіраваная супраць прыхільнікаў перамен. Тут і распачатая крымінальная справа супраць генацыду беларусаў падчас Другой сусветнай, і Усебеларуская малітва ў Хатыні, дзе, вядома, узгадвалі БЧБ-шнікаў.
Калі супаставіць усё гэта ў адзін шэраг, карціна атрымліваецца больш складанай і цікавай, чым проста традыцыйная прапаганда. Мяркуючы па забароне гродзенскага спектакля, улады ўсвядомілі, наколькі ў сённяшняй Беларусі паняцці «фашызм» і «генацыд» сталі моцна асацыявацца менавіта з імі. І, з аднаго боку, актывізацыяй менавіта ў гэтым кірунку, быццам бы, пайшлі ў контратаку.

Аднак прапагандысцкі спектакль, што разыгрываецца,  настолькі наіўны і смешны, што, здаецца, накіраваны зусім не на шараговых беларусаў. Шараговым беларусам з тэлеэкранаў якраз пагражаюць «нямецкім парадкам» і шыбеніцамі. Мяркуючы па ўсім, мэта ўсяго гэтага — мабілізацыя сілавікоў, якім хочуць давесці, што яны сёння — нешта накшталт дзядоў, якія ваявалі, і праціўнік — адзін.


Такія патугі зразумелыя, калі ўлічыць, што ў шэрагах сілавых служб сёння цалкам могуць быць адчувальныя хістанні. У сеціве шмат пісалі пра тое, што рэсурсаў не хапае настолькі, што супрацоўнікам не выдалі прэміі нават на Дзень міліцыі. Але гэта адно. Куды больш істотным бачыцца той факт, што 7 месяцаў працы сістэмы літаральна на мяжы не прынеслі адчувальных вынікаў: як паказвае галасаванне на «Голасе», пратэсныя настроі нікуды не дзеліся, «парадак» — толькі бачны, а гэта значыць, што ўсяму гэтаму канца-краю не відаць: да «перамогі» як мінімум вельмі далёка (калі яна ўвогуле дасягальная). І любы чалавек, у тым ліку і ўнутры сілавога блока, нехаця задумаецца: а ці ёсць той вымерны і існуючы вораг, калі яго немагчыма перамагчы, ці ўсё ж барацьба ідзе з цэлым народам і фашысты на самой справе — улада?
Вось і агрызаюцца ў стылі Карпянкова: «Не мы, а вы». Але выглядае гэта зусім непераканаўча, з улікам таго, што ніякіх інструментаў рэальнага ўплыву на сітуацыю, акрамя сілавых ( «фашысцкіх») ва ўлад не засталося. Наогул.
Тут самы час успомніць допісы і каментары перыяду «жнівень — снежань». Хтосьці спадзяваўся на змену ўлады да Новага года, але не аўтар гэтых радкоў. Казаў і пісаў неаднаразова пра тое, як улада, што страціла легітымнасць, будзе слабець паступова, губляючы адну пазіцыю за другой, да поўнага рассыпання.
Цяпер, літаральна ў рэжыме рэальнага часу, мы гэта і назіраем. Прапаганда толькі «пенкі пускае» і нічога дамагчыся не можа. Рэсурсы адкрыта растаюць, Пуцін грошай не дае наогул з моманту таемнай інаўгурацыі (фармальнай страты легітымнасці). Кожны тыдзень ЕС перахоплівае кантрабандную фуру цыгарэт. Слушны кірунак намацаў Павел Латушка з НАУ: удары па еўрабондах на еўрапейскіх фінансавых рынках. Аглушальныя правалы з МАК, чэмпіянатам па хакеі, Еўрабачаннем — працягваць можна доўга.
Сутнасць жа застаецца ўсё той жа. Пакуль улада працягвае шчыра верыць, што цэлы народ можна перамагчы тупой сілай і спрабаваць дасягнуць гэтага, улічваючы досвед папярэдніх вулічных разгонаў, пад ціскам сіл куды вышэйшага парадку яна губляе адну пазіцыю за другой. У рэальнасці, за якой яна не ў сілах угнацца.