Міністэрства інфармацыі блакуе сайт «Вясны»

Наведвальнікі сайта spring96.org, якія працуюць у дзяржаўных установах, ад сённяшняга дня не змогуць адчыніць інфармацыйны рэсурс Праваабарончага цэнтра «Вясна». На маніторы адразу ўзнікае надпіс: «Ресурс заблокирован в соответствии с законодательством РБ».

viasna_sait_1.jpg


Хутчэй за ўсё, сайт «Вясны» з 27 траўня ў чарговы раз унесены ў спіс абмежаванага доступу для карыстальнікаў ў дзяржаўных установах, установах адукацыі і культуры і заблакаваны некаторымі правайдэрамі.

У мінулым годзе, з 1 студзеня ў Рэспубліцы Беларусі ўступіў у сілу дапоўнены Закон аб сродках масавай інфармацыі, згодна з якім інтэрнэт-сайты могуць быць заблакаваныя пры размяшчэнні неналежнай інфармацыі. Гэтая працэдура прадугледжвае папярэдняе вынясенне двух папярэджанняў, аднак па рашэнні Міністэрства інфармацыі доступ можа быць абмежаваны і за аднаразовае парушэнне заканадаўства.
Прычым прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі не агалошваюць спісаў сайтаў, доступ да якіх абмежаваны, і не называюць прычыны іх блакіроўкі.

Для абыходу цэнзуры ў інтэрнеце карыстальнікі могуць выкарыстоўваць магчымасць доступу да заблакаваных рэсурсаў праз іншыя дазволеныя рэсурсы. Як адчыніць заблакаваны сайт — можна падрабязна даведацца тут.

Пра змест асноўных праваабарончых навін – чытайце на старонцы арганізацыі ў facebook.
Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна»