Маскоўская друкарня адмовілася друкаваць «Народную волю» пасля канфіскацыі накладу

Маскоўская друкарня скасавала дамову з "Народнай воляй" пасля таго, як у рэдакцыю выдання наведаўся АМАП і невядомыя канфіскавалі ўвесь наклад газеты, паведамляе tut.by.

Валанцёры разгружаюць прывезены з Масквы наклад газеты. Фота прадастаўлена супрацоўнікамі «Народнай волі»

Валанцёры разгружаюць прывезены з Масквы наклад газеты. Фота прадастаўлена супрацоўнікамі «Народнай волі»


Гэтая гісторыя пачалася ў канцы жніўня, калі "Народную волю", "БелГазету", "Камсамольскую праўду ў Беларусі" і "Свободные новости плюс" перастаў друкаваць дзяржаўны "Беларускі дом друку", спасылаючыся на паломку абсталявання. З таго часу новыя нумары "Народнай волі" друкаваліся ў Маскве і рабілі доўгі шлях да Мінска. Дастаўляць газету чытачам дапамагалі валанцёры, бо "Белпошта" і "Белсаюздрук" адмаўляюцца распаўсюджваць яе па падпісцы і ў розніцу.
Нумар за 13 лістапада, нягледзячы на ўсе намаганні, да чытачоў не трапіў. Як толькі кур'ер прывёз партыю газет, ля офіса рэдакцыі з'явіліся невядомыя. Пазней у офіс прыйшоў АМАП, наклад газеты быў канфіскаваны, а кіроўца, які яго даставіў, — затрыманы. Якія пытанні ёсць да выдання і на якой падставе была арыштаваная або канфіскаваная партыя газет, супрацоўнікі НВ не ведаюць дагэтуль.
Пазней высветлілася, што кіроўцу, якога затрымалі разам з газетамі, адпусцілі, але яго машына разам з накладам "Народнай волі" і іншым грузам засталася ў Ленінскім РУУС. Каб высветліць, хто былі тыя людзі, якія прыходзілі ў рэдакцыю і на якой падставе яны забралі наклад, выданне звярнулася з афіцыйным лістом ва ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску.
Пакуль рэдакцыя разбіралася з канфіскаваным накладам, стала вядома, што маскоўская друкарня, якая друкавала апошнія нумары газеты, скасавала дамову прадастаўлення паслуг "Народнай волі". Больш за тое, да друкарні ўзніклі пытанні ў Расспажыўнагляду — ён прыпыніў дзейнасць друкарні на 20 дзён, паведаміў галоўны рэдактар газеты "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч.
Яшчэ тры маскоўскія друкарні адмовіліся супрацоўнічаць з беларускім выданнем — "баяцца страціць бізнес", кажа менеджар па рэкламе "Народнай волі" Анастасія Шаркевіч.
— Многія нашы чытачы і падпісчыкі — гэта людзі старэйшыя за 60 гадоў. Мы ім асабіста дастаўляем газеты. Яны кажуць, што для іх гэта праменьчык святла. Некаторыя нашы валанцёры едуць у вёскі за 200-300 км, каб даставіць пенсіянерам газету. Цяпер яны пазбавяцца газеты, — дзеліцца Анастасія Шаркевіч.