«Калі збіралі подпісы ў судзе ў падтрымку Лукашэнкі, я адмовіўся, дый многія». Аповед былога суддзі

У 2015 годзе мне здавалася, што можна неяк увайсці ў сістэму, манеўраваць, пабудаваць карʼеру і не страціць чалавечых якасцяў, застацца ў ладзе з сумленнем. Але ў пэўныя моманты, як летась, сістэма патрабуе ад цябе большага. У жніўні многім давялося выбіраць.

83ca83a9_5f0e_4e0f_85c3_c5b4a800cf6b_cx0_cy35_cw0_w1023_r1_s.webp

33-гадовы Аляксей Пацко пяць гадоў быў суддзём у Пінску. 9 жніўня 2020 году ён зрабіў свой выбар: не караць пратэстоўцаў. Выбар каштаваў яму дорага — страта працы, крымінальны пераслед яго і маці, эміграцыя...

Аляксей Пацко расказаў «Свабодзе» пра тое, ад каго залежаць рашэнні суддзі ў палітычных справах, што адбывалася ў Пінску 9–10 жніўня і як ён выехаў за мяжу. 

Палітыкай можна не цікавіцца тады, калі ты жывеш на хутары ў глухім лесе

Я нарадзіўся і жыў у Пінску. Скончыў юрфак БДУ, вярнуўся ў родны горад. Жанаты, трое дзяцей — ім 3, 6 і 10 гадоў. Да працы ў судзе быў юрысконсультам на розных прадпрыемствах. Спрабаваў рабіць кар’еру.

Не сказаць, каб я не цікавіўся да леташніх выбараў палітыкай. Можна не цікавіцца, калі ты жывеш на хутары ў глухім лесе. Палітыка — прыняцце рашэнняў, якія тычацца ўсяго грамадства. Хочаш не хочаш, а цябе гэта тычыцца. Асабіста я, дый уся мая сям’я ніколі не былі згодныя з уладай.

Але ў 2015 годзе, калі мяне прызначылі суддзёй, была іншая сітуацыя. Была лібералізацыя. Сістэма рабіла спробы палепшыць сябе. Маладых людзей запрашалі на розныя пасады — вось, у вашых руках ёсць магчымасць нешта змяніць, палепшыць.

Мне тады было 28. Я меў максімалісцкія, ідэалістычныя погляды на сістэму. Што можна нешта выправіць у меру сваіх магчымасцяў. На пачатку працы была вялікая адсутнасць палітычнага складніку. 

Пасля «маршаў дармаедаў» і акцый супраць інтэграцыі з Расіяй быў «дыпламатычны ціск»

У 2017 годзе ў Пінску прайшлі, як і ў іншых гарадах, акцыі супраць Дэкрэту №3 «пра дармаедаў». У канцы 2019 года — акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. У горадзе былі выступы нязгодных.

На нас, суддзяў, быў пэўны дыпламатычны ціск. Не загады, як судзіць і колькі даваць, а намёкі і парады ў межах умоўнасцяў. Што гэтыя справы «важныя для грамадства», што «падыдзіце да іх адказна», што «каб было законна». Пры такіх прыгожых фразах рабілася ясна, у чым сутнасць і накіраванасць не зместу фраз, а формы. Фармальна нібыта было парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах. Памятаю, што і я разглядаў справы па ўдзельніках акцый 2017 году. Даваў штрафы.

Змены ў працы суддзяў пачаліся пасля парламенцкіх выбараў 2019 года.

Да таго часу я асабіста, дый іншыя суддзі, былі больш-менш незалежнымі ў прыняцці рашэнняў. Увосень 2019 года ў судах змяніліся старшыні — і ў Пінскім раённым, і ў Берасцейскім абласным. Тады пачаліся змены. Пачалі «закручваць гайкі». Спыніліся, як я называю, «умоўна-дэмакратычныя» практыкі.

З’явілася негатыўная практыка раіцца з вышэйшым кіраўніцтвам, зрабілася больш кантролю з боку начальства. Гэта рабілася пад добрапрыстойнай маркай «якасці і аператыўнасці». Трэба было дакладаць кіраўніцтву — вось такую справу вось так я планую разгледзець. Потым увялі сістэму пазбаўлення прэмій за парушэнне аператыўнасці і якасці.

Бліжэй да выбараў–2020 пачаліся ўзгадненні з кіраўніцтвам па «грамадска значных» артыкулах — карупцыя, наркотыкі, ДТЗ у стане алкагольнага апʼянення. Па такіх артыкулах трэба было начальству даваць інфармацыю і ўзгадняць пакаранне. Гэта не было фармалізавана, у выглядзе загадаў, а так — парады. Бо насамрэч умяшанне ў правасуддзе — гэта крымінальнае злачынства.

Калі збіралі подпісы ў судзе ў падтрымку Лукашэнкі, я адмовіўся, дый многія. І нам нічога не было. Бліжэй да выбараў нам ужо паступіў загад — усім прагаласаваць датэрмінова і даць справаздачу. Я не хадзіў. Лічу, што і прасачыць за ўсімі немагчыма. Гэта проста быў элемент запалохвання. Бо праверыць усе ўчасткі нерэальна.

 

18de5791_017b_4b90_8413_8a717bcd8bd3_w250_r0_s.webp

Мне прапанавалі: «Заўтра давай усім па 15 сутак»

9 жніўня, па сутнасці, было галасаванне пратэсту. Маё атачэнне схілялася больш да Віктара Бабарыкі ці Валера Цапкалы. Але іх не дапусцілі да выбараў. Ціханоўская была альтэрнатывай. Пытанне было ў кансалідацыі і каб галасаваць супраць, а персона была не такая важная. Карацей, гэта магло быць слоганам кампаніі: «Галасуй за любога, апроч адзінага».

9 жніўня была нядзеля. Я быў на працы, і старшыня суду, і ягоны намеснік таксама. Два суддзі былі тады ў адпачынку. Былі на працы ў нядзелю, таму што ўсе ж разумелі, што «нешта будзе».

Яшчэ да выбараў былі затрыманыя назіральнікі і актывісты. Яны былі ў ІЧУ. 10 жніўня, у панядзелак, іх трэба было судзіць. 9 жніўня міліцыянты прынеслі іх справы на праверку. Таму што ў важных справах заўсёды ёсць пытанні аб афармленні, працэсуальных момантах. Там былі такія артыкулы, як непадпарадкаванне, няяўка па позве, дробнае хуліганства.

І кіраўніцтва прапанавала мне заўтра даць ім па 15 сутак. Я сказаў, што не буду ў гэтым удзельнічаць. Пачалося: «Ну ты падумай, у цябе сям’я, дзеці, не гарачыся, супакойся». Я сказаў, што не. Таму, каб судзіць тых людзей, з адпачынку адклікалі іншых суддзяў.

Пра «Пінскую бойню» я ведаю ад непасрэдных удзельнікаў падзей. Калі я 10 жніўня прыйшоў на працу, то міліцыянты актыўна расказвалі, што пратэстоўцы ледзь не ўвесь аддзел міліцыі знішчылі, што шмат міліцыянтаў у рэанімацыі, а адзін нават пры смерці, што гэта былі не жыхары Пінску, а ўкраінцы, якія нелегальна перайшлі мяжу. Але ўсё гэта было няпраўдай. Усе затрыманыя былі пінскія, якія ўкраінцы? Ніхто ў рэанімацыю з міліцыі не трапіў. Для чаго яны гэта гаварылі? Мусіць, каб апраўдаць сваю агрэсію і жорсткасць. 

Затрыманых судзілі з грубым парушэннем нормаў закону

На 10 жніўня ў горадзе была абвешчана спецаперацыя. Дзяржаўных службоўцаў, і нас таксама, адпусцілі з працы ў 16:00 і сказалі ісці дахаты, бо будзе спецаперацыя.

Тады затрымалі, за два дні, недзе 120–140 чалавек. Яны сядзелі ў падвале міліцыі, там ІЧУ знаходзіцца. Іх усіх адразу падазравалі паводле крымінальных артыкулаў. І вось праходзіць 72 гадзіны з затрымання. Трэба іх ці выпускаць, ці выбіраць меру стрымання. І што тады робяць? Іх «перазатрымліваюць» у адміністрацыйных справах, па 23.34. І пачынаюць судзіць.

Складаюць пратаколы, рыхтык як напісана ў пастановах аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці, і судзяць. Але калі ёсць крымінальная справа, нельга даваць адміністрацыйную.

І пачалі выпісваць «суткі», канвеерам, там жа, у падвале міліцыі. Цікава, што адзін чалавек атрымаў штраф, неяк праскочыў. А пазней яго за гэтыя ж дзеянні — «беспарадкі» — пакаралі вялікім тэрмінам калоніі.

Потым асуджаных перавезлі адбываць пакаранне ў калонію ў Івацэвічы, бо не было месца ў ІЧУ.

Калі я адмовіўся караць людзей, са мной адразу спынілася камунікацыя на працы, бо я стаў «небяспечным». Я яшчэ працаваў, разглядаў дробныя побытавыя справы. Потым мяне выклікалі на гутарку ў абласны суд, прасілі падумаць. Але сутнасць размоў была не ў тым, каб я не звальняўся, а каб маўчаў. У мяне якраз падыходзіў да канца пяцігадовы тэрмін прызначэння суддзёй, і я адклікаў свае паперы на перапрызначэнне. У кастрычніку я быў звольнены.

Калі я звальняўся, то старшыня суду сказаў мне, што, па звестках супрацоўнікаў КДБ, мае кантакты шукае Tut.by. Старшыня суду сказаў: «Ты разумееш меру адказнасці?». Намёк мне быў зразумелы. Галоўная задача — каб я маўчаў. Але я даў інтэрвію Tut.by і «Нашай Ніве». Потым старшыня суду напісаў мне ў Viber: «Гэта ты даваў інтэрв’ю, гэта ты так казаў?». Я напісаў, што так. Ну і пачалося. 

Мне казалі: «Ну ты сам усё разумееш»

Я спрабаваў уладкавацца на працу. Хадзіў на тыя прадпрыемствы, дзе раней працаваў, на іншыя. Усюды была адмова. Спрабаваў пайсці ў адвакатуру. Мне сказалі, што асабіста на цябе стаіць забарона. На іншых прадпрыемствах казалі: «Ну ты сам усё разумееш». Восенню мяне не «бралі», бо ім тады было не да мяне — трэба было тушыць вогнішча.

Я дапамагаў людзям юрыдычнымі парадамі, бясплатна. Мне дапамаглі неабыякавыя беларусы фінансава выстаяць у той цяжкі перыяд.

Мая маці працавала адвакатам. І яна ўзяла мяне да сябе памочнікам.

Літаральна праз пару дзён прыйшла падатковая з праверкай. Мне прад’явілі, што я нібыта займаюся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, аказваю адвакацкія паслугі, хоць гэта было не так.

Потым КДБ пайшоў па маіх знаёмых — каб яны далі паказанні, што насамрэч не мая маці дапамагала ім як адвакат, а я. Людзі адказвалі, што нам дапамагала Тацяна Юр’еўна, а супрацоўнікі КДБ ім: «Не, вы нас не разумееце, вам дапамагаў Аляксей Васілевіч. Падумайце, у вас сям’я, дзеці».

Потым мне паступіла інфармацыя, што пачалі варушыць мае старыя справы ў судзе, нешта там аналізаваць. Я зразумеў — па мяне прыйшлі. Кола сціскаецца. Я з’ехаў ва Украіну. І я іх апярэдзіў. Бо літаральна праз два дні па месцы майго жыхарства, да маёй маці і сястры, прыйшлі з ператрусам. Пастанову на ператрус паказалі так, што ніхто не зразумеў — што, за што. Здаецца, гаворка ішла пра артыкул 380 Крымінальнага кодэксу (падробка дакументаў).

 

2f73d4ff_1b92_4c37_9a87_c158dea43647_cx0_cy35_cw100_w650_r1_s.webp

Потым прыйшлі па маю маці

На ператрусе прысутнічаў намеснік пракурора. Ён намякаў маці пра крымінальную справу, што ў яе будуць праблемы. Мусіць, калі яны зразумелі, што мяне няма ў краіне, то змянілі вектар. Праз два дні мы эвакуявалі маці. А праз дзень даведаліся, што на яе распачалі крымінальную справу. Пэўнай інфармацыі няма, але, здаецца, паводле артыкулу 427 (службовы падлог). Каб ведаць, за што нас абвінавачваюць, мы мусілі б застацца. Ну і ў СІЗА ўжо пачыталі б, у чым мы «вінаватыя».

Цяпер мы, пры такім «правасуддзі», ніяк не зможам апраўдацца. Бліжэйшым часам мы наўрад ці зможам вярнуцца ў Беларусь. Ва Украіну цяпер пераехалі мая жонка і дзеці. Нам тут дапамаглі і беларусы, і ўкраінцы. Самае галоўнае — што мая жонка, дзеці цяпер у бяспецы. Натуральна, гэты вымушаны пераезд — стрэс, выхад з зоны камфорту. Але няма сэнсу пра нешта шкадаваць. Неяк разбяромся. Галоўнае — мы разам. 

Беларусы, якіх я сустрэў ва Украіне, — гэта цвет нацыі

Ва Украіне я сустрэў вельмі шмат беларусаў. Маладыя, крэатыўныя, адукаваныя, энергічныя... Гэта пісьменнікі, акторы, журналісты, прадпрымальнікі. Гэта проста цвет нацыі! Не нейкія там маргіналы. А ў іх крымінальныя справы!

Я як падумаю, што са жніўня з’ехалі тысячы людзей, адукаваных, разумных. Найлепшыя людзі! Проста дзіву даешся, што такія людзі не патрэбны краіне. Пра што тады гаварыць? Гісторыя не скончаная. Я ведаю шмат людзей, якія хочуць з’ехаць, але пакуль не могуць.

У 2015 годзе мне здавалася, што можна неяк увайсці ў сістэму, манеўраваць, пабудаваць карʼеру і не страціць чалавечых якасцяў, застацца ў ладзе з сумленнем. Але ў пэўныя моманты, як летась, сістэма патрабуе ад цябе большага. У жніўні многім давялося выбіраць.

Ужо нельга было схітраваць і застацца ў сістэме, абысці вострыя вуглы. Выбар быў — ці так, ці так.

У мяне ёсць надзея на вяртанне дахаты. Калі зменіцца ўлада. У новай краіне мы дакажам сваю невінаватасць. Бо абвінавачанні абсурдныя. Цяпер нешта даказваць не мае сэнсу.

Калі скрынка ад тэлевізара на балконе — пікет, шкарпэткі ці стужкі — пікет? І за гэта караюць «суткамі»?

Дарэчы, у розных тэлеграм-каналах пішуць пра суддзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды. Але ніхто не піша пра старшынь судоў — а менавіта яны цяпер «кіруюць» правасуддзем. А імі кіруе абласны суд. А абласным судом, напэўна, КДБ.

 «Радыё Свабода»