Мікола Дзядок: Мы мусім умацоўваць давер між сабой — гэта смяротная небяспека для сістэмы

Днямі стала вядома, што палітвязня і колішняга аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка паставілі ў СІЗА на прафілактычны ўлік. Нам удалося запытацца ў Міколы, які з 11 лістапада знаходзіцца за кратамі, пра ціск, які на яго аказваюць, і пра тое, якім ён бачыць далейшае развіццё сітуацыі ў Беларусі.

Мікола Дзядок. Фота з фэйсбука

Мікола Дзядок. Фота з фэйсбука


«Настрой добры, здароўе таксама больш-менш, датычна ціску — усё як заўжды: пераводы з СІЗА ў СІЗА, з камеры ў камеру, абмежаванне лістоў, перашкоды ў сустрэчах з адвакатам», — апісвае Мікола сваё цяперашняе становішча.
Нагадаем, 11 лютага вязня перавялі з СІЗА на Валадарскага ў Мінску ў СІЗА Жодзіна, а з 26 лютага ён зноў знаходзіцца на «Валадарцы». Лісты ад родных і калег да яго даходзяць нестабільна, зваротныя пасланні ад Міколы таксама не прапускаюць.
З чым звязаны перавод з аднаго СІЗА ў іншае, вязень дакладна не ведае, але мяркуе, што гэта, хутчэй за ўсё, проста дробная шкода, каб адчуў цяжкасць этапу і жодзінскага рэжыму.
Апошнія два месяцы па яго крымінальнай справе фактычна няма ніякіх зрухаў. Нагадаем, палітвязень знаходзіцца пад вартай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»), у студзені яму працягнулі тэрмін арышту да 12 сакавіка.
Мікола зазначае, што інфармацыя да яго даходзіць вельмі сціпла, хаця «Новы Час» яму перадаюць.
«Больш за ўсё ўзрадавалі самаарганізацыя ў дварах, праект BYPOL і адмена Чэмпіяната свету па хакеі», — пералічвае Мікола Дзядок навіны, якія яго ўзрушылі.
Крымінальны канвеер, што разгарнуўся ў апошнія месяцы ў Беларусі, вязень характарызуе як «поўную палітызацыю судовых працэсаў і прававы дэфолт».
«Я лічу, што рэжым плануе пачаць гандаль палітвязнямі за зняцце санкцый і крэдыты, але гэтым разам стары нумар можа ўжо не атрымацца», — перакананы ён.
Мікола зазначае, што чакае другой хвалі пратэстаў.
«Чым яны скончацца, пакуль гаварыць рана, але навідавоку паступовы распад дзяржаўнай машыны. Гэта дае надзею на перамогу ў агляднай будучыні. Наша сітуацыя найбольш падобная да сітуацыі ў Польшчы, калі ў 1983-м годзе ў краіне ўвялі ваеннае становішча, а ўжо ў 1989-м наменклатура пачала саступаць, бо не бачыла перспектыў жыцця ў расколатым грамадстве. Мы пройдзем гэты шлях куды хутчэй. Я лічу, што вырашальным стануць сканчэнне грошай у бюджэце і эканамічныя пратэсты».
Але рэпрэсіі, на яго думку, будуць працягвацца, бо рэжым усё гэтак жа адчувае небяспеку, а сціхнуць яны могуць толькі са спыненнем існавання гэтага рэжыму.
«Усе дзеянні карнікаў накіраваны ў бліжняй перспектыве — каб запалохаць, а ў далёкай — каб падарваць давер між людзьмі. У турме, якая з'яўляецца копіяй грамадства ў мініяцюры, гэта асабліва заўважна, — адзначае Мікола Дзядок. — Як на волі, так і ў турме праз аператыўную працу між людзьмі сеюцца спрэчкі, інтрыгі, недавер, каб кожны падазраваў у кожным правакатара ці цынічнага эскапіста. З гэтага вынікае, што мы мусім умацоўваць давер між сабой, бо вялікія групы людзей, якія давяраюць адно аднаму і здольныя артыкуляваць свае інтарэсы — гэта смяротная небяспека для сістэмы».
Хто такі Мікола Дзядок?
Мікалай Аляксандравіч Дзядок — блогер, які піша і здымае відэа на грамадска-палітычныя тэмы, журналіст, актывіст анархічнага руху.
Быў затрыманы позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні Міколу моцна збілі, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліка МУС.
Пасля затрымання адвезлі ў Мінск ў ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі — збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. Ад Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на вул. Валадарскага.
Мікалаю Дзядку прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 КК РБ — «Арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Раней Мікалай Дзядок ужо быў палітычным зняволеным. 3 верасня 2010 года ён быў затрыманы па справе аб «нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі». Быў абвінавачаны таксама ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі каля Генеральнага штабу Узброеных сіл Беларусі. 27 траўня 2011 года яго асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі. Адбываў пакаранне ў магілёўскай турме № 4, шклоўскай і бабруйскай калоніях. У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да заканчэння тэрміну, на яго завялі новую крымінальную справу за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». 26 лютага 2015 года суд працягнуў зняволенне на 1 год і 3 дні. Перавялі ў папраўчую калонію № 9 у Горках. Вызвалены праз памілаванне.
Лістуйце Міколу Дзядку на адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.