«Людзі, ніхто ніколі не павінен адчуваць такіх пакут!»

"Усё жыццё майго хлопчыка праходзіць у мяне перад вачыма. Я яго нараджала, любіла, вучыла, клапацілася, сябравала з ім, слухала яго музыку, чытала яго артыкулы і ганарылася — а цяпер нелюдзі забілі яго палкамі?", — гэта расповед маці, Святланы Красулінай, якая шукала свайго сына...

Акрэсціна. 13.08. Фота Арцёма Лявы

Акрэсціна. 13.08. Фота Арцёма Лявы


Ноч

Увечары 13.08 ва ўсіх тэлеграм-каналах пачынаюць цыркуляваць упартыя чуткі пра тое, што затрыманых выпускаюць. Да 11 ночы едзем з мужам на Акрэсціна — чакаць сына.

Гэта горшая ноч у маім жыцці. Інфармацыя вельмі бедная, яе дазавана перадаюць нейкія неўсталяваныя міліцэйскія асобы праз валанцёраў. Валанцёры наводзяць парадак сярод натоўпу ўсхваляваных людзей, моляць не шумець і не пляскаць, бо гэта злуе турэмшчыкаў і яны адыгрываюцца на арыштантах. Прыязджаюць журналісты. Быццам бы павінны выпускаць. Шыхтуемся калідорам уздоўж турэмнай сцяны, цягнем шыі, каб першымі ўбачыць сваіх родных, калі іх выпусцяць.

Да Акрэсціна прыязджае намеснік міністра Барсукоў. Абяцае, што да 6 раніцы выпусцяць усіх затрыманых. Надзея ўбачыць сына становіцца рэальнасцю!

Усю ноч з 13.08 на 14.08 то з брамкі, то з варот выпускаюць групкі затрыманых. Невядома, хто зараз выйдзе. Натоўп велізарны, баюся прапусціць сына. Калі не магу разглядзець праз натоўп, крычу яго імя, спадзеючыся, што пазнае голас.

Хлопцы выходзяць на сваіх нагах, многія кульгаюць, кідаюцца ад натоўпу, закрываюць твары капюшонамі. Валанцёры спыняюць іх, запісваюць, адводзяць да медыкаў. Медыкі выклікаюць хуткія, аднаго хлопца вязе рэанімацыя. Гадаю, у якім выглядзе будзе мой хлопчык.

Выходзіць новая групка затрыманых (ледзь не напісала "пацярпелых"). Некаторыя выходзяць з брамкі і тут жа нагінаюцца і адводзяць рукі за спіну. За два-тры дні іх надрэсіравалі так сябе паводзіць. 

Усю ноч назіраю чараду скалечаных, збітых, дэмаралізаваных людзей. Хтосьці не можа ўспомніць свайго імя. У кагосьці няма вока. З разбітай галавой, са збітым тварам, ледзь клынаюць, крывяцца ад болю. Хлопец, з аблітымі нейкай белай дрэнню валасамі, трымаецца мужна, дае інтэрв'ю журналістам. Зусім маладзенькі хлапчук з сінімі рукамі і заплыўшым вокам, яму выклікаюць хуткую валанцёры. Кожны раз кідаюся да групы выпушчаных, шукаю свайго сына і гадаю, якія калецтвы ў яго будуць, у думках малюся невядома каму, каб калецтва былі не вельмі страшнымі. Разумею, што будзе збіты, магчыма, пакалечаны, толькі не ведаю, наколькі моцна.

Пакутлівыя паўзы паміж выхадам хлопцаў з брамкі, з варот. Кідаюся то туды, то сюды. Сына няма!

Да сямі гадзін раніцы валанцёры перадаюць звесткі ад невядомых супрацоўнікаў турмы, што больш сёння нікога не будуць выпускаць. Пасля бяссоннай ночы ў поўным ступары з'язджаю дадому пісаць, тэлефанаваць, высвятляць, добра, ёсць інтэрнэт.

Дзень

14.08 спрабую высветліць, дзе мой сын. З'яўляецца інфармацыя, што многіх з Акрэсціна адправілі на Жодзіна, у Слуцк. Адганяючы самыя страшныя думкі, спрабую датэлефанавацца ў РУУС Савецкага раёна, у суды, праваабаронцам, пішу па ўсіх адрасах, якія ёсць на праваабарончых сайтах, дзе могуць дапамагчы з інфармацыяй. На Фэйсбуку вывешваем фатаграфію сына з просьбай дапамагчы вызначыць месцазнаходжанне.

Тэлефаную знаёмаму супрацоўніку міліцыі. Праз паўгадзіны ён мне паведамляе, што 13.08 быў суд, сыну далі 11 сутак, пакуль ён на Акрэсціна, але 99% што яго павязуць у Жодзіна. Смяротны страх за сына крыху адпускае, нешта канкрэтна становіцца вядома, ды і пра Жодзіна ёсць станоўчыя водгукі, цягне на 10 балаў сярод турмаў. Там не б'юць і нават кормяць.

Зноў пачынаю непакоіцца: а ці дакладныя гэтыя звесткі? І як быць з абяцаннем Барсукова выпусціць усіх? Абзвоньваю суды. У Савецкім няма звестак пра майго хлопчыка, раяць тэлефанаваць у Вярхоўны, усе звесткі там. Дазвоньвацца да Вярхоўнага. Нахабная цётка адказвае: глядзіце на сайце. Я ёй тлумачу, што на сайце суды за 11-е, а мой асуджаны, па чутках, 13-га. У адказ: чакайце, не паспяваем напісаць спісы. Тут ужо я выбухаю (дарма, трэба заўсёды быць з імі стрыманым): вы столькі паспелі асудзіць, што за паўдня не паспелі ўсе імёны убіць у экселеўскі файл? Колькі ж кожны суд доўжыўся? У адказ пакрыўджанае сапенне, завяршаю званок.

У Фрунзенскім судзе вельмі ветлівая дама нарэшце дае першыя афіцыйныя звесткі: так, асуджаны на 11 сутак, як мяркуецца, на Акрэсціна, удакладняйце. Дзе???? У РУУС. Дазваніцца немагчыма. Высвятляецца, што адкрываецца Гарачая лінія, дзе будуць даваць аператыўныя звесткі пра месцазнаходжанне арыштантаў. Праз 15 хвілін упартых спробаў датэлефаноўвашся. Мегаветлівая дзяўчына (успамінаюцца "ветлівыя людзі") адказвае, што майго сына няма ў ніводным з спісаў. Так, быў на Акрэсціна, але яго цяпер ужо, мяркуючы па ўсім, адпусцілі.

Ляцім з мужам на Акрэсціна. Пытаемся ва ўсіх валанцёраў, ці выпушчаны такі. Адказваюць, што запісваюць усіх, але нашага не выпускалі. На дзверцы каля ЦІПа вісіць спіс. Ура!!!! У ім ёсць наш хлопчык. Ніколі не думала, што так парадуюся імя свайго дзіцяці ў турэмным спісе. З'яўляецца пэўнасць. Чакаць. З брамкі выпускаюць малымі групкамі хлопцаў. Іх стан горш, чым у тых,  каго выпускалі ноччу. Валанцёры аказваюць ім усялякую дапамогу. Некаторыя палохаюцца, спрабуюць бегчы ад валанцёраў, хоць тыя спакойныя і ветлівыя. У тых, хто прабыў у засценках некалькі дзён, часта неадэкватная рэакцыя.

З варот выязджаюць тры аўтазакі. Турэмшчыкі перадаюць спісы з тымі, хто ў іх. Наш хлопчык у спісах не значыцца. Валанцёры папярэджваюць, што ў спісах можа быць недакладная інфармацыя з-за блытаніны, якая робіцца ў турме. Дакладна нічога не вядома.

Валанцёры на машынах накіроўваюцца за аўтазакамі. Вядома, што зняволеных з аўтазакаў выпускаюць па два-тры чалавекі ў самых розных частках горада. Валанцёры іх прывозяць назад да Акрэсціна, каб аказаць дапамогу і адзначыць у спісах вызваленых. Збітыя брудныя людзі ў ірванай скрываўленай вопратцы без грошай і дакументаў — выдатныя кандыдаты на новы арышт. Таму вельмі важна ўсіх выявіць.

Фінал?

Пастаянна манітору ўсе спісы: адпушчаных, якія засталіся, у бальніцах. Адзіны спіс, у якім ён ёсць — на дзверцы турмы. Спіс абнаўляюць. У ім няма нашага дзіцяці! І сярод адпушчаных няма! У мяне цёмна ў вачах — увесь дзень блыталі сляды, яго імя то з'яўлялася, то знікала. Хутчэй за ўсё, яго забілі да смерці, раз яго няма нідзе, я пра яго нічога не магу даведацца. Я рыдаю так, што здаецца, цяпер ужо для мяне ўсё скончыцца. Ад гэтага болю выратаванне адно — разбіць галаву аб суседняе дрэва, толькі няма сіл ўстаць. Мяне суцяшаюць псіхолагі, пояць чымсьці заспакойлівым. Я старуся ўзяць сябе ў рукі, атрымліваецца дрэнна, мая бурная фантазія малюе такія страшныя карціны з мікса таго, што я бачыла за ўсю ноч і ўвесь дзень, што слёзы ручаём цякуць. Я люта матаю галавой, каб адагнаць гэтыя страшныя карцінкі. Усё жыццё майго хлопчыка праходзіць у мяне перад вачыма. Я яго нараджала, любіла, вучыла, клапацілася, сябравала з ім, слухала яго музыку, чытала яго артыкулы і ганарылася — а цяпер нелюдзі забілі яго палкамі? Гэта немагчыма, гэта не са мной адбываецца.

У гэты час з варот выязджае яшчэ адзін аўтазак. Я парываюся ехаць за ім. Мяне ўтрымліваюць — куды, толькі ў ДТЗ трапіце ў такім стане. Суцяшаюць мяне, кажуць, за аўтазакам імчацца машыны з валанцёрамі. Спрабую выразна гаварыць з юрыстамі, высвятляю, што я магу зрабіць далей. Збіраю шаблоны нейкіх заяваў, дакументаў. Трэба змагацца далей.

Званок на тэлефон. Гэта мой сын!!!! Ён быў у апошнім аўтазаку, валанцёры яго прывезлі назад на Акрэсціна!!!!! Абодва вока ў яго падбіты, на твары ірваная рана, брудныя валасы вісяць нейкімі жмуткамі (амапавец стрыг у аўтазаку нажом), астатніх калецтваў пад адзеннем не відаць. Але ён жывы, са мной, і вельмі радасна ўсміхаецца.

Людзі, ніхто ніколі не павінен адчуваць такіх пакут. Нават звяры-фашысты ў людскім абліччы не павінны так мучацца.

Калі хтосьці можа іх абдымаць і дарыць кветкі, мы з сынам не пярэчым. Але самі не ўдзельнічаем.

Дзякуй маім цудоўным сябрам, маім дарагім калегам, майму стойкаму мужу, які ўвесь час быў побач са мной. Дзякуй усім знаёмым і незнаёмым, хто падтрымліваў словам, парадай, спачуваннем. І асобны нізкі паклон валанцёрам. Колькі змагу, буду ім дапамагаць, чым змагу. Пераклад НЧ


Дзясяткі маці дасюль не ведаюць, дзе іх дзеці і што з імі здарылася. Гэта адбываецца ў нас, у Беларусі.