«У кожнага чалавека з інваліднасцю свой боль». Анастасія — пра затрыманне і суды

У Анастасіі 3-я група інваліднасці. Яна хварэе на аутаімуннае нервова-цягліцавае захворванне. Наста мусіць штодня пагадзінна прымаць прэпараты. Аднак яе ўсё адно змясцілі на ноч у ізалятар на Акрэсціна — за шпацыр з некалькімі людзьмі з інваліднасцю ў раёне Парка Чалюскінцаў. А пасля прысудзілі штраф. Двойчы.

Марш людзей з інваліднасцю 19 лістапада. Ілюстрацыйнае фота

Марш людзей з інваліднасцю 19 лістапада. Ілюстрацыйнае фота

Ноч на Акрэсціна

 У ізалятар на Акрэсціна Наста трапіла 26 лістапада. Гэта быў адзін з тых чацвяргоў, калі людзі з інваліднасцю сустракаліся, каб пашпацыраваць па сваіх раёнах. Наста з суседзямі тады збіралася на плошчы Калініна. Усяго іх было 10 чалавек.

Не паспелі яны вызначыцца, у які бок лепш пайсці, як да іх падышоў прадстаўнік сілавых структур і сказаў, што мерапрыемства з’яўляецца несанкцыянаваным. «Я задала пытанне, ці можам мы пайсці ў кавярню, — распавядае Наста. — Нам было сказана, што мы можам ісці па праспекце ў бок Уручча». Але людзі з інваліднасцю не здолелі прасунуцца далей, бо некалькі разоў розныя прадстаўнікі міліцыі і АМАПу ўсё адно патрабавалі разысціся.
«Мы селі на лаўку на плошчы Калініна і вырашалі, што рабіць далей, ці наогул разыходзіцца, — распавядае Наста. — Лозунгаў ніхто не выкрыкваў, бо ўсе былі занятыя размовамі. Да нас падышоў супрацоўнік міліцыі, папрасіў спадара Грыба схаваць сцяжок. Пакуль Ян Янавіч яго хаваў, я трымала яго кій. Як толькі кій аддала, да мяне падышоў супрацоўнік АМАПу і папрасіў адысці, каб паразмаўляць».
Насту павезлі ў Першамайскі РУУС. Яна кажа, што калі ехалі ў бусе, то супрацоўнікі міліцыі пільна разглядалі яе пасведчанне: правяралі, ці сапраўднае яно. «Раней інвалідаў не затрымлівалі, але зараз, напэўна, мы сталі сацыяльна небяспечнымі».
У РУУСе з ёй правялі гутарку, склалі пратакол, з якім яна не пагадзілася.
Пасля Насту пасадзілі ў камеру. Умовы там для яе былі вельмі кепскія: «Там не было дошак, на якіх можна было б сядзець. Ацяплення таксама не было. На той момант стаяць я ўжо не магла, бо прапусціла прыём прэпаратаў, а з сабой іх у мяне не было. Я лягла наўпрост на бетон, а ў галаве чамусьці круцілася, што бетонная паверхня зробіць мне яшчэ горш». Праз некаторы час Насту павезлі ў ізалятар на Акрэсціна.
«Яны лічыць, што інваліды падзяліць на два не могуць, — разважае Наста. — Міліцыя ж у такіх сустрэчах людзей з інваліднасцю шукае арганізатараў. Чаму на такія акцыі не ходзяць валанцёры з гарбатай? Таму што кожны здаровы чалавек, які з’яўляецца каля нас, адразу ідзе на содні. Такая ж гісторыя была і з Алегам Граблеўскім, юрыстам Офіса па правах людзей з інваліднасцю, калі яго выхапілі з натоўпу на першым маршы людзей з інваліднасцю. Напэўна, ім здавалася, што і я магу быць арганізатарам, таму што хаджу на сваіх дваіх… Хаця, часам хаджу з кіёчкам, але туды яго не брала».
У ізалятары Насту найперш хвалявала пытанне з медыкаментамі. Раніцай яна выклікала ўрача і перадала спіс тых прэпаратаў, якія ёй былі патрэбны. Доктарка сказала, што мае толькі адзін прэпарат са спісу, паабяцала, што падумае, што можна зрабіць. Прыкладна праз гадзіну пасля гэтага за Настай прыехалі супрацоўнікі міліцыі і павезлі яе ў Першамайскі РУУС. Там праз скайп адбыўся суд: ёй прысудзілі штраф памерам 20 базавых і адпусцілі.

Суд за паход у кавярню на Міжнародны дзень інвалідаў

Сёлета Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю, які адзначаецца 3 снежня, прыпаў на чацвер. Ужо разам з традыцыйнай кампаніяй у гэты дзень Наста рушыла ў кавярню.
«Спачатку міліцыя хацела скласці пратакол на 7 чалавек за тое, што яны ішлі ў кавярню. Пасля нас пагрузілі ўсіх у бусы. Нават знайшлося пяцёра супрацоўнікаў, якія павінны былі пагрузіць інваліда-вазочніка. Мы пыталі: хіба людзі з інваліднасцю не могуць наведваць кавярні? Нам адказалі, што могуць, але не групай. Пасля прапанавалі выбраць: або па адным пайсці дадому, або ўсім паехаць у РУУС. Але дзверы буса адчыніў старэйшы і сказаў, што ў гонар свята мы можам ісці ў кавярню, але без сімволікі. Пакуль мы сядзелі ў кавярні, на вуліцы шпацыравалі супрацоўнікі міліцыі…».
Праз некалькі дзён пасля гэтага ўсю кампанію выклікалі ў РУУС. «Пратаколы аб паходзе ў кавярню ўсё ж склалі, — кажа Наста. — Мне патэлефанавалі з РУУСа, прапанавалі абраць дзень і нават час, калі мяне можна судзіць. У самім РУУСе я пазнаёмілася з пратаколам. Хоць падзеі і адбываліся 3 снежня, пратакол быў складзены сёмага».
На наступны дзень Насту і яе сяброўку судзілі. Падчас суда сведка казаў, што на Міжнародны дзень інвалідаў яны знаходзіліся ў натоўпе, неслі сцягі і выкрыквалі лозунгі.
«У той дзень мы сустрэліся, зрабілі два крокі, а нам сказалі, што мы ішлі шэсцем, — абураецца Наста. — Адвакат таксама пытала, з якой і да якой кропкі было шэсце, бо нават у пратаколе было сказана, што мы стаялі. Але ў выніку, нас з сяброўкай аштрафавалі на 20 базавых. Напэўна, на тэрыторыі Першамайскага раёна нават стаяць нельга». Да гэтага хлопец з інваліднасцю ўжо атрымаў 20 базавых, а другога з РУУСе забрала хуткая, таму суд адклаўся.
— Мы проста выйшлі сустрэцца з сябрамі, — кажа Наста. — У кожнага чалавека з інваліднасцю насамрэч свой боль. У кагосьці — гэта пенсія, якой не хапае на жыццё. У кагосьці — несправядлівыя выбары. У кагосьці — блізкія, якія пакутуюць.