Мяжу з Украінай з пачатку году перасеклі амаль 100 тысяч беларусаў. Што стаіць за гэтай статыстыкай

Дзяржаўная памежная служба Украіны патлумачыла асаблівасці фармавання статыстыкі аб колькасці беларусаў, што ўязджаюць на ўкраінскую тэрыторыю, паведамляе «Свабода».

Акцыя беларускіх эмігрантаў у Кіеве, люты 2021 году

Акцыя беларускіх эмігрантаў у Кіеве, люты 2021 году

«Фактычна мы кажам не пра колькасць грамадзян Беларусі, а пра колькасць фактаў перасячэння мяжы беларусамі. Улічваецца, што нехта з грамадзян Беларусі, напрыклад, некалькі разоў можа перасякаць мяжу. Таму мова выключна пра перасячэнне мяжы», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Паводле яго, за паўгода зафіксавана 96 339 фактаў перасячэння мяжы грамадзянамі Беларусі на ўезд ва Украіну. «І гэта на ўсёй лініі дзяржаўнай мяжы Украіны, а не толькі праз беларуска-ўкраінскую мяжу», — падкрэсліў Андрэй Дземчанка.

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, за аналагічны перыяд 2020 года было зарэгістравана 302 тысячы перасячэнняў мяжы грамадзянамі Беларусі, а за ўвесь мінулы год — 463 тысячы.

«Але варта ўлічваць, што ва Украіне з 15 сакавіка 2020 году былі ўведзеныя каранцінныя абмежаванні, гэта значыць ад пачатку 2020-га да 15 сакавіка паток пасажыраў яшчэ быў дастаткова актыўны і абмежаванняў не было. Бо калі казаць пра 2019 год, то тады было зафіксавана 2 мільёны 339 тысяч перасячэнняў мяжы беларусамі на ўезд ва Украіну».

Андрэй Дземчанка таксама паведаміў, што з пачатку года 11 грамадзян Беларусі пры ўездзе ва Украіну звярнуліся па атрыманне статусу ўцекача або прызнанне асобай, якая патрабуе дадатковай абароны ўкраінскай дзяржавы.


Працу памежных пунктаў пропускаў не спынілі

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіне падкрэслілі, што ўсе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю функцыянуюць «у штатным рэжыме», але пасажыраў істотна не пабольшала.

Памежнікі адзначаюць, што ў сярэднім у дзень праз мяжу з Беларуссю прапускаюць каля 4 тысяч асобаў на ўезд і выезд.


Што папярэднічала

21 ліпеня беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заявілі аб новай вялікай хвалі міграцыі грамадзян Беларусі, якія ўцякаюць ад пераследу, і заклікалі ўлады Украіны стварыць умовы для іх легалізацыі.

«Нягледзячы на тое, што спынена авіяцыйнае злучэнне і практычна немагчыма выехаць з Беларусі па зямлі, ва Украіну цяпер едуць усё больш і больш людзей. Як сведчыць наша практыка, гэта падобна на тое, што адбывалася леташняй восенню», — паведаміла кіраўніца грамадскай ініцыятывы Free Belarus Center Паліна Бродзік.

Паводле яе, з жніўня па снежань 2020 года ва Украіну ўехала 161 тысяча беларусаў, але не ўсе засталіся на ўкраінскай тэрыторыі.

Колькасць беларусаў, якія застаюцца ва Украіне, вызначаецца паводле колькасці зваротаў па атрыманне відаў на жыхарства або статусу ўцекача.

Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны, у 2020 годзе ва Украіну прыбылі 1 018 грамадзян Беларусі, 769 з якіх засталіся на ўкраінскай тэрыторыі, а іншыя з’ехалі. Гэта нязначна адрозніваецца ад вынікаў 2019 году — тады ва Украіну прыбылі 1 075 грамадзян Беларусі і 598 беларусаў засталіся на ўкраінскай тэрыторыі.