«Малюнак сапсавалі, вінаватых не знайшлі»

Валянціна і Дзмітрый — інваліды-вазочнікі, якіх суд Калінкавіцкага раёна аштрафаваў за пікетаванне з бел-чырвона-белым муралам на плоце. Але гэта не прымусіла іх адмовіцца ад сваёй грамадзянскай пазіцыі.

a1cfbdbf_b884_4bb7_bc3e_2fde421a62cc.jpg

Дом, на тэрыторыі якога з’явілася графіці, — так бы мовіць, працоўнае месца Валянціны. Яна працуе ў кол-цэнтры анлайн-крамы, мае сваё ІП, якое цяпер, аднак, закрывае.
— Я працую дыстанцыйна, — тлумачыць Валянціна, — у самім горадзе знайсці працу нерэальна, вакол — недаступнасць: ганкі, другія паверхі…

498a360e_fc0d_4213_9db3_4fd9ca925484.jpg

Унутраная частка плота, які падзяляў зямельны надзел паміж суседзямі, — бетонная сцяна. У Валянціны заўсёды была думка яе пафарбаваць, але рэалізаваць задуму атрымалася толькі ў пачатку лістапада мінулага года. Рашыцца нарэшце на гэта дапамог выпадак: Валянціна прабіралася на вазку праз вялікую лужыну, якая знаходзіцца недалёка ад дома, дзе яна працуе, а незнаёмы хлопец дапамог яе пераадолець. Разгаварыліся, ды ён і прапанаваў пафарбаваць гэты плот: намаляваць вершніка на кані на бел-чырвона-белым фоне.


— Мы выбралі ілюстрацыю, якая нам падабаецца, — распавядае Дзмітрый. — Хлопец намаляваў яе на нашым плоце, бо самі мы, канечне ж, зрабіць гэта не можам.

2db4ae7a_2abb_4ec2_9a17_f2fed595c95c.jpg


Мурал з’явіўся 7 лістапада, а ўжо на наступныя дзень сям’і патэлефанавалі знаёмыя, якія сказалі, што прыехалі нібыта супрацоўнікі камунальнай службы і зафарбавалі сцяну.
— Мы прыехалі, усё адмылі, малюнак адкрыўся зноў, — узгадвае Дзмітрый. — Але тады ўжо стала зразумела, што на плот паклалі вока, таму на наступны дзень мы паехалі туды разам: Валя — працаваць, а я — пільнаваць.

405329fd_fc30_41d0_9489_ffa282f8f4a7.jpg


Працягу гісторыі Дзмітрыю доўга чакаць не давялося. У хуткім часе ён пабачыў, што да дома пад’ехалі машына ЖКГ, адкуль выйшлі два супрацоўнікі з вёдрамі, і міліцэйская машына.
— Супрацоўнікі ЖРЭА, калі пабачылі нас, то рэзка развярнуліся, пайшлі да сваёй машыны — і з’ехалі, — узгадвае Дзмітрый. — А супрацоўнікі міліцыі сталі ўдакладняць, ці з’яўляецца дом нашай уласнасцю, аглядаў тэрыторыю. Пасля прыехаў намеснік начальніка РУУС, які стаў пытаць пра ўмовы пражывання і хацеў трапіць унутр дома, аднак Валянціна туды яго не пусціла.
У хуткім часе сужэнцы атрымалі ліст, што па іх справе была праведзена праверка па парушэнні нормаў добраўпарадкавання, аднак парушэнняў знойдзена не было.
— Праз некаторы час нам зноў нехта сапсаваў фарбай малюнак, — узгадвае Дзмітрый. — Мы выклікалі міліцыю, сказалі, што гэта наш малюнак і ён для нас — каштоўнасць. Вінаватых за тое псаванне так і не знайшлі.  
У канцы снежня на ўчастак да сямейнай пары прыйшла начальніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва Калінкавіцкага райвыканкама з прадпісаннем, у якім было сказана зафарбаваць графіці. Аднак незадоўга да яе прыходу Дзмітрый акурат рабіў запыт у Міністэрства архітэктуры наконт таго, ці трэба ўзгадняць афарбоўку ўнутранага боку плота. Сужэнцам прыйшоў адказ, што ніякіх узгадненняў у такім выпадку не патрабуецца.

336ec6e3_6fda_4003_bd1f_db5fa36b545c.jpg


Нягледзячы на тое, што Дзмітрый паказаў адказ міністэрства, галоўны архітэктар раёна настойвала на тым, што плот на той момант меў непрыстойны выгляд. За непрыстойны выгляд галоўны архітэктар палічыла менавіта мурал з бел-чырвона-белымі колерамі. Хаця праз дарогу ад дома, на электра-трансфарматарнай будцы была намалявана выява мужчынскіх палавых органаў — і гэта нікога не бянтэжыла. «Толькі калі мы абурыліся гэтым фактам, то прыехалі і зафарбавалі той малюнак», — кажа Дзмітрый.
Таксама Дзмітрый не разумее, як можна выдаткоўваць столькі часу на барацьбу з муралам, калі ў горадзе і блізка не вырашаныя праблемы з безбар’ерным асяроддзем.
— У адной краме зрабілі аварыйны пандус, нават я, спартсмен, я не забяруся на яго, дый ніводны чалавек на вазку туды не залезе. Я проста патэлефанаваў архітэктару і пацікавіўся, чаму пандус зрабілі не па нормах. Мяне заверылі, што там будзе электрычны пад’ёмнік, але я ведаю, што на вуліцы, без навеса, такі пад’ёмнік хутка псуецца. Галоўнаму архітэктару я выказаў сваё неразуменне: вакол шмат праблем з безбар’еркай, але ж мы іх не кранаем па кожным пешаходным пераходзе, — распавядае Дзмітрый.

b03e18d7_e957_4249_a8a4_b955edfe34b2.jpg


— У той час, калі ў горадзе маецца столькі праблем, архітэктар зазірае за чужыя платы, — кажа Валянціна. — Прытым, я спытала, ці не сорамна ёй цяпер займацца гэтым плотам. Яна адказала, што не сорамна і што для нас і так шмат чаго робіцца. Толькі пытанне: дзе і як робіцца?
Згодна з прадпісаннем, якое было выдадзена 30 снежня, сужэнцы мусілі зафарбаваць плот праз суткі. Валянціна папрасіла адцягнуць гэты тэрмін да 5 студзеня: «Сказалі, калі не выправім, трэба прыходзіць у выканкам, каб скласці на нас пратакол». У выніку, сужэнцы не сталі зафарбоўваць плот — і на іх склалі пратакол, пасля чаго справу перадалі ў суд.
— Суд па гэтай справе прайшоў у студзені. Трэба адзначыць, што павестку мы пабачылі толькі за дзень да суда, — кажа Валянціна.
У тыя дні быў галалёд, таму Валянціна наўпрост не змагла б дабрацца да будынку суда. Яна напісала просьбу аб тым, каб пасяджэнне перанеслі. Аднак гэтая просьба засталася без увагі. На судзе прысутнічалі знаёмыя сям’і, якія запісалі на дыктафон тое, што там адбывалася. Паколькі былі яўныя нестыкоўкі, суддзя аправіла справу на дапрацоўку.
У пачатку лютага сям’я даведалася, што, аказваецца, 14 студзеня на іх склалі пратакол па 23.34, а малюнак на плоце быў прызнаны пікетаваннем.
— У пратаколе было напісана, што ва неўсталяваны перыяд часу на нашым двары было праведзена пікетаванне з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам, — распавядае Дзмітрый. — Мы заключылі дамову з адвакатам, падрыхтавалі хадайніцтва ў суд па трох пунктах. Па-першае, міліцыя заўважыла малюнак не ў студзені, а ў лістападзе, таму яны наўпрост не маглі прыцягнуць нас па гэтым артыкуле. Па-другое, мы напісалі, што, згодна з законам аб дзяржаўнай сімволіцы ад 1991 года, герб «Пагоня» выглядае інакш, чым выява, якая была на плоце ў падворку. А таксама нагадалі, што была праведзена праверка, згодна з якой не было выяўлена парушэнняў у добраўпарадкаванні тэрыторыі.

d71357f5_803a_48ce_b7ee_f6dab82956bf.jpg


У выніку суд палічыў, што Валянціна Яшчанка правяла масавае мерапрыемства — пікетаванне, на правядзенне якога не было атрымана адпаведнага дазволу Калінкавіцкага райвыканкаму. Суд па гэтай справе пераносіўся двойчы. Урэшце Валянціну прызналі вінаватай і аштрафавалі на 10 базавых велічынь.
— Ці сутыкнуліся вы, акрамя ўсяго іншага, падчас працэсу з дыскрымінацыяй вас як людзей з інваліднасцю?
— Я здзівілася, колькі павестак накіравалі ў пустэчу, — распавядае Валянціна. — Я казала, што не магу забіраць іх са скрыні, якая знаходзіцца паміж паверхамі. Яны ж бачылі, што я перасоўваюся на вазку… Прытым, кожны вечар, калі я выязджаю па працы, супрацоўнікі міліцыі суправаджаюць мяне на Ніве, — ззаду ці абганяюць мяне спераду. То-бок, яны ведаюць, дзе я жыву і дзе працую, каб адправіць мне павестку. Мяне выклікалі ў РУУС на трэці паверх, дзе ганак — без пандусу. Па-мойму, гэта здзек!
— Мы мяркуем, што нас так проста не пакінуць у спакоі, — разважае Дзмітрый, — тым больш, адна справа знаходзіцца на дапрацоўцы. Канечне, будзе пастанова, каб мурал прыбраць. Мы вырашылі не чакаць камунальнікаў з фарбамі, пастановаў і штрафаў, таму яго прыбралі. Цяпер наш плот — гэта своеасаблівы чорны квадрат. Мы нічога не парушылі. Гэта наша маёмасць. Ніхто не мае права ўказваць, што нам рабіць у нашым двары, нават калі там нейкім чынам адлюстроўваюцца нашы погляды. Гэта наша права!
— Веснічкі мае так і не знайшлі, якія скралі, калі замалёўвалі плот, — дадае Валянціна. — Дый асабліва нікога і не шукалі, бо ведаюць, хто псаваў маю маёмасць.
Валянціна дадае, што гэта сітуацыя спрыяла моцнаму расчараванню, асабліва ў тых, хто пастаўлены для таго, каб абараняць людзей.
Фота з сямейнага архіва