Мінчука асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за відэа ў бот тг-канала і за марыхуану, якую ён выдаў падчас ператрусу

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 15 кастрычніка да трох з паловай гадоў асудзілі 32-гадовага намесніка дырэктара па вытворчасці Андрэя Трусава. Яго асудзілі за «дапамогу ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 КК) і за «захоўванне наркатычных сродкаў» (ч. 1 арт. 328 КК). Следства і пракуратура абвінавачвала Трусава таксама па ч. 1 арт. 329 КК («Вырошчванне наркатычных сродкаў»), але суддзя апраўдаў яго па гэтым артыкуле з прычыны недаказанасці віны. Мінчука затрымалі 26 траўня як «памагатага ў арганізацыі акцый пратэсту» за тое, што ён адправіў у прызнаныя «экстрэмісцкімі» тэлеграм-каналы відэа перамяшчэння спецтэхнікі сілавікоў па праспекце Незалежнасці і адправіў паведамленне з назвай спецтэхнікі. Але падчас ператрусу ў Трусава знайшлі каля двух грамаў марыхуаны, якія ён сам выдаў сілавікам пры ператрусе. Панятымі пры ператрусе, які праводзілі супрацоўнікі КДБ, выступілі 22-гадовыя афіцэр і вайсковец, аднак на судзе не агучылі, як яны трапілі на працэсуальнае дзеянне да Трусава. Прысуд вынес суддзя Дзмітрый Карсюк па запыце пракурора Арцёма Цвяткова, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Ілюстрацыйнае фота з марша 1 лістапада 2020 года Фота: BelaPAN / Reuters

Ілюстрацыйнае фота з марша 1 лістапада 2020 года Фота: BelaPAN / Reuters


У чым абвінавацілі Трусава?

Паводле версіі абвінавачання, Андрэй Трусаў «аказаў садзейнічанне арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і якія адбыліся ў горадзе Мінску 1 лістапада мінулага года. А менавіта перадаў арганізатарам дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, адміністратарам прызнаных «экстрэмісцкімі» тэлеграм-каналаў інфармацыю аб перамяшчэнні супрацоўнікаў АУС і спецыяльнай тэхнікі супрацоўнікаў АУС, а таксама пра назву тэхнікі супрацоўнікаў. Тым самым, на думку абвінавачання, ён стварыў умовы для здзяйснення злачынства па артыкуле 342 КК. Трусаў ажыццявіў відэаздымку каля 17 гадзін 1 лістапада 2020 года перамяшчэння супрацоўнікаў АУС і спецтэхнікі на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Такім чынам, абвінавачанне Андрэю Трусаву па ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 КК («Сайдзейнічанне арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») складаецца ў тым, што ён паслаў відэа з перамяшчэннем сілавікоў па Мінску ў чат-боты тэлеграм-каналаў і адправіў тэкставае паведамленне з назвай спецтэхнікі — «БТР». Але гэтая інфармацыя ў выніку не была апублікаваная на канале.
Сутнасць абвінавачанняў па частках 1 артыкулаў 328 і 329 КК складаецца ў тым, што Трусаў «вырошчваў наркатычную расліну з мэтай яе збыту і ўжывання». Трусаў выгадаваў не менш за тры парасткі з дапамогай абсталявання корпуса персанальнага камп'ютара, святла і іншага неабходнага абсталявання для вырошчвання канопляў. Таксама наркатычнае рэчыва захоўваў у сваім аўтамабілі.
Віну абвінавачаны прызнаў цалкам.
Затрымалі Трусава 26 траўня. Ад дачы паказанняў на судзе ён адмовіўся, але пагадзіўся адказваць на пытанні.

Што кажа пра абвінавачанне Трусаў?

Паводле пратакола допыту, Андрэй Трусаў прызнаў віну па артыкуле 342 КК у поўным аб'ёме. Па арт. 328 КК — часткова, бо скрутак з марыхуанай 1.9 грамаў не перавозіў, проста размясціў у той жа дзень у машыне незадоўга да ператрусу. Паводле слоў абвінавачанага, ён прарасціў марыхуану да 2020 года для асабістага спажывання, не для распаўсюду.
Падчас удакладняючых пытанняў суддзі і пракурора ён пацвердзіў, што прарошчваў у сістэмным блоку насенне марыхуаны. У канфіскаваным гаршчку было насенне, але яно не прарасло. Скрутак рэчыва, які знайшлі, вырасціў сам. Насенне ўзяў у Асіповіцкім раёне. Паводле слоў абвінавачанага, у машыну кінуў скрутак у момант затрымання, ні пра якую перавозку не было і гаворкі.
На ператрусе Трусаў сам паказаў, дзе знаходзяцца забароненыя сродкі. Паводле слоў Трусава, ён адправіў адно-тры паведамленні, аднак нічога не было апублікавана. У нікнэйме абвінавачанага ў Тэлеграме была абрэвіятура «b.a.c.a.».
На судзе абвясцілі яўку з павіннай, якую Трусаў напісаў пасля затрымання. Згодна з ёй, на працягу трох-чатырох гадоў ён перыядычна ўжываў марыхуану, якая расла паблізу вёскі каля яго дома ў Асіповіцкім раёне.
У яўцы з пакаяннем ён пацвердзіў, што адправіў інфармацыю ў чат-бот аб перамяшчэнні спецтэхнікі. На Аliexpress замовіў БЧБ-сцяг, бо падвергнуўся дэструктыўнаму ўплыву тэлеграм-каналаў. Таксама ён быў удзельнікам чата «Атрад грамадзянскай самаабароны», дзе абраў ролю кіроўцы дзеля цікавасці.

«Нікнэйм маю з часоў фанацкага руху МТЗ РІПА»
На судзе Трусаў сказаў, што фармулёўку ў яўцы з павіннай пра «дэструктыўныя каналы» падказалі супрацоўнікі.

«Падчас ператрусу Трусаву стала дрэнна, выклікалі "Хуткую"». Што гаварылі сведкі?

На судзе дапыталі брата Трусава, які сказаў, што нічога не ведаў пра забароненыя рэчывы, якія знайшлі ў брата, як і пра ўцягванне яго ў палітыку. Ён ахарактарызаваў брата як вельмі станоўчага, працавітага і адказнага чалавека.
На працэсе таксама дапыталі панятых, пры якіх падчас ператрусу знайшлі забароненыя сродкі. Ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ. Панятымі пры гэтым былі афіцэр і вайсковец, але на судзе не агучылі, як іх запрасілі да Трусава для правядзення працэсуальных дзеянняў.
Адным з панятых аказаўся 22-гадовы афіцэр Труш Віктар Васільевіч. Паводле яго слоў, у кватэры былі скруткі з рэчывам, пісталет, улёткі фанацкія. Падчас ператрусу Трусаву стала дрэнна, выклікалі «Хуткую», калі яму стала лепш, то ён сам паведаміў, дзе знаходзяцца забароненыя рэчывы.
Другім панятым быў 22-гадовы вайсковец з 49-й радыётэхнічнай брыгады Алег Улазаў. Ён распавёў на судзе, што ператрус праводзіўся ў кватэры, падвале і машыне. У кватэры вырошчваліся наркатычныя рэчывы. Абвінавачаны усё цалкам распавядаў: спажываў сам, не прадаваў. Трусаў добраахвотна паказаў, што яшчэ ў машыне ёсць скрутак.
Суд пастанавіў азнаямленне з пісьмовымі доказамі па справе зрабіць закрытым, бо яны ўтрымліваюць матэрыялы з «экстрэмісцкіх» крыніц.

Чым усё скончылася?

Справу разгледзелі за адзін дзень: раніцай пачалося судовае следства, а ў 15 гадзін ужо агучылі прысуд. Пракурор Арцём Цвяткоў прапанаваў пакараць Андрэя Трусава 2,5 гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму: па ч.1 арт. 329 КК — адзін год калоніі, па ч. 1 арт. 328 КК — 2 гады, па ч. 6 арт. 16 арт. 342 КК — 2,5 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Адвакат: Крымінальная справа па артыкуле 328 КК не павінна была нават узбуджацца

Абаронца Трусава падчас судовых спрэчак звярнуў увагу, што, згодна з матэрыяламі справы, Трусаў быў затрыманы па падазрэнні па артыкуле 342 КК, гэта значыць на момант затрымання ён не з'яўляўся падазраваным па артыкуле 328 КК. Ён добраахвотна паведаміў, дзе знаходзяцца ў кватэры наркатычныя рэчывы. Да ператрусу ў машыне ён таксама самастойна паведаміў пра наркатычны сродак. Таксама па яўцы з пакаяннем ён цалкам прызнаў віну па ч. 1 арт. 328 КК. Як адзначае адвакат Трусава, згодна з законам, асоба можа быць вызваленая ад пакарання, калі яна добраахвотна здала наркатычныя сродкі і садзейнічала выкрыццю. Гэта безумоўнае абгрунтаванне згодна з законам, а не паводле меркавання суддзі. Як сцвярджаў адвакат на працэсе, крымінальная справа па артыкуле 328 КК не павінна была нават узбуджацца.
«Па артыкуле 329 КК не адмаўляем наяўнасць злачынных дзеянняў: ён сапраўды вырошчваў».
Як адзначае адвакат, Трусаў паказаў на тое, што яму не было вядома пра дазвол аб масавым мерапрыемстве, ён дзейнічаў па сваёй ініцыятыве, яму невядома, якія ўмовы ён стварыў «для злачынных дзеянняў» — а менавіта так гучыць пазіцыя абвінавачання. Ён проста зрабіў відэа, без якой-небудзь ацэнкі, і адправіў праз 40 хвілін, ён не ведаў, ці актуальная гэтая інфармацыя на момант адпраўкі. Сама па сабе гэтая інфармацыя нейтральная, ніхто не ўстанавіў, што Трусаў меў намер садзейнічаць менавіта «злачынным дзеянням».
«Паводле арт. 342 КК у матэрыялах справы няма аніводнага прысуду ў дачыненні да арганізатараў злачынства. Пра якую дапамогу тады можа ісці гаворка? У такім кантэксце, мяркую, што склад злачынства адсутнічае».
Але суддзя Карсюк не прыслухаўся да аргументаў адваката. Суддзя зняў з Трусава абвінавачанні па ч. 1 арт. 329 КК, але прызначыў менавіта такі тэрмін пакарання, якога патрабаваў пракурор. Па сукупнасці злачынстваў Трусава прысудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.